Уладзіслаў Вярыга (1868-1916)
Польскі філосаф і этнограф, збіральнік фальклору, доктар філасофіі.
Нарадзіўся 09.06.1868 у Пскове ў сям'і ўдзельніка паўстання 1863 года з Віцебшчыны.
У 1885 годзе скончыў Пецярбургскую гімназію.
З 1885 па 1889 год працаваў хатнім настаўнікам ў Беларусі, у тым ліку на Шчучыншчыне. Захапіўся збіраннем беларускага фальклору. У 1889 годзе ў Львове выдаў кнігу «Podania bialoruskie», дзе змясціў 23 беларускія народныя казкі, запісаныя ў ваколіцах Новага Двара і Астрыны. У тым жа годзе ў часопісе «Zbior wiadomosci do antopologii krajowej» апублікаваў працу «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павету Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе», якая змяшчае 42 беларускія народныя песні-балады.
У 1889 годзе пачаў навучанне ў Берлінскім універсітэце, потым вучыўся таксама ва ўніверсітэтах Прагі і Берна – тут ён у 1892 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі.
У 1897 годзе заснаваў штоквартальнік «Przeglad Filozoficzny» – першы прафесійны філасофскі часопіс у Польшчы і да сваёй смерці быў яго выдаўцом і рэдактарам. Уладзіслаў Вярыга таксама з'яўляўся ініцыятарам, стваральнікам і старшынём заснаванага ў 1907 годзе Польскага псіхалагічнага таварыства (Варшава). У 1911 годзе пры Псіхалагічным таварыстве ён стварыў псіхалагічную лабараторыю, якая пазней была ператворана ў незалежны Варшаўскі псіхалагічны інстытут. У 1915 годзе заснаваў у Варшаве Інстытут Філасофіі і быў яго старшынём.
Яго старэйшая сястра Марыя Вярыга-Радзівіловіч лічыцца адной з заснавальніц сістэмы дашкольнага выхавання ў Польшчы.
Памёр 27.08.1916 у Варшаве.