Нравственный подвиг педагога
ГАРЭЛІК
АЛЯКСАНДР АЛЯКСАНДРАВІЧ
Нравственный подвиг педагога
ГАРЭЛІК
АЛЯКСАНДР АЛЯКСАНДРАВІЧ
“Баявы і жыццёвы шлях ГАРЭЛІКА АЛЯКСАНДРА АЛЯКСАНДРАВІЧА, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, былога дырэктара Навагрудскай школы механізацыі сельскай гаспадаркі №26”
1. Даваенная школа жыцця Гарэліка Аляксанра Аляксандравіча.
Кожны раз 9 Мая, 3 ліпеня, 8 ліпеня і не толькі, кожнаму з нас варта паразважаць над цаной Вялікай Перамогі над фашызмам. Вядома, што для падлеткаў сеняшняга часу мінулая вайна здаецца такой ужо далёкай … Але ж самае галоўнае для іх разумець, што без самаахвярнасці хлопцаў і дзяўчат саракавых гадоў, без іх смеласці, мужнасці не было б ні нашага Дня Незалежнасці 3 ліпеня, ні вызвалення нашага роднага Навагрудка 8 ліпеня, ні ўвогуле свята Вялікай Перамогі 9 Мая. Перамога ў мінулай вайне была дасягнута дзякуючы адзінству людзей розных нацыянальнасцяў, аб’яднаных адной мэтай – вызваліць нашу краіну ад захопнікаў. І сёння наша сіла і моц могуць быць толькі ў адзінстве, у такой адданасці Радзіме, якая была і ў нашага героя, Гарэліка Аляксандра Аляксандравіча.
Удзельнік вайны, партызан, камандзір партызанскага атрада, - менавіта гэты чалавек кіраваў нашай навучальнай установай у пасляваенны час. Героямі раптоўна не становяцца. У гэтым мы абсалютна пераканаліся, калі пазнаеміліся з ваенным і жыццёвым шляхам Гарэліка Аляксандра.
Нарадзіўся Аляксандр Аляксандравіч 15 сакавіка 1912 года на беларускай зямлі, а менавіта на тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці ў вёсцы Славунь, па нацыянальнасці - яўрэй. Калі ж Гомельшчына была далучана да БССР, то родная вёска Аляксандра Гарэліка стала належаць да Азарыцкага раёна. Бацька Аляксандра вырабляў конскую вупраж, а маці была краўчыхай.
Яўген, адзін з сыноў Аляксандра Гарэліка, які жыве ў Маскве, прыгадвае ўспаміны свайго бацькі пра дзіцячыя гады і падкрэслівае, што хата бацькі была пастаянна запоўнена людзьмі: местачковыя і вясковыя мужчыны прыходзілі па вупраж, а дзяўчаты і жанчыны дзякавалі краўчысе за спадніцы, кофтачкі. Нават гарадскія модніцы прасілі пашыць сукенкі. Назіраючы за вытрымкай, настойлівасцю ў працы сваіх бацькоў, Аляксандр, як сведчыць яго малодшы сын Леанід, пераняў на ўсё жыццё гэтыя рысы характару. А яшчэ, паводле ўспамінаў сыноў, бацька вельмі хацеў вучыцца і быў надзвычай настойлівы ў дасягненні пастаўленнай мэты. Таму і не дзіўна, што толькі ён, Аляксандр Гарэлік, адзіны хлопец на ўсю вёску, закончыў у 1927 годзе адзіную на той час на ўвесь раён сямігадовую школу, якая знаходзілася ў Азарычах. Аляксандру вельмі хацелася працаваць на зямлі, і таму ў верасні 1928 года ён паступіў у Скрыгалаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум, які закончыў у маі 1932 года.
Малады спецыяліст быў размеркаваны на працу ў Асвейскую машына-трактарную станцыю ўчастковым аграномам. Участак быў даволі вялікі: у яго ўваходзіла 14 калгасаў, якія былі размешчаны ўздоўж латвійска-беларускай мяжы. “Бацьку было вельмі складана, але энтузіязм, малады запал, настойлівасць і вытрымка дапамагалі преаадольваць усе выпрабаванні”, – успамінае сын Яўген.
