Belarus and Belarusian Studies in Representation by Czachs. Review of the book : Czech Idea of Belarus / Ed. by Věra Lendělová, Jiři Marvan, Mical Vašiček [Text] by Maria Konushkevich. – Praha : Karolinum, 2013.

© The Editorial Team of Linguistic Studies Linguistic Studies

Volume 30, 2015, pp. 140-145

Belarus and Belarusian Studies in Representation by Czachs. Review of the book : Czech Idea of Belarus / Ed. by Věra Lendělová, Jiři Marvan, Mical Vašiček [Text] by Maria Konushkevich. – Praha : Karolinum, 2013.

Maria Konushkevich

Article first published online: August 1, 2015

Additional information

Author Information:

Maria Konushkevich, Doctor of Philology, Professor at the Department of Journalism in Janka Kupala Grodno State University (Grodno, Grodno region, Belarus). Correspondence: marikon9@mail.ru

Citation:

Konushkevich, Maria. Беларусь і беларусістыка ва ўсведамленні чэхаў. Review of the book : České vědomi Bělarusi = Чэшскае ўсведамленне Беларусі / Věra Lendělová, Jiři Marvan, Mical Vašiček (eds.). – Praha: Karolinum, 2013. [Text] / Maria Konushkevich // Лінгвістичні студії : міжнародний зб. наук. праць. – Київ – Вінниця : ДонНУ, 2015. – Випуск 30. – С. 140-145. / Linguistic Studies : international collection of scientific papers / Donetsk National University ; Ed. by A. P. Zahnitko. – Kyiv – Vinnytsia : DonNU, 2015. – Vol. 30. – Pp. 140-145.

Publication History:

Volume first published online: August 1, 2015

Article received: 11 January 2015, accepted: February 10, 2015 and first published online: August 1, 2015

Article.

БЕЛАРУСЬ І БЕЛАРУСІСТЫКА ВА ЎСВЕДАМЛЕННІ ЧЭХАЎ

Рэцэнзія на кнігу :

České vědomi Bělarusi = Чэшскае ўсведамленне Беларусі / Věra Lendělová, Jiři Marvan, Mical Vašiček (eds.). – Praha: Karolinum, 2013.

Так сталася, што гэтая рэцэнзія па не залежных ад аўтара прычынах запазнілася амаль на два гады. Але, як кажа народная мудрасць, лепш позна, чым ніколі. Бо кніга, аб якой будзе ісці ніжэй размова, заслугоўвае таго, каб пра яе ведалі і захацелі прачытаць. Асабліва гэта трэба беларусам. Таму што яна перш за ўсё – пра Беларусь у яе дачыненнях да Прагі і да ўсёй Чэхіі. Але не толькі. Кніга вышла з нагоды XV Міжнароднага з’езду славістаў, падрыхтаваная філасофскім факультэтам Карлава універсітэта, калыскай славянскіх кангрэсаў. Таму ў ёй сустракаецца да 30 чэшскіх і беларускіх аўтараў, большасць з іх, дарэчы, акрамя беларусістыкі і багемістыкі, займаліся і даследаваннямі ў галіне ўкраіністыкі.

Выпадковае і кароткае, але прыемнае знаёмства на XV Міжнародным з’ездзе славістаў з вядомым чэшскім славістам прафесарам Іржы Марванам і яго жонкай Мірай Начэвай-Марванавай, таксама славісткай, дало мне шчасце атрымаць гэтую кнігу ў падарунак ад самога аўтара. На тыльным баку вокладкі кніга названа зборнікам. Але гэта толькі таму, што яна складаецца з артыкулаў. Але па зместу, па зацікаўленасці ўсіх аўтараў да славістыкі, па яднанні іх думак Чэхіяй і яе Залатой Прагай усе артыкулы неяк зліваюцца ў адно непадзельнае цэлае. Надрукаваная на дзвюх мовах – чэшскай і беларускай, яна сімвалічна падкрэслівае цесныя беларуска-чэшскія ўзаемасувязі на працягу шмат стагоддзяў.

