Яўстах Каэтан Сапега (1881-1963)
Польскі палітык, грамадскі дзеяч, уладальнік сядзібы ў Спушы.
Прадстаўнік княскага роду Сапегаў.
Нарадзіўся 02.08.1881 у Білцы Шляхецкай каля Львова.
У 1900-1904 гадах навучаўся ў Цюрыху на інжынера лясной гаспадаркі.
У 1909 годзе пасля шлюбу з Тэрэзай Ізабэлай Любамірскай асеў на Гродзеншчыне. Гаспадарыў у маёнтку Спуша, дзе пабудаваў прыгожы драўляны дом у закапянскім стылі.
Быў блізка знаёмы з Юзафам Пілсудскім. У 1918 годзе ўзначаліў Камітэт Абароны Крэсув Всходніх. Стаў адным з ініцыятараў дзяржаўнага перавароту з мэтай звяржэння польскага ўраду на чале з прэм'ерам Марачэўскім, за што быў арыштаваны і змешчаны пад хатні арышт.
Прымаў удзел у польска-савецкай вайне.
У 1920-1921 гадах – міністр замежных спраў Польшчы. У 1928-1929 гадах – дэпутат Сейму.
22 верасня 1939 года ў Спушы быў арыштаваны супрацоўнікамі НКВД і скіраваны ў Лубянскую турму. Савецкім судом быў прыгавораны да смяротнага пакарання, якое замянілі на 10 год лагераў. У 1941 годзе быў вызвалены па ўмовах пагаднення Сікорскага-Майскага і эвакуаваны ў Тэгеран. З Тэгерану выязджае ў Кенію.
Памёр у Найробі (Кенія) 20.02.1963.