Руководители учреждений
общего среднего образования
ЯКУБЧЫК
РЭГІНА ВІКТАРАЎНА
Руководители учреждений
общего среднего образования
ЯКУБЧЫК
РЭГІНА ВІКТАРАЎНА
Якубчик Р.В. с учителями, 1996 год
Якубчик Р.В. вручает мне грамоту, 2001 год
Якубчик Р.В. 9а класс
Якубчик Р.В. на фоне своих работ
Якубчик Р.В.на вечере встречи в 2020 г (15 лет после выпуска)
Интервью в 2017 году с Якубчик Р.В.
Усё маё жыццё прайшло ў цудоўным месцы Ваўкавыскага краю – вёсцы Субачы. Сюды пераехалі ў 1985 годзе мае бацькі. Калі адкрылася наша тады яшчэ Субацкая няпоўная сярэдняя школа, мяне не было на свеце. Але з дня адкрыцця і па сённяшні дзень тут працуе мая мама Вітус Яніна Віктараўна. Вельмі люблю сваю школу, настаўнікаў. Тут працую педагогам і я. Хачу расказаць пра былога дырэктара школы Якубчык Рэгіну Віктараўну.
З 1 верасня 1986 года, калі адкрылася наша Субацкая школа, дырэктарам яе была Рэгіна Віктараўна, якая да гэтага ўжо больш за 10 гадоў працавала дырэктарам Вільчукоўскай васьмігодкі, што стала часткаю нашай новай школы, і настаўнікам матэматыкі там жа.
Чым жа слаўны яе працоўны шлях? Аб гэтым мы гаварылі з ёю асабіста, чыталі ў школьным летапісе, слухалі ўспаміны калег і бацькоў.
Нарадзілася Рэгіна Віктараўна 10 сакавіка 1945 года ў в. Вялікія Азяранкі Ваўкавыскага раёна ў сям’і калгаснікаў Кузьміцкіх. Яе маці, Ядвіга Баляславаўна, працавала паляводам у мясцовай гаспадарцы, бацька, Віктар Мікалаевіч, быў механізатарам.
Калісьці, многа год назад, Рэгіна Віктараўна рашыла стаць настаўнікам. На яе выбар паўплывала першая настаўніца Марыя Пятроўна Ігнаценка, якая тады працавала настаўнікам пачатковых класаў Азяранскай школы, а таксама настаўнікі Вільчукоўскай школы - настаўнік матэматыкі Засорына Аляксандра Іванаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Пісакова Ганна Мікіцічна, настаўнік рускай мовы СШ № 1 г. Ваўкавыска Паграбная Тамара Данілаўна, класны кіраўнік, настаўнік матэматыкі гэтай жа школы Янцэвіч Антон Іосіфавіч. Яе мара ажыццявілася адразу пасля заканчэння Ваўкавыскай СШ №1 ў 1962 годзе, калі была назначана настаўнікам пачатковых класаў Дзятлавіцкай васьмігодкі. Праз год стала студэнткаю адкрытага тады Бераставіцкага педвучылішча. Любіла вучыцца, працаваць, удзельнічаць у мастацкай самадзейнасці, спорце, і ўжо ў 19 год стала кандыдатам у члены КПСС. Закончыўшы педвучылішча ў 1965 годзе (гэта быў яго першы выпуск), паехала працаваць па накіраванні ў Столінскі раён Брэсцкай вобласці настаўнікам матэматыкі Вяліка-Маляшэўскай СШ. Па стане здароўя была пераведзена ў Ваўкавыскі раён і назначана настаўнікам матэматыкі Маісеевіцкай СШ. Гэта быў 1967 год. А ў 1968 годзе яна паступіла на завочнае аддзяленне Гродзенскага педагагічнага інстытута на факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання, і ўжо праз год была ўзнагароджана Ганароваю граматаю раённага аддзела народнай адукацыі, а ў наступным – медалём “За добрасумленную працу”. У гэтым жа годзе выйшла замуж у вёску Субачы. Нарадзіла дзвюх дачок, Галіну і Іну, потым – сына Віктара. Іна і Віктар таксама сталі настаўнікамі. У сувязі з пераменай месца жыхарства ў 1973 годзе была пераведзена і назначана настаўнікам матэматыкі Вільчукоўскай васьмігодкі, а праз паўтара года стала яе дырэктарам.
Рэгіна Віктараўна аддала любімай рабоце амаль 43 гады, з іх 28 працавала дырэктарам. Многа гэта ці мала? Напэўна, для кожнага чалавека гэта не проста перыяд жыцця, а аграмадны шлях, на якім былі ўзлёты і падзенні, радасці і беды, перамогі і няўдачы. А што значылі гэтыя гады для нашага дырэктара? Яна гаворыць, што школа была для яе жыццём, прызваннем і радасцю. Па расказах былых калег, з самага пачатку працы кіраўніком яна праявіла сваё майстэрства і лепшыя якасці адміністратара, што дазволіла педагагічнаму калектыву вырасці ў дружную і згуртаваную каманду, якая была здольная рашаць любыя пытанні навучання і выхавання падрастаючага пакалення. У сваёй ўпраўленчай дзейнасці Рэгіна Віктараўна старалася звяртацца да Савета школы і бацькоўскага камітэту, прыцягвала вучняў і бацькоў да самакіравання, абмяркоўвала з імі самыя важныя ўпраўленчыя задачы і праблемы. Яна заўсёды была патрабавальнай да сябе і іншых. Педагогі цанілі яе талент, такт, цярпенне і мудрасць, яе ўменне бачыць кожнага і дайсці да кожнага. Вучні любілі за добразычлівасць, за веды, за ўважлівасць і разуменне. Бацькі ўспамінаюць яе карэктнасць, спакой, інтэлігентнасць. Пад кіраўніцтвам дырэктара школа не раз станавілася пераможцам раённых, абласных, рэспубліканскіх спаборніцтваў, аглядаў і конкурсаў.