Кніга пачынаецца ўступным словам рэдакцыі, у якім адзначаецца, што доўгая і добрая традыцыя чэшска-беларускіх культурных сувязяў пачалася на мяжы Сярэдневечча і Новага часу, калі беларус Францыск Скарына не толькі знайшоў у Празе прыстанішча і атрымаў еўрапейскую адукацыю, але і пачаўся як беларускі першадрукар і асветнік. Прага сталася для яго і першакрыніцай беларускай мовы, бо ў перакладах Святога Пісьма з лацінскай мовы «сувязным звяном з беларускай мовай і духоўным жыццём беларусаў для яго была чэшская мова з яе зычлівым, экуменічна талерантным духоўным асяроддзем» (с. 19). Дзякуючы Скарыне беларуская мова стала другой (пасля чэшскай) нацыянальнай славянскай мовай, на якой было надрукавана Біблія, апярэдзіўшы гэтым ўсе іншыя славянскія і большасць неславянскіх еўрапейскіх моваў.

Іменна са Скарыны і пачынаецца, на думку рэдакцыі, чэшскае ўсведамленне Беларусі, і працягваецца далей – з намаганняў абаронцы пражскага паходжання Скарынавай Бібліі В.Ф. Дурыха (1777), дзейнасці Добраўскага, чэшскай Скарыніяны, што ўвасобілася ў кнізе Ф. Сокалавай «Francisko Skoryna v díle českých slavistů», выдадзенай пражскай Нацыянальнай бібліятэкай у 1992 г.

Таму зусім натуральна працягнуць нашу рэцэнзію з агляду раздзела IV «Скарыніяна», у які ўвайшлі пяць артыкулаў. Пачынае раздзел артыкул С. Акіньчыца ў перакладзе С. Вранавай «Чэшскія прадвеснікі беларускай Рэфармацыі (прысвячаецца 600-м угодкам беларускай Рэфармацыі, распачатай Еранімам Пражскім у 413 г.). З беларускага арыгінала “Залаты век Беларусі”», у якім аўтар называе Скарыну пачынальнікам беларускай рэфармацыі ў Вялікім княстве Літоўскім.

У артыкуле рэдакцыі (Прага – Усці-над-Лабай) «Чэшская Біблія як кантэкст эпахальнага пачыну Ф. Скарыны» падкрэсліваецца, што стараславянская традыцыя ў чэшскай мове не перарывалася, што чэшска-стараславянская мова засталася жывым складнікам штодзённай рэлігійнай практыкі і чэшскай хрысціянскай традыцыі. Таму ўздым чэшскай біблійнай дзейнасці і агульнай пісьменнасці ў гусіцкую пару (XV ст.) так імпанавалі Францыску Скарыне, што ён стварыў пераклады рэлігійных тэкстаў на народнай, абсалютна зразумелай простаму люду беларускай мове, апярэдзіўшы ў гэтых намаганнях Лютэра, таксама пачаўшага Рэфармацыяй агульнаеўрапейскую рэвалюцыю ў гэтай справе. Інспірацыяй Скарынавай дзейнасці сталася іменна жывая традыцыя чэшскай мовы, дзе лінгваэмпатыя (атаясненне чалавека з мовай) вяла да тэаэмпатыі (атаяснення чалавека з Богам).

Такую ж думку выказвае ў сваім артыкуле з красамоўнай назвай «Чаму Скарына выдаў сваю Біблію менавіта ў Празе?» і А. Каліта. Палітычнае супрацьстаянне двух княстваў – Масковіі і ВКЛ, а разам з імі і дзвюх рэлігій – каталіцкай і праваслаўнай, націск лацінскай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім не маглі даць ніякага шансу Скарыне надрукаваць Біблію на простай мове на радзіме ці дзесьці ў іншым месцы: «перакладаць Біблію на нацыянальную мову ў Еўропе і Масковіі было небяспечна для жыцця» (с. 288). І аўтар прыводзіць адпаведныя выпадкі з жыцця еўрапейскіх друкароў. Чэхія дзякуючы руху гусітаў была ў пэўнай ізаляцыі ад каталіцкай Еўропы, і таму к моманту прыезду Скарыны паліграфічная прадукцыя ў Чэхіі была не толькі рэлігійнага, але і свецкага зместу.

