Мікановіч Іван Іосіфавіч
Беларускі навуковец, кандыдат сельскагаспадарчых навук, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі.
Нарадзіўся 17.11.1930 у вёсцы Кухары (зараз – Шчучынскі раён).
У 1956 годзе пасля заканчэння школы пачаў працаваць камбайнёрам у Шчучынскай МТС. У 1957 годзе паступіў у Казловіцкую вучэльню механізацыі, адкуль па камсамольскай пуцёўцы накіраваўся на ўборку ўраджая з цалінных зямель Казахстана.
У 1958 годзе паступіў на агранамічны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, які скончыў у 1963 годзе.
Працаваў у Полацкім міжраённым атрадзе па ахове раслін ад шкоднікаў, вучгасе "Прынёманскі" Гродзенскага сельгасінстытута.
З 1976 года працаваў на кафедры земляробства Гродзенскага сельгасінстытута. У 1977 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1980 па 1995 год быў дэканам агранамічнага факультэта Гродзенскага сельгасінстытута.
У 1992 годзе атрымаў ганаровае званне "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь".
Аўтар больш 100 навуковых прац. Навуковыя інтарэсы: агратэхніка і шляхі павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур; паляпшэнне пратэінавай каштоўнасці зерневых культур; падрыхтоўка кадраў для АПК.
У 2012 годзе выйшаў на пенсію.