На вялікі жаль, хваля сталінскіх рэпрэсій дакацілася і да месца працы маладого агранома. У канцы студзеня 1933 года без усякіх прычын Аляксандр Гарэлік быў арыштаваны і ў пачатку мая 1933 года асуджаны на 5 гадоў па артыкуле 68 Крымінальнага кодэкса РСФСР. “Пра гады арышту бацька не любіў, не хацеў расказваць, – успаміне сын Яўген. – Балюча яму было ўспамінаць. Сам здзіўляўся, як усё вытрымаў”. Замест працы на Радзіме, на роднай зямлі, давялося пакутаваць у далёкім Кандалакшлагу, а таксама будаваць канал Ніўгез, удзельнічаць у будаўніцтве першай асфальтнай дарогі Масква – Кіеў – Калуга. “Галоўнае заўсёды ў тым, каб верыць. Трэба жыць надзеяй, верай, а не страхам”- дзяліўсяй пазне са сваімі сынамі Аляксандр Гарэлік.
Аляксандр Гарэлік быў вызвалены датэрмінова ў канцы кастрычніка 1936 года. Рэабілітаваны быў у 1959 годзе. З лістапада1936 года па люты 1938 года Аляксандр працаваў участковым аграномам Рэчыцкай машынна-трактарнай станцыі Гомельскай вобласці, з лютага 1938 года па 6 чэрвеня 1941 года быў старшым аграномам Азярышчанскай машынна-трактарнай станцыі Рэчыцкага раёна. Ветэраны нашага каледжа Барташ М.І., Крывіцкі М.І., Коршун У.Л., Таўлуй Г.Э. прыгадваюць, што пра сваю даваенную працу агранома Аляксандр Гарэлік з захапленнем мог расказваць гадзінамі! “Каб зямля, хлопцы, добрыя ўраджаі давала, трэба з любоўю і араць, і сеяць, і жаць. Для сябе ж, для сваёй Радзімы працуеце!”. Праца на роднай зямлі сапраўды моцна загартавала Аляксандра Гарэліка. А такая загартоўка яму вельмі спатрэбілася, калі мірная праца такіх моцных духам і целам юнакоў была на доўгі час перарвана вайной.
2. Гераічна-суровыя дарогі вайны.
Дваццацідзевяцігадовы Аляксандр Гарэлік быў мабілізаваны ў армію ў канцы чэрвеня 1941 года. 6 ліпеня 1941 года Аляксандра прызначылі старшыней сотні мабілізаваных на фронт юнакоў і мужчын. “Мы, мабілізаваныя, ішлі пешшу. Маршрут быў такі: Гомель – Бранск – Арол – Нарафамінск. Мая сялянская загартоўка ізноў жа здорава памагала. Так, ісці было цяжка фізічна, але як разрывалася сэрца ад болю, што на тваёй роднай зямлі лютуе вораг …” – успамінаў з болем Аляксандр на сваіх выступленнях у каледжы.
У горадзе Нарафамінску Аляксандр быў атэставаны ваенкаматам як інтэндант другога рангу. У верасні 1941 года ў горадзе Белгарад Курскай вобласці Аляксандр быў залічаны ў пятнаццаты стралковы полк чатырнаццатай стралковай запасной брыгады. У снежні 1941 года брыгада была перакінута на Урал. З 15 снежня 1941 года па 15 сакавіка 1942 года Аляксандр праходзіў вучобу на трохмесячных курсах малодшых лейтэнантаў-мінамётчыкаў 120-міліметровых палкавых мінамётаў. Званне лейтэнанта Аляксандру было прысвоена 20 сакавіка 1942 года загадам Уральскай ваеннай акругі.
Узмоцненая баявая падрыхтоўка працягвалася з 18 сакавіка па 5 красавіка 1942 года. Трыццацігадовага Аляксандра прызначылі памочнікам камандзіра ўзвода 45-га зенітна-стралковага палка, а з 6 красавіка па 10 лістапада 1942 года Аляксандр стаў намеснікам камандзіра кулямётнай роты гэтага ж палка. З 10 лістапада 1942 года распачаўся марш-кідок праз лінію фронту ў фашысцкі тыл.