Канечне ж, тая акалічнасць, што Біблія друкавалася хоць і на беларускай простай мове, але ў Чэхіі, паўплывала на тое, што ў Скарынавых перакладах і прадмовах не маглі не з’явіцца багемізмы, пра што паведамляецца ў артыкуле М. Начавай-Марванавай «Стратыфікацыя багемізмаў у Скарынаўскім перакладзе Бібліі (Песня песняў, 1518) – погляд на Скарыну з чэшскага берага». Аўтар артыкула, параўноваючы тэксты «Песні песняў» у Скарынавым перакладзе з аналагічнымі чэшскімі тэкстамі ў венецыянскай Бібліі (1506), кутнагорскай Бібліі (1489) і пражскай (1488) Бібліі, не толькі паказвае на «марфалагічныя багемізмы», на асваенне чэшскіх слоў і выразаў у атачэнні беларускіх слоў, але і дае выснову, што «Skaryna našel v Praze a v její čеštině prostředí jazykově dělné, blízké, útulné a radostné, ktеré ho inspirovalo vytvořit prostředí stejně blízké a radostné і ve své běloruštině».

Звяртаючыся зноў да пачатку кнігі, адзначым шчымлівае ўступнае слова Г. Бураўкіна «Роднасць», з нотамі любові да Залатой Прагі і яе гасціннасці да ўсіх добрых людзей, са згадкамі пра слынных беларусаў – Францыска Скарыну і Васіля Быкава, што ў розныя часы жылі і працавалі ў Празе, пра падобнасць гісторыі і характараў чэхаў і беларусаў. І зусім дарэчы вянчаюць прадмоўную частку кнігі пранікнёныя радкі верша Ларысы Геніюш «Па-над Вэлтаваю», што лучаюць неба над чэшскай Влтавай і беларускім Нёманам:

Так над Влтаваю

Кружаць то плаваюць

Кагарак белыя віры…

З чарам пагоднага-ж

Неба, як роднага,

Ўспомніцца Нёман стары.

Амаль палову кнігі складаюць два лінгвістычныя раздзелы: «I. Агульная беларусістыка» і «II. Мікрабеларусістыка». Першы пачынаецца з артыкула І. Марвана «Суіснаванне чэшскай і беларускай мовы ў творчасці вялікага еўрапейскага паэта». Адам Міцкевіч, які пісаў свае творы на польскай мове, жывіўся, як піша аўтар артыкула, сваім родным асяроддзем на беларускай Наваградчыне, з яе спецыфічнай традыцыяй, у тым ліку і яе моўнай формаю. Разам з тым моўнае беларускае багацце ў яго «Дзядах» сустракаецца са шматлікімі праяўленнямі чэшскага субстрата: у тэксце «Дзядоў» колькасць багемізмаў дасягае больш як 25 тысяч.

Пра стан, задачы, праблемы беларускай тэарэтычнай лексікаграфіі распавядае аглядны артыкул С. Шахоўскай. Актуальнасць абагульняльных тэарэтычных даследаванняў лексікаграфіі аўтар тлумачыць «крытычным аб’ёмам» лексікаграфічных прац у другой палове ХХ ст. і дае агляд найбольш вядомых прац у гэтым напрамку. Сярод абмяркоўваемых праблем называюцца а) узаемаадносіны лексікаграфіі з іншымі дысцыплінамі (лексікалогіяй, этымалогіяй, стылістыкай), б) метадалогія і метады лексікаграфавання, в) інтэграцыя лексікаграфавання і камп’ютарных тэхналогій, г) суадносіны лексікаграфіі і дынамікі сучасных моўных працэсаў, д) гісторыя развіцця і перыядызацыя лексікаграфіі, е) выяўленне прыярытэтных напрамкаў лексікаграфіі, ж) тыпалогія слоўнікаў.

Са спасылкай на тэарэтычныя даследаванні В.К. Шчэрбіна і іншых беларускіх навукоўцаў аўтар абгрунтоўвае неабходнасць канцэптуалізацыі разнастайных прыватных накірункаў і стварэння несупярэчлівай тэорыі беларускай лексікаграфіі. Тэматычна сюды ж просяцца і артыкулы П. Міхайлава і С. Фацеевай «Набыткі беларускай дыялектнай лексікаграфіі за перыяд нацыянальнай незалежнасці (1991 – 2012)», а таксама Д. Дзятко «Прынцыпы апісання рэгіянальнай лексікі ў “Слоўніку цяцерскіх гаворак” Мар’яна Пецюкевіча», змешчаныя ў другім радзеле кнігі.

