Modern linguistic thesaurus. Review of Dictionary of Modern Linguistics : Notions and Terms by Anatoliy Zahnitko : 4 vol. Vol. 1 / Anatoliy Zahnitko. – Donetsk : DonNU, 2013. – 402 pp. ; Vol. 2. – 350 pp. ; Vol. 3. – 426 pp. ; Vol. 4. – 388 pp.

© The Editorial Team of Linguistic Studies Linguistic Studies

Volume 29, 2014, pp. 232-235

Modern linguistic thesaurus. Review of Dictionary of Modern Linguistics : Notions and Terms by Anatoliy Zahnitko : 4 vol. Vol. 1 / Anatoliy Zahnitko. – Donetsk : DonNU, 2013. – 402 pp. ; Vol. 2. – 350 pp. ; Vol. 3. – 426 pp. ; Vol. 4. – 388 pp.

Vasil Ragavtsov

Article first published online: October 10, 2014

Additional information

Author Information:

Vasil Ragavtsov, Doctor of Philology, Professor, Head of Department of Belarusian Language in Mogilev State A. Kulishov University (Mogilev, Mogilev region, Belarus).

Citation:

Ragavtsov, V. Modern linguistic thesaurus. Review of Dictionary of Modern Linguistics : Notions and Terms by Anatoliy Zahnitko : 4 vol. Vol. 1 / Anatoliy Zahnitko. – Donetsk : DonNU, 2013. – 402 pp. ; Vol. 2. – 350 pp. ; Vol. 3. – 426 pp. ; Vol. 4. – 388 pp. [Text] / V. Ragavtsov // Linguistic Studies : collection of scientific papers / Donetsk National University ; Ed. by A. P. Zahnitko. – Donetsk : DonNU, 2014. – Vol. 29. – Pp. 232-235. – ISBN 966-7277-88-7

Publication History:

Volume first published online: October 10, 2014

Article received: 2 October 2013, accepted: December 26, 2013 and first published online: October 10, 2014

Article.

СУЧАСНЫ ЛІНГВІСТЫЧНЫ ТЭЗАЎРУС

Рэцэнзія на кнігу :

Загнітко А. Словник сучасної лінгвістики : поняття і терміни : у 4 т.

Т. 1 / А. П. Загнітко. – Донецьк : ДонНУ, 2013. – 402 с. ;

Т. 2. – 350 с. ; Т. 3. – 426 с. ; Т. 4. – 388 с.

Сучасныя лінгвістычныя даследаванні маюць досыць разгалінаваную тэрміналагічна-паняццевую сістэму. Гэтая сістэма часта змяшчае сінанімічныя (нават абсалютныя) кваліфікацыйна-дэфініцыйныя абазначэнні тых самых моўных з’яў, а ў асобных выпадках той самы тэрмін тлумачыцца па-рознаму. У той жа час праблемнай з’яўляецца наяўнасць уласна-аўтарскіх тэрміналагічных абазначэнняў ужо вядомых з’яў і адзінак. Сучасная терміналагічная размаітасць ускладняе навуковае ўспрыманне і адэкватнае разуменне тых самых з’яў і адзінак. Усё гэта вымагае неабходнасць стварэння цэласнага слоўніка лінгвістычных тэрмінаў, што забяспечыла б мажлівасць скразнога ўспрымання пэўнага лінгвістычнага тэрміна і яго адпаведнага тлумачэння. Сказаным вышэй тлумачыцца актуальнасць рэцэнзаванага выдання, корпус тэрмінаў і паняццяў якога аўтар сістэматызаваў досыць працяглы час – больш як дваццаць гадоў. Пацвярджэнне гэтага – шэраг артыкулаў А. Загнітка па тэарэтычных і навукова-прыкладных пытаннях лінгвістычнай тэрміналогіі, яго імкненне прасачыць агульнае і адметнае ў кваліфікацыі тых ці іншых моўных адзінак у розных лінгвапарадыгмальных падыходах і вызначэнне параметраў адноснай аўтаномнасці паняццева-тэрміналагічнага апарату структурнай, функцыйна-камунікацыйнай і іншых навукова-лінгвістычных парадыгмаў, што адлюстроўваюцца ў артыкулах укладальніка рэцэнзаванага слоўніка (Загнітко А. Типологійні вияви лінгвістичних парадигм: класифікаційні і кваліфікаційні аспекти / А. Загнітко // Лінгвокомп’ютерні дослідження: зб. наук. праць / Відп. ред. А. Загнітко. – Вип. 4. – Донецьк: ДонНУ, 2011. – С. 8 – 15; Загнитко А.А. Типологические проявления лингвистических парадигм: классификационные и квалификационные аспекты / А.А. Загнитко // Linguistica Brunensia. – Roč. 59. – 2011. – Č. 1-2. – С. 3-16 ды інш.). Можна адзначыць таксама тое, што аўтар усведамляе, што ўкладзены ім слоўнік няма падстаў характарызаваць як цалкам вычарпальны і закончаны. Абсяг слоўніка пры ўсім жаданні аўтара ахапіць усе размаітыя сучасныя лінгвістычныя тэрміны і паняцці – ад уласна аўтарскіх да ўзуальных тэрмінаў і паняццяў, пашыраных і ўсталяваных у межах адпаведных навукова-лінгвальнай парадыгмы, навуковага кірунку, навуковай плыні, навуковай школы, не могуць ахапіць абсалютна ўсю метамову сучаснай лінгвістыкі. Напэўна, гэта немажліва ажыццявіць нават пры надзвычай прадуктыўных лінгвістычных пошуках, калі яны выходзяць за межы ўласна лінгвістыкі і ахопліваюць сумежныя гуманітарныя і нават не гуманітарныя сферы: псіхалогію, сацыялогію, юрыспрудэнцыю, інфарматыку, матэматыку, камп’ютарныя тэхналогіі ды інш. Таму сёння лінгвістыка ў яе надзвычайнай размаітасці – ад граматыкі, словаўтварэння, фанетыкі, фаналогіі, стылістыкі і да псіхалінгвістыкі, нейралінгвістыкі, камп’ютарнай лінгвістыкі, юрыдычнай лінгвістыкі, нейралінгвістычнага праграмавання, сацыялінгвістыкі, паралінгвістыкі (паракінесікі), этналінгвістыкі і да т. п. – ахоплівае надзвычай ёмістыя пошукі, пра што сведчаць адпаведныя тэрміны і паняцці, іхнія пастаянныя аўтарскія ўтварэнні. Аўтар не пакідае па-за ўвагаю і пытанні сугестыўнага, гендэрнага, кагнітыўнага, камунікацыйнага ды іншых лінгвістычных кірункаў.

