Ануфры Петрашкевіч (1794-1863)
Паэт-філамат, архівіст, педагог.
Нарадзіўся 26 (14 па Юліянскім календары).09.1794 у фальварку Бурдыкоўшчына.
Скончыў Шчучынскую піярскую школу.
Працаваў гувернёрам. Сярод яго выхаванцаў быў Ігнат Дамейка, які потым стаў адным з самых блізкіх сяброў паэта.
Працягваў адукацыю ў Віленскім універсітэце на факультэце прыродазнаўчых і фізічных навук. У 1817 годзе разам з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашам Занам Ануфрый Петрашкевіч стаў адным з стваральнікаў тайнага таварыства філаматаў.
У 1820 годзе працягвае навучанне ў Варшаўскім універсітэце, у 1821 годзе атрымлівае ступень магістра філасофіі. Быў накіраваны выкладчыкам геаграфіі, натуральнай гісторыі і латыні ў ваяводскую школу Любліна.
У канцы 1822 года вярнуўся ў Вільню. Разам з Міхаілам Рукевічам у Шчучыне пачаў ствараць мясцовую тайную арганізацыю. За ўдзел у тайных таварыствах быў сасланы ў Маскву, дзе як добра падрыхтаваны спецыяліст атрымаў працу ў бібліятэцы ўніверсітэта.
Вестку аб пачатку паўстання 1830-31 гадоў успрыняў з вялікім энтузіязмам, марыў далучыцца да паўстанцаў, рыхтаваўся да ўцёку. Былі сабраны зброя, грошы, знойдзены спосаб падрабіць патрэбныя дакументы. 16 чэрвеня 1831 года паэта з сябрамі арыштавалі. 17 лістапада 1831 года зняволеныя былі прыгавораны да пакарання смерцю. 13 студзеня 1832 года пакаранне смерцю было заменена на пажыццёвую высылку ў Сібір з пазбаўленнем шляхецтва і навуковай ступені магістра філасофіі. З ліпеня 1832 года асуджаны паэт жыў у Табольску.
У 1860 годзе ён вярнуўся на радзіму, у Вільню, дзе знайшоў прытулак у доме брата Юзафа, доктара медыцыны.
Памёр 07.12.1863 у Вільні.