Святлана Пятроўна Бацюлева (Байгот)
Беларуская паэтка і педагог.
Нарадзілася 04.01.1952 у вёсцы Крыўляны (у 1976 годзе вёска была далучана да вёскі Мількаўшчына на мяжы сучасных Гродзенскага і Шчучынскага раёнаў). Пазней сям'я пераехала ў Шчучын, дзе Святлана скончыла сярэднюю школу.
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута пачала працаваць настаўніцай у сярэдняй школе №2 і гімназіі ў Астраўцы.
З 1991 года працавала школьным псіхолагам.
Вершы пачала пісаць яшчэ ў школе. Падчас навучання ў Гродзенскім педінстытуце рэдагавала студэнцкі літаратурны часопіс, уваходзіла ў літаратурнае аб'яднанне газеты «Гродзенская праўда».
Піша на беларускай і рускай мовах. Вершы надрукаваны ў зборніках паэзіі «Астравецкай зямлі галасы» (2008), «Во мне живут слова...» (2012), «На крыльях вдохновения-2» (2017).