Рэцэнзаваны слоўнік адрасаваны шырокаму абсягу даследчыкаў-тэарэтыкаў і практыкаў, у чым лёгка пераканацца паводле рэестра вытлумачаных тэрмінаў і паняццяў – ад найагульных тэарэтычна-мовазнаўчых да ўласна канкрэтных лінгвістычных накшталт теперішній історичний, функційно-семантична парадигма, навантаження членів речення тема-рематичне, члени речення другорядні морфологізовані, члени речення другорядні неморфологізовані. Разам з тым А. Загнітко выразна дыферэнцыюе ў адпаведных слоўнікавых артыкулах функцыйную нагрузку тэрміналагічнай адзінкі, робячы акцэнт на яе агульнатэарэтычным статусе або на замацаванні за тым ці іншым узроўнем моўнай сістэмы – фанетычным, марфалагічным, сінтаксічным, словаўтваральным. Асобна вылучаны тэрміны і паняцці, што ўзніклі ў выніку рэалізацыі прынцыпу экспансіянізму, а таксама ахарактарызаваны терміналагічна-паняццевы апарат сучаснай камунікацыйнай, функцыйнай, кагнітыўнай, ідэаграфічнай, камп’ютарнай ды іншых лінгвістык.

Традыцыйна слоўнік складаецца з уступу, уласна-слоўнікавай часткі, алфавітнага паказчыка. Ва ўступнай частцы досыць вычарпальна ахарактарызаваны асаблівасці пабудовы слоўнікавай часткі з кваліфікацыяй яе асобных кампанентаў. Кожны тэрмін мае этымалагічную характарыстыку з акрэсленнем функцыйнай нагрузкі і пацвярджэннем наяўнасці актыўных / пасіўных семантычна-парадыгматычных адносін. Пры неабходнасці дэфініцыя і кваліфікацыя лінгвістычнай з’явы пацвярджаецца адпаведным фактычным матэрыялам. Ва “Уступе” пераканаўча ахарактарызаваны прынцып упарадкавання паняццева-тэрміналагічнага апарату, што, у пэўнай ступені, адрозны ад іншых слоўнікаў: “У прапанаваным слоўніку выкарыстаны некалькі іншы прынцып алфавітнага размяшчэння лінгвістычных тэрмінаў, чым у традыцыйных тэрміналагічных выданнях. Прызнаючы наяўнасць аналітычных тэрмінаў, што ўсё ў большай ступені паўнапраўна і шырока заяўляюць пра сябе, у слоўніку выкарыстаны прынцып арганізацыі такіх словазлучэнняў паводле мадэлі “стрыжнёвае слова + залежнае / залежныя”, таму кожны тэрмін падаецца за стрыжнёвым словам, у постпазіцыі адносна якога наяўныя аналітычны / аналітычныя кампаненты, параўн.: форма граматична, форма морфологічна, форма синтаксична, форма стилістична, форма типологійна і пад. Такі падыход дазваляе карыстальнікам убачыць увесь дыяпазон наяўных сёння лінгвістычных тэрмінаў з тым або іншым апорным (стрыжнёвым) словам і ў той жа час аблягчае засваенне падобных тэрмінаў. Асабліва гэта мае дачыненне да тых кірункаў і школ, дзе з тым або іншым аналітычным кампанентам утвараецца шэраг тэрмінаў, параўн.: мовленнєвий акт → ініціативний мовленнєвий акт, непрямий мовленнєвий акт, прямий мовленнєвий акт, пропозитивний мовленнєвий акт, мовленнєвий акт вимоги, реактивний мовленнєвий акт, фінальний мовленнєвий акт і да т. п. Паводле традыцыйнага размяшчэння тэрмінаў кожны з іх разглядаўся б у адпаведнай алфавітнай пазіцыі, што не давала б магчымасці цэласнага ўспрымання сучаснага тлумачэння падобных паняццяў. Наданне ж асноўнага вымярэння стрыжнёваму кампаненту акт [ужыванне яго як рэестравага слова. – В.Р.] дазволіла аб’яднаць такі тэрмін у адной алфавітнай прасторы і адначасова прапанаваць цэласнае вымярэнне [цэласную сістэму. – В.Р.] семантычна-парадыгматычных адносін такога тыпу тэрмінаў і паняццяў.