Выкладчыкі і майстры вытворчага навучання, якія працуюць у каледжы і якія не раз слухалі выступленні Аляксандра Гарэліка, падкрэсліваюць, што гэты марш-кідок складаў 600 кіламетраў. І гэта было не падарожжа, а шлях на сапраўдную вайну. У складзе групы, якая ішла ў фашысцкі тыл, было 16 чалавек. Канчатковым месцам прызначэння была Налібоцкая пушча.
Варта адзначыць, што Аляксандр Гарэлік быў добра падрыхтаваны і як падрыўнік. “У навагоднюю ноч з 1942 на 1943 год мы падрыхтавалі фашыстам два добрыя падарункі: спусцілі пад адкос два эшалоны з тэхнікай і жывой сілай”, – адзначае ў сваіх запісках Аляксандр Гарэлік.
Па-сапраўднаму разгарэліся баявыя аперацыі ўжо ў Ліпічанскай пушчы з 14 студзеня 1943 года. Аляксандр у сваім ваенным дзённіку напісаў, што зімой 1943 года партызанскі атрад зусім нечакана папоўніўся сапраўдным скарбам для падрыўнікоў – неўзарванымі авіябомбамі. Пра неўзарваныя бомбы, якія знаходзіліся на палявым аэрадроме паблізу мястэчка Жалудок Шчучынскага раёна, расказаў падрыўнікам жыхар вёскі Дуброва Міхаіл Дзерабук, калі падрыўнікі спыніліся ў яго хаце, вяртаючыся з баявого задання. У партызанскі атрад было дастаўлена санітарным абозам 4 бомбы па 500 кг, 4 бомбы па 250 кг і 11 стакілаграмовых бомбаў. Запасу толу хапіла, як узгадвае Аляксандр Гарэлік, каб узарваць 62 эшалоны. Дарэчы, гэтыя эшалоны былі ўзарваны менавіта байцамі партызанскага атрада “Кастрычнік”, якім і камандаваў Аляксандр Гарэлік з 5 мая 1943 года. Гэты ж атрад уваходзіў у партызанскую брыгаду Навума Гаўрылавіча Кавалёва. Брыгада дзейнічала на тэрыторыі тагачаснай Баранавіцкай вобласці. Аляксандр Гарэлік стаў пазней намеснікам камандзіра гэтай брыгады.
За свае баявыя подзвігі Аляксандр Гарэлік, як нам удалося высветліць, быў прадстаўлены ў ліпені 1944 года да самой высокай узнагароды – звання Героя Савецкага Саюза. Мы не раз перачытвалі ўзнагародны ліст на Гарэліка Аляксандра, які камандзір злучэння партызанскіх брыгад падпісаў 15 ліпеня 1944 года. Ва ўзнагародным лісце Аляксандра Гарэліка адзначана, што ён 26 разоў удзельнічаў як камандзір у адкрытых баях. У выніку гэтых баёў былі знішчаны 92 фашысты і 63 узяты ў палон. Партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Аляксандра Гарэліка знішчыў 39 эшалонаў, 50 паравозаў, 241 вагон. 1 мая 1943 года Аляксандр сам узарваў 8 варожых эшалонаў, знішчыў 8 паравозаў, 85 фашыстаў. На вялікі жаль, Аляксандр Гарэлік сваю заслужаную ўзнагароду не атрымаў. Чаму – пытанне на сённяшні дзень застаецца адкрытым… За свае баявыя подзвігі Аляксандр Гарэлік адзначаны Ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, Ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, медалямі “Партызану Вялікай Айчыннай вайны I ступені”, “За Пермогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”.
Пра ўдзел Аляксандра Гарэліка ў партызанскай барацьбе ўзгадвае і Мікалай Дзянісавіч Каралёў у сваё кнізе “Навагрудак. Гістарычна-эканамічны нарыс”, выдадзенай у выдавецтве “Полымя” ў 1988 годзе.
