Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853)
Навуковец-заолаг, заснавальнік айчыннай арніталогіі.
Нарадзіўся ў 03.06.1786 годзе ў Жалудку (зараз – Шчучынскі раён).
Пачатковую адукацыю атрымаў у Варшаве. Навучаўся прыродным навукам у Віленскім універсітэце.
У Варшаве наведваў урокі малявання ў такіх майстроў як Норблін і Арлоўскі.
У ваенную кампанію 1812 года Канстанцін і яго старэйшы брат Рудольф усталі пад штандары Напалеона. У 1813 году Канстанцін быў узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна.
Пасля паразы французскага войска ў 1814 годзе Канстанцін застаўся жыць у цэнтральнай Францыі, пасля перабраўся ў Нямеччыну.
Пасля амністыі вяртаецца на радзіму. Родавы маёнтак Жалудок застаўся за братам Рудольфам, а Канстанціну дасталася мястэчка Паставы з навакольнымі землямі. Менавіта пры ім быў дабудаваны палац, закладзены яшчэ Антоніем Тызенгаўзам у сярэдзіне XVIII стагоддзя.
Асноўным заняткам для яго стала заалогія, галоўным чынам – арніталогія. Канстанцін ездзіў у экспедыцыі па Беларусі, у Карпаты, Бесарабію, на ўзбярэжжа Чорнага мора. У 1829 і 1844 гадах наведваў Парыж і Вену, у 1841 – Дрэздэн, Мілан і Венецыю, у 1851 годзе пабываў у Берліне. За няпоўныя 40 гадоў ён сабраў вялізную калекцыю: каля 3000 птушак з усяго свету, а таксама значную колькасць птушыных яйкаў.
Напісаў шэраг дасканалых навуковых прац: «Асновы арніталогіі, навукі аб птушках», «Агульная арніталогія, або апісанне птушак усіх частак Свету», «Каталог птушак і млекакормячых ВКЛ і Каралеўства Польскага», падрыхтаваў ілюстрацыйныя табліцы да працы «Заалогія польскіх птушак».
Яшчэ пры жыцці быў прыняты ў сябры Навуковага Кракаўскага таварыства, Львоўскага сельскагаспадарчага таварыства і іншых навуковых устаноў па ўсёй Еўропе: у Парыжы, Варшаве, Рызе, Берліне і Дрэздэне.
Памёр 16.03.1853 (па іншых звестках – 28.03.1853) у Паставах.