У той жа час такі прынцып лексікаграфічнага структуравання паняццяў і тэрмінаў выяўляе найактыўныя тэндэнцыі аналітычнага тэрмінаўтварэння, што на сёння з’яўляюцца дамінальнымі, забяспечваючы паслядоўную дыферэнцыяцыю паняццяў, наданне кожнаму з іх вычарпальных кваліфікацыйных і класіфікацыйных адзнак. Таму ў Словніку сучаснай лінгвістыкі: 1) адабраны і сістэматызаваны найпашыраныя тэрміны, што актыўна выкарыстоўваюцца ў тэарэтычных, тэарэтычна-прыкладных і ўласна прыкладных мовазнаўчых даследаваннях; 2) прапанаваны разгляд семантычна абноўленых тэрмінаў класічнага мовазнаўства з улікам іхняга традыцыйнага тлумачэння і кваліфікацыі; 3) ахарактарызаваны стрыжнёвыя і ключавыя тэрміны сучаснай лінгвістыкі з прасочваннем іхняй данамікі і суадносін з адпаведнымі навукова-лінгвістычнымі парадыгмамі, паводле прыналежнасці да тых або іншых мовазнаўчых кірункаў, школ; 4) прапанавана кампактнае тлумачэннне асноўных тэрмінаў граматыкі (розных яе аспектаў і вымярэнняў – ідэаграфічнага, функцыйнага, камунікацыйнага і пад.), лексікалогіі, фаналогіі, словаўтварэння, а таксама псіхалінгвістыкі, лінгвакультуралогіі, сацыялінгвістыкі, кагнітыўнай лінгвістыкі, патапсіхалінгвістыкі, прыкладной лінгвістыкі, судовай лінгвістыкі, сугестыйнай лінгвістыкі ды інш. (большасць тых тэрмінаў вымагае ўліку іхняй сувязі з асноўнымі навукамі і функцыянаваннем у лінгвістыцы, у выніку чаго тлумачэнне з’яўляецца досыць праблемным і не заўсёды адэкватным); 5) улічана спецыфіка развіцця лінгвістычных прац пачатку ХХІ стагоддзя, калі актывізаваліся даследаванні лінгвістыкі тэксту, камунікацыйнай лінгвістыкі, тэорыі маўленчых актаў і тэорыі маўленчых жанраў, дыскурсу і дыскурснай практыкі, што знайшло сваё адлюстраванне ў структуры Слоўніка сучаснай лінгвістыкі” (Т. 1, с. 4-5). Такая вялікая цытата з рэцэнзаванага слоўніка дазваляе прасачыць погляд самога ўкладальніка на фармаванне асноўнага корпусу тэрмінаў і паняццяў сучаснай лінгвістыкі і адначасова адлюстроўвае скразны прынцып структуравання вытлумачанага і дэфінаванага матэрыялу.