Прыкладам прыватнага, але важнага для беларускай лексікаграфіі накірунку з’яўляецца артыкул Т. Памазенкі «Да пытання аб лексікаграфічнай спадчыне Язэпа Ціхінскага», дзе «Belaruska-polska-rasijski sloŭnik» Я. Ціхінскага аўтарка называе «своеасаблівым летапісам грамадскага жыцця эпохі фарміравання беларускай нацыі» (с. 82) і ставіць яго нароўні са слоўнікам І. Насовіча.

У артыкуле «Фанетычная лінгваўнікальнасць у ракурсе бінарнага канцэпта ‘свой’ – ‘чужы’» І. Каліта ставіць праблему фонаэмпатыі – увагі носьбітаў мовы да мілагучнасці / немілагучнасці сваёй / чужой мовы ці яе сродкаў. Фоніка як дысцыпліна, на думку аўтаркі, не толькі даследуе гукавую арганізацыю той ці іншай мовы і маўлення на ёй, але выяўляе яе эстэтычны патэнцыял. Успрыманне мілагучнасці мовы ці яе сродка робіцца актуальным для нэймінгу і для рэкламнай і камерцыйнай дзейнасці, і эксперыментальны сэрвіс для праверкі асацыятыўнай ацэнкі фонаэмпатыі ўжо існуе. У зносках аўтарка прыводзіць прыклады ўласнага маленькага эксперыменту, атрыманага (трэба думаць, ёю) с дапамогай сэрвіса http://www.psevdonim.ru/. Дзеля цікавасці хочацца прывесці тры з іх:

“Слово Прэзідэнт обладает следующими качествами из 25 возможных (качества приводятся по степени убывания их выраженности): Большой, Хороший, Величественный, Округлый, Красивый, Простой, Храбрый, Мужественный, Громкий, Сильный, Безопасный, Длинный, Холодный, Гладкий.

Слово Президент обладает следующими качествами из 25 возможных (качества приводятся по степени убывания их выраженности): Короткий, Шероховатый.

Фамилия Лукашенко обладает следующими фоносемантическими качествами из 25 возможных (качества приводятся по степени убывания их выраженности): Могучий” (с. 57).

Аўтарка не без падстаў робіць выснову аб негатыўных фанетычных наступствах для носьбітаў нацыянальных моваў пад уплывам фанетыкі рускай мовы: «Менавіта фанетыка выступае добрай ці злой чараўніцай, якая вабіць ці адштурхоўвае ад мовы… Калі сінтаксіс прынята называць пазваночнікам мовы, то фанетыку можам назваць яе душой , летуценная прыгажосць якой зразумелая толькі яе ўважліваму і чулліваму прыхільніку» (с. 58).

Нашы сацыялінгвістычныя даследаванні 1993–95 гг. пацвярджаюць думкі І. Каліты: апытанне носьбітаў беларускай мовы паказала, што нават самыя адданыя яе прыхільнікі, якія прынялі яе ва ўсіх маўленчых жанрах, у адным жанры – Прызнанне ў каханні – аддалі ўсё ж такі перавагу рускай мове. Праверка слоў рус. люблю і бел. кахаю па той характарыстыцы іх гукаў, як успрымаюць гэтыя гукі носьбіты рускай і беларускай моваў, згодна дадзеных лабараторыі А.П. Жураўлёва (Журавлев А.П Звук и смысл. – М., 1991), паказала, што вуха беларуса ўжо не ўспрымае прыгажосці гукаў [к] і [х] (падрабязней гл. [Конюшкевич М.И. Коммуникация в русско-белорусскоязычном социуме как социолингвистический феномен // Language, Society,and Problems of InterculturalCommunication: Materialy z Miedzynarodowej Konferencji Naukowej, Grodno, 23–24. 11.2004. – Bialystok 2005. – S. 249–254)].

Артыкул Т. Рамзы «Беларускі гутарковы стандарт: паміж нормай і узусам» асэнсоўвае розныя стыхіі беларускага маўлення і вылучае на яго шкале прамежкавую зону, што ляжыць паміж двума полюсамі – а) нормай існуючай кадыфікаванай мовы і б) пашыраным узусам вуснай штодзённай беларускай мовы, які б ахопліваў усіх беларусаў (што, на думку аўтаркі, у беларускай маўленчай рэчаіснасці адсутнічае). Прамежкавую зону паміж гэтымі полюсамі займае узус пэўнай сацыяльнай групы (беларускамоўнай інтэлігенцыі і часткі гарадской моладзі), які і фарміруе гутарковы стандарт.

