Ян Півнік (1912-1944)
Адзін з камандзіраў Арміі Краёвай на Шчучыншчыне.
Нарадзіўся 31.08.1912 у вёсцы Яновіцы каля Астраўца-Свентакшыскага (Польшча).
У 1932 годзе пасля заканчэння гімназіі ідзе служыць у школу падхарунжых рэзерву артылерыі ва Уладзіміры-Валынскім.
У 1935-1939 гадах служыў у паліцыі.
У верасні 1939 года трапіў у лагер для інтэрнаваных польскіх вайскоўцаў у Венгрыі. У сакавіку збег з лагера і праз Югаславію і Італію трапіў у Францыю, дзе камандаваў батарэяй цяжкой артылерыі.
Пасля капітуляцыі Францыі Півнік перапраўляецца ў Вялікабрытанію. Прайшоў курс дыверсійнай падрыхтоўкі і ў лістападзе 1941 года быў накіраваны ў Польшчу для арганізацыі падпольнай сеткі. Узначаліў падпольную групу ў Роўна (Украіна), быў арыштаваны паліцыяй, але праз 4 месяцы здолеў уцячы.
У студзені 1943 года ён ажыццяўляе кіраўніцтва акцыяй па вызваленні афіцэраў АК з турмы ў Пінску.
Вясной 1943 года ўзначаліў партызанскую групу ў Светакшыскіх гарах на паўднёвым усходзе Польшчы.
У сакавіку 1944 года яго накіроўваюць на акупаваную тэрыторыю Беларусі. Півнік узначаліў Шчучынскую кампанію Наднёманскага партызанскага злучэння АК. 1 мая Ян Півнік стаў камандзірам утворанага VІІ батальёна 77 пяхотнага палка АК. Пад яго камандай было больш за 700 байцоў.
У чэрвені 1944 года Півнік атрымаў загад кіраўніцтва АК арганізаваць напады на створаныя немцамі ўмацаваныя пункты абароны (stützpunkt). 8 чэрвеня быў атакаваны і знішчаны ўмацаваны пункт каля вёскі Яхнавічы. 16 чэрвеня партызаны атакавалі ўмацаваны пункт каля вёскі Еўлашы. Пад час бою Ян Півнік загінуў.
Узнагароджаны двойчы Крыжам Валечных, ордэнам Virtuti Militarі V і IV ступені. Яго імя носяць вуліцы ў Кракаве, Кельцах і іншых населеных пунктах Польшчы, гімназія у горадзе Бодзентыні.