У цэлым у Слоўніку сучаснай лінгвістыкі прааналізавана і ахарактарызавана больш за 17000 тэрмінаў і паняццяў з выразным размежаваннем у межах слоўнікавага артыкула іхняга агульналінгвістычнага статусу, адпаведнага выкарыстання і ў той жа час акрэслена асаблівае ўжыванне тэрміна ў межах таго ці іншага лінгвістычнага кірунку, школы або той ці іншай навукі, параўн., напрыклад: “Мо́ва націона́льна [бел. Мо́ва нацыяна́льная. В.Р.]мова, што ўтварылася ў перыяд развіцця нацый. Яна прадугледжвае абавязковую наяўнасць літаратурна-пісьмовай формы, набліжанай да агульнага народна-гутарковага маўлення, у выніку чаго набыла паўсюднае пашырэнне. Існуюць тры шляхі ўтварэння нацыянальных моў: а) развіццё ўжо з гатовага матэрыялу; б) канцэнтрацыя дыялектаў; в) «змяшанне» дыялектаў і моў; у соціолінгвістиці [бел. у сацыялінгвістыцы.В.Р.] – 1) сацыяльна-культурна-гістарычная катэгорыя, што абазначае мову нацыі як сацыяльна-гістарычнай супольнасці людзей. М. н. мае дзве формы праяўлення – вусную і пісьмовую і фармуецца на аснове мовы народнасці адначасова са станаўленнем нацыі з гэтай народнасці; мова нацыі як сацыяльна-гістарычнай этнічнай супольнасці людзей, што ўжываецца ў шэрагу паняццяў родовий діалект, мова народності, етнічна мова і існуе ў дзвюх формах – вуснай і пісьмовай з паўнацэннаю сукупнасцю ўсіх формаў яе існавання: кадыфікаваных (літаратурная мова) і некадыфікаваных (розныя тэрытарыяльныя дыялекты, жаргоны і да т. п.). [...] 2) мова, якую выкарыстоўвае ўся нацыя як сацыяльна-гістарычная, а не асобная рэгіянальная ці этнічная група; мова, што сукупна з іншымі адзнакамі (агульнасць тэрыторыі, культуры, эканамічнага жыцця ды інш.) характарызуе пэўную нацыю; мова, якая для культурнай, сацыяльнай і палітычнай супольнасці выконвае ролю нацыянальнага сімвала. М. н. уласціва нарматыўна-літаратурная форма выражэння, актыўная тэндэнцыя да еднасці, поліфункцыйнасць ды інш.” (Т. 2, с. 212).

Тэрміны і паняцці ў Словніку сучаснай лінгвістыкі кваліфікуюцца паводле іх паходжання (Автостереоти́п етні́чний [бел. Аўтастэрэаты́п этні́чны. В.Р.] (грэч. autos – сам, stereos – цвёрды, typos – адбітак) (Т. 1, с. 13), наяўнасці дублетаў, характарыстыкі семантычна-парадыгматычных сувязяў, шляхоў выкарыстання тэрміналагічных адзінак і да т.п. Слоўнікавы артыкул істотна дапаўняе сістэмнае ўпарадкаванне семантычна-парадыгматычных адносін аналізаваных тэрмінаў і паняццяў, параўн.: “Паралелі́зм [бел. Паралелíзм. – В.Р.] (грэч. parallēlismós – супастаўленне, параўнанне ад parallēlоs – той, хто рухаецца побач) синтакси́чний [бел. сінтаксíчны. – В.Р.] (прым. ад імя синтаксис [бел. сінтаксіс. В.Р.]) – паралелізм, першая частка якога з’яўляецца апісаннем з’явы прыроды, а другая – стану душы, суадноснага са станам пэўнай прыроднай з’явы: Цвіли каштани, цвіли каштани, ти мене кохав, ти мене кохав… (Михайло Сенко). Гл.: Паралелізм; Паралелізм порівняльний; Паралелізм заперечний” (Т. 3, с. 21).

Завяршае “Слоўнік сучаснай лінгвістыкі: паняцці і тэрміны” алфавітны паказчык (Т. 4, с. 186-384), у якім сукупна падаюцца ўсе прааналізаваныя тэрміны і паняцці, што дазваляе мець выразнае ўяўленне пра ўвесь сабраны матэрыял і яго паслядоўнае вытлумачэнне. Звычайна можна знайсці на сучасных неабсяжных прасторах лінгвістыкі тэрміны і паняцці, не зафіксаваныя лексікаграфічнаю працаю. Гэта тлумачыцца тым, што слоўнік абагульняе наяўную тэрміналагічна-паняццевую сістэму на пэўным этапе, пасля якога актыўна працягваюцца навуковыя пошукі. Рэцэнзаваная праца належыць да цэласных, закончана структураваных, яна разлічана на дасведчаных навукоўцаў і на тых, хто толькі распачынае навуковае даследаванне. Прапанаваныя дэфініцыі тэрмінаў і паняццяў з’яўляюцца навукова матываванымі, адлюстроўваюць найсучасныя падыходы да разумення і кваліфікацыі адпаведных тэрмінаў і паняццяў.

Васіль Рагаўцоў (Магілёў, Беларусь)

Available 2 October 2013.