Раздзел «II. Мікрабеларусістыка» тэматычна распадаецца на два падраздзелы. Першы з іх, «А. Мікралінгвы і сублінгвы», пачынаецца двума артыкуламі Я. Максімюка, у якіх падаецца апісанне моўнай сітуацыі беларусаў Падляшша і прапаноўваецца праект правапіснай нармалізацыі падляскай мовы на аснове лацінкі.

Аналізу мовы беларускіх старцаў, жабракоў, “лабараў”і інш. прысвечаны артыкул В. Лендзелавай «Так званыя тайныя і ўмоўныя мовы ў гісторыі пісьмовай культуры XiX стагоддзя». Выяўлена ўнікальнасць мовы беларускіх жабракоў сярод іншых беларускіх арго спецыфікай мадэляў словаўтварэння.

Падраздзел «Б. Гаворкі і іх разнавіднасці» складаюць артыкулы, у якіх даследуюцца асаблівасці беларускіх гаворак – Верхняга Над’ясельдзя (А. Босак, В. Босак), Выганаўскага Палесся (Я. Самуйлік), адтапанімная лексіка заходнепалескіх гаворак Берасцейшчыны (З. Заіка), лінгвагеаграфія гаворак Бярозаўшчыны (Л. Леванцэвіч), гісторыя сяла Ломуш Хвойніцкага раёна Гомельскай вобласці і асаблівасці гаворкі яго жыхароў (А. Каліта).

Раздзел «III. Літаратура, культура і грамадства» аб’ядноўвае артыкулы рознай тэматыкі. Так Ф. Клімчук у адным артыкуле даказвае, што «(пра)беларусы і (пра)украінцы як этнасы канчаткова склаліся не пазней VIII ст. н.э. » («Да этнагенезу беларусаў і ўкраінцаў»), у другім, напісаным палескай мовай, папракае многіх беларусаў і ўкраінцаў у «захворванні» нацыянальным нігілізмам. Беларуска-чэшскім сувязям у гісторыі і сучаснасці прысвечаныя артыкул «Чэшская літаратура ў беларускіх перакладах» А. Мікалаенкі, падрыхтаваны па матэрыялах з фондаў Гродзенскай абласной біліятэкі імя Я.Ф. Карскага, і артыкул С. Гарбіцкага «Сучасны стан беларуска-чэшскіх эканамічных адносінаў»).

Н. Барсук знаёміць чытача з эстэтычнай непаўторнасцю берасцейскай сучаснай паэзіі, што атрымала моцны іпульс ад творчасці М. Багдановіча; адзначаецца жанр танка «для памнажэння эстэтычных набыткаў беларускай словатворчасці» («Берасцейшчына – плённая глеба для засваення традыцый М. Багдановіча»). Упрыгожвае раздзел урывак з кнігі «Падарожжы за славянскай песняй (1885–1929) “СЛАВЯНСКІ ЗАХАД І ЎСХОД” (з часткі I)» вядомага чэшскага энцыклапедыста – мастака, пісьменніка, этнографа і фалькларыста Людвіка Кубы (ў перакладзе І. Каліты). Хочацца прывесці з яго радкі аб Беларусі: «…Белая Русь (відаць так называецца па дамінуючымбелым колеры тутэйшага, галоўным чынам, мужчынскага адзення) у этнаграфічным сэнсе з’яўляецца выключна добра захаваным славянскім краем» (с. 211); і далей: «беларуская песня ўтрымлівае больш старажытны матэрыял, чым той, што сустракаем у заходніх славян» (с. 238). Прыведзеныя ў танскрыпцыі тэксты сабраных аўтарам беларускіх песень, нотны запіс іх мелодый і, галоўнае, грунтоўныя каментарыі да іх прыцягнуць увагу шырокага чытача аб’ектыўнасцю высноў аўтара як старонняга, але ўважлівага назіральніка.

