Людвік Тэадор Нарбут (1832-1863)
Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года.
Нарадзіўся 26.08.1832 у маёнтку Шаўры (зараз – Воранаўскі раён).
Вучыўся ў Лідскай павятовай вучэльні, потым у Віленскай гімназіі, дзе ў канцы 1850 года быў арыштаваны за спробу стварыць тайнае паўстанцкае таварыства .
У сакавіку 1851 года Людвіка публічна пакаралі розгамі і накіравалі ў Калугу ў штаб пяхотнай дывізіі. Адтуль Нарбут трапіў радавым на Каўказ. За смеласць і мужнасць у баях падчас Крымскай вайны Людвіку прысвоілі афіцэрскі чын.
У пачатку красавіка 1860 года Нарбут вяртаецца на радзіму. Жыў у бацькі, вёў гаспадарку, ажаніўся, пасяліўся ў маёнтку недалёка ад Шаўраў. Праз малодшага брата наладзіў сувязь з віленскім рэвалюцыйным камітэтам.
13 лютага 1863 года загадам Віленскага рэвалюцыйнага камітэта Нарбут быў прызначаны вайсковым начальнікам Лідскага павета. Ён адным з першых арганізаваў партызанскі атрад на Беларусі. Аснову атрада Нарбута складалі сяляне.
Спачатку атрад дзейнічаў ў ваколіцах Начы і Эйшышак. Пазней паўстанцы перадыслакаваліся ў Рудніцкую пушчу і дзйнічалі ў раёне Нача-Дубічы-Бершты-Новы Двор.
18 красавіка 1863 года паўстанцкія ўлады прысвоілі Людвіку званне палкоўніка. Для разгрома Нарбута з Гродна быў скіраваны моцны атрад.
Апошні бой адбыўся 5 мая каля вёскі Дубічы (зараз знаходзіцца на тэрыторыі Літвы). Атака карнікаў была нечаканай. У выніку боя было забіта 13 паўстанцаў у тым ліку і іх камандзір.
Забітых паўстанцаў пахавалі ў Дубічах.