Міхал Іванавіч Шымялевіч (1879-1969)
Гісторык, краязнаўца, грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся 18.10.1879 у вёсцы Пеляса (зараз – Воранаўскі раён).
Скончыў Лідскую павятовую вучэльню.
З 1901 года працаваў ў лідскай судова-міравой акрузе памочнікам сакратара. Захапіўся вывучэннем гісторыі роднага краю. Як малады даследчык-аматар атрымаў грант ад гістарычнага таварыства на атрыманне прафесійнай адукацыі.
З 1905 па 1908 год навучаўся ў Ягелонскім універсітэце (Кракаў).
Вярнуўшыся ў Ліду, працягваў займацца краязнаўствам ужо на прафесійным узроўні.
Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Быў адным з заснавальнікаў створанага ў Лідзе ў 1906 годзе сельскагаспадарчага таварыства.
З 1910 года працаваў прысяжным павераным (натарыўсам).
У 1915-1918 гадах знаходзіўся ў эвакуацыі ў Расіі.
Пасля вяртання на радзіму актыўна уключыўся ў грамадскае жыццё. Увайшоў у 1922 годзе у склад Лідскага павятовага самакіравання. У 1926 годзе ўступіў у мясцовы аддзел Таварыства беларускай школы і ў 1927 годзе быў абраны ў Гарадскую раду ад гэтай арганізацыі.
У 1936-1939 гадах быў сябрам рэдакцыйна-выдавецкага камітэта мясцовай газеты «Лідская зямля», дзе апублікаваў каля 30-ці краязнаўчых артыкулаў.
13 красавіка 1940 года разам з жонкай і малодшай дачкой быў вывезены саветамі ў Паўночны Казахстан.
У 1943 годзе за антысавецую дзейнасць атрымаў 10 гадоў лагераў.
20 сакавіка 1948 года па амністыі быў рэпатраваны ў Польшчу.
Жыў у Сопаце, дзе і памёр 11 студзеня 1969 года.
Аўтар шэрагу артыкулаў па краязнаўстве Шчучыншчыны («Нарысы да манаграфіі Жалудка», «Алхімік з Шайбакполя»), даследаваў каштоўныя гістарычныя крыніцы ў архівах маёнткаў Вялікае Мажэйкава і Ішчална, якія былі беззваротна страчаны пад час Другой усясветнай вайны.