Сафія Шуазёль-Гуф'е (з Тызенгаўзаў) (1790-1878)
Пісьменніца, мемуарыстка. Лічыцца першай пісьменніцай Літвы.
Нарадзілася ў 1790 годзе ў Жалудку ў сям'і Ігнацыя Тызенгаўза і Марыяны Пшэздзецкай. Неўзабаве бацькі развяліся, а Сафія правяла дзяцінства ў сям'і сваякоў Марыконісаў, якія мелі маёнтак пад Вільняй.
У 1801 годзе Ігнацы Тызенгаўз скончыў будаўніцтва новай сядзібы ў Рокішках, куды забраў на выхаванне сваю дачку. Дзяўчынка атрымала добрую хатнюю адукацыю: дасканала ведала французскую мову, шмат чытала, знакаміты мастак Ян Рустэм вучыў яе жывапісу.
У 1812 годзе Сафія пазнаёмілася з расійскім імператарам Аляксандрам І і стала фрэйлінай імператрыцы. Пад час руска-французскай вайны Сафія сустрэлася на балі ў Вільні з Напалеонам, які быў уражаны яе высакароднымі паводзінамі.
У 1818 годзе Сафія пабралася шлюбам з сынам французскага дыпламата. Хросным бацькам іх сына стаў імператар Аляксандр І.
Сям'я на стала пераехала ў Францыю. Сафія захапляецца літатратурнай творчасцю. Яна шмат падарожнічае па Еўропе, знаёміцца з Аляксандрам Дзюма і іншымі французскімі пісьменнікамі.
Ужо ў 1818 годзе у Парыжы пабачыла свет яе першая кніга – «Палякі на востраве Сан-Дамінга». Піша і выдаецца на французскай мове, таму яе творы сталі больш папулярнымі ў Францыі, а не на радзіме. Найбольш вядомымі і запатрабаванымі сярод чытачоў сталі яе «Успаміны графіні Шуазёль-Гуф’е аб імператары Аляксандры І і імператары Напалеоне І».
Пасля смерці мужа пісьменніца на стала жыла ў маёнтку Плацяляй на беразе аднайменнага возера ў заходняй Літве.
Апошнія гады правяла на поўдні Францыі. Памерла ў Ніцы 28.05.1878, вечны спачын знайшла на парыжскіх могілках Манмарансі.