Пяты раздзел «Асобы» складаецца з артыкулаў, прысвечаных выбітным чэшскім і беларускім асобам. У артыкуле Т. Хланёвай «Вацлаў Жыдліцкі і яго дзейнасць у галіне беларусістыкі» вядомы чэшскі перакладчык беларускай і ўкраінскай літаратуры прадстаўлены перш за ўсё як «адзіны ў Чэхіі капітальны знаўца гісторыі беларускай літаратуры» (с. 335). Б. Райчынец распавядае пра беларусісцкую дзейнасць Міколы Затаўканюка – чэшскага славіста, які найбольшую навуковую ўвагу накіроўваў на грамадскае значэнне “малых” славянскіх моваў («Мікулаш Затаўканюк як беларусіст»). Паводле матэрыялаў, знойдзеных у Дзяржаўных архіве Брэсцкай вобласці, А. Ільін распавядае пра знаходжанне барацьбіта за родную культуру чэха Ёзофа Лоскота ў Бяроза-Картузскім канцэнтрацыйным лагеры («Дзеяч чэшскага руху Ёзоф Лоскот ў Бяроза-Картузскім канцэнтрацыйным лагеры »).

Другую частку пятага раздзелу складаюць тры артыкулы пра беларускіх асоб. І. Вацак у артыкуле «Беларускія сляды ў чэшскім культурным асяроддзі ў першай палове ХХ ст.» пералічвае беларускіх прадстаўнікоў навукі і культуры, што ў розныя часы былі і працавалі ў Чэхіі. Гэта дзейнасць Адольфа Чэрнага як заснавальніка і рэдактара часопіса «Siovanský přehled» (Славянскі агляд), яго пераклады твораў Ядвігіна Ш., Купалы, Коласа і інш. Шматлікія беларускія дзеячы і навукоўцы (Я. Карскі, У. Пічэта, Ц. Гартны, І. Дварчанін, Я. Станкевіч, Л. Геніюш, М. Забэйда-Суміцкі і інш.) ў розныя часы наведвалі Чэхію і былі не проста натхнёныя пражскімі ўражаннямі, але і далі важкі ўнёсак у грамадскую і культурную гісторыю свайго народа і тым самым працягвалі традыцыю беларуска-чэшскіх сувязяў.

А. Каліта падрыхтаваў паводле артыкула Даніэлы Коленаўскай агляд пра лёс беларускіх інтэлігентаў-эмігрантаў (92 персаналіі), што актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальным будаўніцтве Беларусі ў 1918–1938 гг. Вымушаныя пакінуць радзіму, яны змаглі вучыцца ў тагачаснай Чэхаслвакіі дзякуючы спецыяльнай чэшскай праграме. Артыкул М. Томэка «Чэшская беларусістыка 1945–2012» знаёміць чытача са станам чэшскай беларусістыкі ў пасляваенны перыяд і па сёння. Называюцца імёны Й. Мацурка, В. Жыдліцкага, Л. Мірачыцкага і інш. Адзначаецца выразнае ажыўленне ў гэтай галіне навукі пасля стварэння незалежнай Беларусі. Звяртаецца ўвага на працы, прысвечаныя беларускай эміграцыі, сацыялінгвістычным праблемам беларускай мовы; чэшскіх палітолагаў цікавіць палітычны рэжым А. Лукашэнкі; вялікі плён дало супрацоўніцтва вучоных Беларускага дзяржаўнага і Карлава ўніверсітэтаў.

Апошні, шосты раздзел пад агульнай назвай «Паведамленні, водгукі» пачынаецца рэцэнзіяй І. Марвана на манаграфію І. Каліты «Современная Беларусь: языки и национальная идентичность» (2010, Ústi nad Labem: PF UJEP). Рэцэнзія мае інтрыгуючую і красамоўную назву «Жыве Беларусь і беларуская мова – але што заўтра?». Рэцэнзент манаграфіі бачыць перш за ўсё лінгваэкалагічны і лінгваэтычны бок праблемы беларускай моўнай сітуацыі, аналізуе перспектывы беларускай мовы ў еўрапейскім кантэксце, шукаючы аналогіі ў краінах с супастаўнай колькасцю жыхароў. Вартае ўвагі, на думку І. Марвана, бачанне аўтаркаю трасянкі як «адной з галоўных стратэгічных асноў для адраджэння мовы» (с. 388). Пафас рэцэнзіі Я. Максімюка на адразу чатыры працы (у тым ліку тры пераклады) Ф. Клімчука зводзіцца да прызнання яго як даглядальніка найбольшага скарбу, які існуе на родным для абодвух (і аўтара, і рэцэнзента) Палесся і яго багатага і непаўторнага палескага слова.

