Мікалай Рыгоравіч Вахонін (1912-1958)
Камандзір першага на Шчучыншчыне савецкага партызанскага атрада.
Нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Малая Уладзіміраўка (Сяміпалацінская вобласць Казахстана).
У маі 1941 года быў прызваны ў войска і скіраваны ў Беластоцкую вобласць.
Пад час адступлення быў паранены і застаўся на лячэнне ў вёсцы Каменка Дзятлаўскага раёна.
У сакавіку 1942 года ўвайшоў у склад партызанскай групы, створанай з вайскоўцаў і мясцовых жыхароў.
5 мая 1942 года на агульным сходзе баявых груп быў створаны першы на Шчучыншчыне савецкі партызанскі атрад «Арлянскі». Мікалай Рыгоравіч узначаліў атрад і камандаваў ім да сакавіка 1943 года.
У сакавіку 1943 года атрад увайшоў у склад створанай Ленінскай партызанскай брыгады і змяніў назву на атрад «Борьба».
Са жніўня па верасень 1943 года Вахонін быў камісарам, а з верасня 1943 па люты 1944 года – камандзірам атрада імя М. Калініна партызанскай брыгады К.Варашылава. Пасля атрыманага ранення быў намеснікам камандзіра атрада па выведцы.
Пасля вайны застаўся на Беларусі, працаваў на гаспадарчых пасадах у Баранавічах і ў Дзятлаўскім раёне.
Памёр 17.11.1958 у Дзятлава.