Ігнацы Сцыпіё дэль Кампа (1728-1791)
Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, уладальнік Шчучына.
Нарадзіўся ў 1728 годзе ў сям’і ўладальнікаў Шчучына Юзафа Сцыпіё дэль Кампа і Веранікі з роду Фірлеяў.
Яго настаўнікам быў вядомы гісторык-архівіст і правазнаўца Мацей Догель. У 1745-46 гадах вучыўся за мяжой у Лейпцыгу, наведаў Рым і Парыж.
Па смерці бацькі Ігнацы атрымаў пасаду Лідскага старасты. У 1748 годзе быў першы раз абраны дэпутатам на сойм ад Лідскага павета.
У 1755 годзе пабраўся шлюбам з Марыянай Вадзіцкай.
У 1756 годзе ініцыяваў перанос калегіума піяраў з Воранава ў Ліду.
У 1758 годзе фундаваў будаўніцтва ў Лідзе касцёла святога Юзафа.
У 1759 годзе атрымаў званне генерал-маёра літоўскага войска.
23 мая 1761 года, дзякуючы намаганням Ігнацыя Сцыпіёна, Шчучын атрымаў каралеўскі прывілей на Магдэбургскае права.
Пад час элекцыі караля ў 1764 годзе аддаў голас за кандыдатуру Станіслава Панятоўскага.
9 снежня 1765 года быў прызначаны падстоліем літоўскім.
Прымаў актыўны ўдзел у масонскім руху. Быў братам ложы «Вялікага французкага Усходу», у 1766 годзе ўступіў у шатландскую ложу Брухля.
Фінансаваў выданне «Дыпламатычнага кодэксу» Мацея Догеля.
Кавалер вышэйшых узнагарод Рэчы Паспалітай: Ордэна Святога Станіслава (1776) і Ордэна Белага Арла (1781).
Памёр у 1791 годзе па дарозе ў Варшаву.