Іван Арсеньевіч Карэнда
Беларускі паэт, празаік, грамадска-культурны дзеяч.
Нарадзіўся 17.09.1950 у вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна.
З 1967 па 1971 год вучыўся на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута. Настаўнічаў у сярэдняй школе вёскі Ракавічы Шчучынскага раёна. У 1971-1972 гадах быў інструктарам, у 1972-1974 гадах – другім сакратаром Шчучынскага раённага камітэта камсамола.
Вучыўся на аддзяленні журналістыкі Вышэйшай камсамольскай школы пры ЦК ВЛКСМ у Маскве. Працаваў загадчыкам аддзела ў рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», у партыйных органах у Мінску, пасля – у Дзяржаўным камітэце па друку, намеснікам міністра інфармацыі, намеснікам міністра культуры і друку.
З 1996 года працаваў у Выканкаме Саюза Беларусі і Расіі ў Маскве. З 2001 па 2003 год быў начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 2003 года – на дыпламатычнай службе ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.
Чалец Саюза беларускіх пісьменнікаў і Саюза пісьменнікаў Расіі.
Першыя вершы публікаваліся ў Шчучынскай раённай газеце «Савецкая вёска» (1971), з 1975 года друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях.
Аўтар зборнікаў лірыкі «Белы наліў» (1995), «Знічка» (2003), «Васількі надзеі» (2008), паэтычнай кнігі для дзяцей «На загадкі ёсць адгадкі» (2001). У 2011 годзе выйшла ў свет кніга прозы «Воплаўская госця».
На вершы Івана Карэнды беларускія кампазітары напісалі больш за 30 песень.