Напалеон Казіміравіч Чарноцкі (1866-1937)
Беларускі публіцыст, перакладчык, урач.
Нарадзіўся 13.07.1866 у вёсцы Нача (зараз – Ляхавіцкі раён).
У 1887 годзе скончыў Слуцкую гімназію.
Паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. За ўдзел у хваляваннях 1890 года быў выключаны з універсітэта і сасланы ў маёнтак бацькі пад нагляд паліцыі. Праз некаторы час здолеў вярнуцца да навучання. У 1894 годзе скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта.
Працаваў урачом на Беларусі – у Міры, Іўі, Нясвіжы, Навагрудку і Свіслачы. Падтрымліваў цесныя стасункі з дзеячамі Польскай Сацыялістычнай Партыі, якім дапамог перавезці падпольную друкарню.
У 1904 годзе быў змабілізаваны на Маньчжурскі фронт. У 1908 годзе эміграваў у Канаду, дзе спрабуе наладзіць вырошчванне лекавых раслін. Паралельна займаецца перакладамі. У 1910 годзе былі выдадзены ў яго перакладзе на беларускую мову п'есы «Сватаўство» А. Чэхава і «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага, брашура «Як будзе з зямлёю?».
У 1912 годзе вяртаецца на радзіму. З пачаткам Першай усясветнай вайны быў прызваны на фронт у якасці вайсковага лекара. 3 1918 года працуе лекарам у Вільні. У 1928 годзе выдаў у Вільні краязнаўчы артыкул «Батлейка з ваколіц Начы». 3 1928 года працаваў лекарам на Валыні.
У 1931 годзе перабраўся ў Ліду, дзе працаваў галоўным лекарам у сацыяльнай страхавой касе. У 1934 годзе пакінуў лекарскія заняткі. Пасяліўся ў вёсцы Вялікая Лябёдка (зараз – Шчучынскі раён). Заснаваў плантацыю лекавых раслін, якая ў далейшым стала асновай для стварэння вытворчай базы саўгаса «Вялікае Мажэйкава», што спецыялізуецца на вырошчванні сыравіны для фармацэўтычных прадпрыемстваў.
Памёр 14.02.1937. Пахаваны на могілках у Скрыбаўцах.