Вітольд Гінэль (1918-1969)
Урач-гінеколаг, доктар медыцынскіх навук.
Нарадзіўся 15.06.1918 у вёсцы Зяняпішы (зараз – Шчучынскі раён).
Навучаўся ў Віленскім езуіцкім калегіўме.
Скончыў двухгадовы курс навучання ў вайсковай школе падхарунжых рэзерву.
У 1938 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта.
З пачаткам Другой усясветнай вайны быў мабілізаваны ў войска, браў удзел у ваенных дзеяннях. Пасля акупацыі Польшчы здолеў перабрацца ў Коўна, дзе працягнуў вучобу на медыцынскім факультэце. Пасля нападу Германіі на СССР вяртаецца ў родныя мясціны.
З 1942 года актыўна супрацоўнічае з падполлем. Трапіў у рукі гестапаўцаў, але здолеў уцячы. Уступіў у першы батальён 77-га пяхотнага палка Арміі Краёвай, які дзейнічаў на Шчучыншчыне. Удзельнічаў у няўдалай спробе апанавання Шчучына польскімі партызанамі ў красавіку і ў бітве за Вільню ў ліпені 1944 года.
Пасля вайны рэпатраваўся ў Польшчу, дзе ў 1948 годзе скончыў медыцынскі факультэт у Познані.
Пасля службы ў войску ў 1952 годзе быў накіраваны на працу ў Граева, дзе ўзначаліў акушэрска-гінекалагічнае аддзяленне шпіталя. Адначасова цягам 11 гадоў кіраваў мясцовым аддзелам здароўя і сацыяльнай апекі.
У 1962 годзе абараніў доктарскую дысертацыю.
Памёр раптоўна 08.12.1969 на працоўным месцы.
Быў узнагароджаны Крыжам Валечных, Залатым і Срэбным Крыжамі Заслугі.
Імя Вітольда Гінэля з 1993 года носіць Граеўскі шпіталь.