Паведамленне А. Мікалаенкі тычыцца параўнальнай характарыстыкі прыназоўнікавых спалучэнняў з прасторавай семантыкай у рускай, беларускай і чэшскай мовах – праблематыкі, якой былая выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы зацікавілася яшчэ ў студэнцкія гады і якую паклала ў аснову дысертацыйнай працы. Аўтару гэтых радкоў прыемна з удзячнасцю да чэшскіх калег адзначыць, што яе вучаніца, магістр, а цяпер дактарантка Мікалаенка знайшла падтрымку ў вучоных Карлава ўніверсітэта і мае гонар быць і сурэдактарам, і адным з аўтараў гэтай кнігі.

Б. Зілынскі зрабіў некалькі заўваг пра чэшскую зацікаўленасць у вывучэнні чэшска-беларускіх сувязяў у 1882–1917 гг. Ён адзначае яшчэ недаацэненыя факты – тры шляхі пачынаючых славістаў у Беларусь таго перыяду, абставіны прабывання чэшскіх салдат у Беларусі, знаходжанне Т. Г. Масарыка ў двух беларускіх гарадах.

Карацелька-анатацыя пра кнігу С. Акіньчыца «Залаты век Беларусі» (Хабаровск, 2001, 128 с.) з перакладам на чэшскую мову С. Вранавай знаёміць са зместам кнігі. Залатым векам Беларусі С. Акіньчыц называе перыяд ВКЛ, калі Беларусь была «роўнай часткай Еўропы і яе ўплыў у перыяд Рэфармацыі далёка перавысіў межы ўласнай краіны» (с. 400).

Наступнае паведамленне дала М. Бышэнка – пра фонд беларускай бібліятэкі ў Празе, большую частку якой склалі кнігі з прыватнай калекцыі В. Жыдліцкага. Бібліятэка часта мяняла адрасы і гаспадароў, але з кожным годам большала і цяпер налічвае каля 500 кніг рознай тэматыкі.

Апошняе ў радзеле паведамленне – ад амбасады Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі пра мерапрыемствы, арганізаваныя Пасольствам Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь – выступленне 3 кастрычніка 2012 года гурта “Ryslink” з Маравіі ў Архікафедральным касцёле імя Найсвяцейшай Марыі ў Мінску; перадача статуэткі (дакладнай копіі) Пражскага Езулатка Касцёлу Ушэсця Дзевы Марыі ў Будславе. «Хай заступніцтва Міласцівага Пражскага Богадзіцяці зараз будзе і з беларускім народам!» – пажадаў спадар пасол падчас урачыстай цырымоніі. Пасля зместу кнігі даюцца звесткі (на абедзвюх мовах) аб аўтарах. Гэта навукоўцы, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі і Чэхіі, настаўнікі, студэнты, аспіранты, дактаранты, святары. І мілая неспадзянка ў самым канцы: дадатак, у якім – карта Прагі з паказам памятных мясцін, звязаных з беларускай культурай і яе выбітнымі постацямі, з дакладнымі звесткамі аб гэтых мясцінах і фатаграфіямі большасці з іх. Навуковую і энцыклапедычную каштоўнасць гэтага дадатку цяжка перабольшаць.

Замест высновы. На вокладцы кнігі выява мемарыяльнай дошкі Францішку Скарыне і ў гонар першай старабеларускай друкаванай кнігі, якая выйшла ў 1517 годзе ў Празе. Дошка размешчана на тэрыторыі Нацыянальнай бібліятэкі Чэшскай Рэспублікі. А ў Мінску таксама перад Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь вітае кожнага наведвальніка велічная постаць беларускага першадрукара і асветніка. Галоўны ўваход у бібліятэку зроблены ў выглядзе кнігі з выявамі на тэму сусветнага і славянскага пісьменства. На левай старонцы гэтай кнігі на розных мовах напісана: «Каб чалавек Божы быў дасканалы”. Ці ж не дзеля гэтай мары была створана і кніга нашых сяброў-калег чэхаў?

Марыя Канюшкевіч (Гродна, Беларусь)

Available 11 January 2015.