Падчас даследавання нам трапілі ў рукі два фотаздымкі. На адным з іх Аляксандр, відаць, ацэньвае баявое становішча. Другі фотаздымак зроблены ў ліпені 1944 года, калі ў Навагрудку адбываўся партызанскі парад. Сапраўдны камандзір на белым кані, герой, упэўнены ў сваіх сілах, пазірае на нас з гэтых фотаздымкаў.
Баявыя ўзнагароды. Баявыя подзвігі … За кожнай узнагародай – вялікая ахвярнасць, ахвярнасць жыцця. За кожным подзвігам – непасрэдны позірк у вочы смерці. За кожным крокам па баявой сцяжыне – адно неўтаймаванае жаданне – перамагчы ворага. Звяртаючыся да падлеткаў, хочацца падкрэсліць, наколькі важна ў даволі складаны сённяшні час ведаць і суровую праўду пра мінулую вайну, і глыбока ў сваім сэрцы асэнсаваць ваенны лёс, подзвіг ветэранаў вайны.
3. Пасляваенная працоўная дзейнасць.
Беларуская зямля, зраненая за гады вайны, вельмі патрабавала адраджэння. І адрадзіць яе маглі такія загартаваныя працай, такія адданыя роднай зямлі людзі, як Аляксандр Гарэлік. Ужо ў ліпені 1944 года Аляксандр Аляксандравіч прызначаецца загадчыкам Карэліцкага раённага зямельнага аддзела.
Старэйшы выкладчык каледжа Барташ Міхаіл Іванавіч, які добра ведаў Гарэліка Аляксандра, успамінае, што перыяд сваёй працоўнай дзейнасці на дадзенай пасадзе Аляксандр Аляксандравіч Гарэлік характарызаваў, як адзін з самых цяжкіх перыядаў, падкрэсліваючы, што было гэтак жа цяжка, як і на вайне. Адрозненне заключалася толькі ў тым, што смерць не глядзела ў вочы. Не было, лічы, нічога: ні тэхнікі, ні коней, ні зерня, ні ўгнаенняў, ні спецыялістаў. Зямля спустошана. А людзям, краіне быў так патрэбен хлеб. Сапраўды, ізноў пачалася бітва. Толькі мірная. Адказнасць была велізарная!
На пасадзе загадчыка Карэліцкага раённага зямельнага аддзела Аляксандр Аляксандравіч працаваў па жнівень 1950 года. А потым яго чакала новая, больш адказная пасада, на якую можна было прызначыць чалавека, які не толькі мае вялікі вопыт працы на зямлі, але і ўмее яе арганізаваць. З 1950 па 1956 год Аляксандр Аляксандравіч з’яўляўся дырэктарам школы механізацыі сельскай гаспадаркі №26 (так называўся ў той час наш каледж).
Ветэран каледжа, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Таўлуй Г.Э., адзначае, што былы дырэктар вельмі любіў расказваць, як навучэнцы школы механізацыі сельскай гаспадаркі, якая спачатку знаходзілася ў мястэчку Наваельня, ішлі пешшу разам з ім, сваім дырэктарам, у Навагрудак, дзе на руінах былога польскага суда павінна была распачаць сваю дзейнасць Навагрудская школа механізацыі сельскай гаспадаркі № 26. “Выйшлі мы з хлопцамі з Наваельні а пятай гадзіне раніцы. Бадзёрыя былі такія ўсе, радасныя, – упамінае Аляксандр Аляксандравіч. – Было 11 гадзін раніцы, калі мы спыніліся каля паўразбуранага будынка былога польскага суда. Разумелі, што вучыцца давядзецца ў вельмі суровых умовах. Але ніхто (уяўляеце, што ніхто) з маіх навучэнцаў не разгубіўся! Проста ўсе хацелі вучыцца!”. Дзякуючы настойлівасці, стараннасці, энтузіязму Аляксандра Аляксандравіча, будынак быў адрамантаваны, з’явіліся мэбля, тагачасная сельскагаспадарчая тэхніка, і многія першыя выпускнікі школы механізацыі так зарэкамендавалі сябе ў хлебаробскай працы, што былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі за свае працоўныя подзвігі.
