Тадэвуш Сечка (1902-1941)
Каталіцкі святар, доктар тэалогіі, гісторык, пробашч касцёла ў Дэмбрава, ахвяра вайны.
Нарадзіўся 25.01.1902 у Лодзі.
Скончыў Гандлёвую купецкую школу ў Лодзі. Навучаўся ў варшаўскай гімназіі імя караля Уладзіслава IV.
У 1918 годзе ўступіў добраахвотнікам у Войска Польскае. Служыў у артылерыі. Прайшоў баявы шлях ад Модліна да Лунінца. Аб сваёй вайсковай службе распавёў у кнізе ўспамінаў ад назвай "Батарэя - агонь!", выдадзенай у Вільні у 1933 годзе пад псеўданімам Станіслаў Стасяк.
У 1924-1929 гадах навучаўся ў Віленскай духоўнай семінарыі.
У 1929 годзе атрымаў святарскае прысвячэнне з рук Віленскага біскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага.
З 1925 года навучаўся ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні. У 1930 годзе абараніў доктарскую працу ў галіне тэалогіі. Займаўся даследаваннем гісторыі Вострай Брамы.
У 1929-1939 гадах служыў у касцёлах у Новай Вілейцы, Вільні, Сакулцы, Радуні, Лапеніцы.
У 1939 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду пробашча касцёла ў Дэмбрава.
З пачаткам Другой усясветнай вайны арганізаваў у Дэмбрава з ліку мясцовых жыхароў групу самаабароны, каб ратаваць парафіян ад нападаў шматлікіх бандаў рабаўнікоў. У кастрычніку 1939 года быў арыштаваны па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці. Утрымліваўся пад арыштам у Шчучыне, потым у турме ў Лідзе. Апошні раз яго бачылі вясной 1941 года ў турме ў Мінску.
Верагодна, загінуў у канцы чэрвеня 1941 года пры эвакуацыі вязняў з Мінску, аднак, не выключана, што быў вывезены ўглыб СССР і пазней закатаваны ў адным з лагераў НКВД.