Рэгіна Віктараўна ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”, Ганаровымі граматамі Міністэрста адукацыі Рэспублікі Беларусь (1993 і 1998 г.), шматлікімі граматамі ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама. А гэта ўсё – лепшая памяць пра чалавека. Таму калі стала пытанне аб пераіменаванні піянерскай дружыны школы, то вучні, настаўнікі і бацькі былі аднагалосныя ў рашэнні прысвоіць піянерскай дружыне імя першага дырэктара школы. У школьным музеі пра яе аформлены альбом, зняты відэаролік, каб і нашы дзеці змаглі ў будучым даведацца пра слаўнага першага Дырэктара нашай любімай школы.
Цяпер Рэгіна Віктараўна ўспамінае, наколькі складанай і цікавай была работа дырэктара. Яна заўсёды хацела, каб у школе вучні вучыліся правільна выбраць свой шлях у жыцці і сталі дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны. Яна многа зрабіла для таго, каб настаўніцкі калектыў быў згуртаваны, дружны, працаздольны.
З удзячнасцю яе ўспамінаюць і сёння.
Калегі: “Рэгіна Віктараўна была маім першым дырэктарам у Субацкай школе, у якой я працую з дня яе адкрыцця. Яна стварыла ў школе камфортныя ўмовы для калектыву вучняў і настаўнікаў. Працаваць з ёю было лёгка, таму што яна старалася зразумець і дапамагчы кожнаму, нават у безнадзейных парою сітуацыях. Яна праяўляла цярпенне і такт, за 17 гадоў працы з ёю не прыпомню крыку ці грубасці. Заўсёды памяркоўная, адказная, дысцыплінаваная. Мы вучыліся на яе паводзінах і ўчынках. Было нялёгка, асабліва ў першы год работы школы, але дырэктару да ўсяго была справа, яе на ўсё хапала, і мы ішлі за нашым дырэктарам з надзеяй на лепшае. Думаю, яе з удзячнасцю ўспамінаюць мае былыя калегі, з якімі мы працавалі ў дружнай і надзейнай камандзе” (Вітус Я.В.).
Бацькі: “З першых дзён адкрыцця нашай школы Рэгіна Віктараўна зарэкамендавала сябе сур’ёзным, кампетэнтным, ініцыятыўным дырэктарам. Яна вучыла нашых сыноў і дачок справядлівасці, чэснасці, любові да Радзімы, працавітасці. З любоўю яны ўспамінаюць яе ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы, душэўныя размовы. Да дырэктара можна было звярнуцца з любым пытаннем, і ні адно з іх не заставалася без увагі”. (Пабудзей А.М.)
Вучні: “Цікава праходзілі ўрокі беларускай мовы і літаратуры, якія вяла дырэктар. Мы ганарыліся, што Рэгіна Віктараўна працуе са старшакласнікамі, што яна паважае нас, усяляе аптымізм, любіць нас, як маці. Яна лёгка і даступна тлумачыла матэрыял, дапамагала кожнаму, хоць была строгаю і патрабавальнаю. Яна ўмела паставіць перспектыву, да якой мы імкнуліся” (Клыш В.А.)
У Рэгіны Віктараўны былі добрыя адносіны з усімі кіраўнікамі школ раёна. За 28 гадоў дырэктарства працавала з чатырма кіраўнікамі раённай адукацыі: Загорскім Сцяпанам Яўгенавічам, Якута Паўлам Паўлавічам, Худзяком Рычардам Антонавічам, Матвейчыкам Міхаілам Іосіфавічам.
На заслужаны адпачынак пайшла ў 2003 годзе. Зараз жыве ў Ваўкавыску, прысвячае сваё жыццё траім дзецямі і шасцярым унукам. Некалі вучням школы, а цяпер сваім унукам перадае свой багаты жыццёвы вопыт, вучыць паважлівым адносінам да педагогаў, якія сваімі рукамі ствараюць лёс нашай краіны. На жаль, няма ўжо любімага мужа Уладзіміра Іванавіча. З’явіўся час для вышывання крыжыкам цудоўных карцін, чытання мастацкай літаратуры, працы на агародзе ў сваіх родных Азяранках, сустрэч з сёстрамі.
На мой прафесійны выбар таксама паўплывала Рэгіна Віктараўна. Мне заўсёды хацелася быць такой жа разумнай, добрасумленнай, далікатнай, добразычлівай, інтэлігентнай, прыгожай, як яна, ісці па жыцці з надзеяй на лепшае, быць дастойнай прадаўжальніцай справы маіх настаўнікаў!
З Рэгінай Віктараўнай мы падтрымліваем адносіны і цяпер. Я заўседы віншую яе са святамі па тэлефоне, мы абменьваемся з ей фотаздымкамі свайго жыцця, сустракаемся! Мае дзеці вельмі любяць пірагі Рэгіны Віктараўны, а дома ў мамы вісяць прыгожыя карціны, якія Рэгіна Віктараўна сама вышывала.
Миклашевич Анна Юрьевна,
учитель физики ГУО "Субочская средняя школа"