У 1956 годзе Аляксандр Аляксандравіч быў прызначаны старшынёй калгаса імя Надзеі Крупскай Навагрудскага раёна. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся па 1963 год і таксама зарэкамендаваў сябе як вопытны кіраўнік і адданы сваёй працы спецыяліст. З 1966 года па 1969 год Аляксандр Аляксандравіч працаваў старшынёй Навагрудскай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі. Выхад на заслужаную пенсію не спыніў яго працоўнага запалу. Аляксандр Аляксандравіч, будучы ўжо на пенсіі, васямнаццаць год адпрацаваў у Навагрудскім металаапрацоўчым вытворчым аб’яднанні ў аддзеле тэхнічнага кантролю. Аляксандр Аляксандравіч вельмі любіў расказваць моладзі пра сваю ваенную маладосць, пра пасляваеннае адраджэнне народнай гаспадаркі, заахвочваў іншых ветэранаў вайны таксама пашыраць сярод моладзі праўду пра гераічную барацьбу іх бацькоў і дзядоў супраць фашызму. Нездарма менавіта Аляксандр Аляксандравіч выбіраўся на працягу васямнаццаці год старшынёй ветэранскай арганізацыі вайны і працы, а таксама старшынёй таварыскага суда.
Аляксандр Аляксандравіч быў частым і жаданым госцем нашай навучальнай установы. Яго з задавальненнем запрашалі ў школы Навагрудскага, Лідскага, Карэліцкага, Дзятлаўскага, Слонімскага раёнаў.
Аляксандр Аляксандравіч вельмі клапаціўся пра захаванне памяці, прысвечанай гераізму нашых людзей у час Вялікай Айчыннай вайны. Пад яго кіраўніцтвам была абсталявана партызанская стаянка ў лесе каля вёскі Чарэшля Навагрудскага раёна. З’явілася на стаянцы і партызанская лазня, калодзеж, макет авіябомбы, нават звяно жалезнай дарогі, размешчаны два вялікія шчыты з адлюстраваннем маладых герояў партызанскага руху на Навагрудчыне Люсі Сечкі і Міхаіла Белуша, тэкст партызанскай прысягі.
Чытаючы прысягу, моладзь спрабуе задаць сабе пытанне: “Ці маглі б мы вось так смела, ахвярна пайсці змагацца за свабоду сваёй Радзімы, як гэта зрабілі тыя хлопцы, якія змагаліся ў партызанскім атрадзе пад камандаваннем Аляксандра Аляксандравіча Гарэліка?”. Тут, у партызанскім лесе, найлепш асэнсоўваеш трагедыю вайны і разумееш, наколькі важна берагчы памяць пра ўсіх тых, хто змагаўся за нашу свабоду, за наша мірнае жыццё.
Аляксандр Аляксандравіч быў, як мы даведаліся, пастаянным удзельнікам “Зорнай эстафеты”.
Аляксандр Аляксандравіч адзначаны за свой асабісты ўклад у развіццё ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі граматай Беларускага рэспубліканскага савета ветэранаў вайны за актыўную працу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі ад 15 мая 1972 года, граматай Цэнтральнага камітэта ЛКСМБ за актыўную працу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі ад 3 ліпеня 1984 года, падзякай Савецкага камітэта ветэранаў вайны за актыўны ўдзел па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі ад 6 мая 1985 года.
Роднае поле, прасторы прыгожай Навагрудчыны пастаянна прыцягвалі нашага героя. Нягледзячы на вельмі паважаны ўзрост, ён любіў выйсці ў поле, пасядзець у альтанцы на Свіцязі.
Вялікім сэнсам жыцця для Аляксандра Аляксандравіча была яго сям’я. Шмат год ён пражыў са сваёй жонкай, выхаваў траіх сыноў.
Яркае, доўгае жыццё Аляксандра Аляксандравіча (не дажыў толькі адзін дзень да ста год) можа сапраўды стаць добрым прыкладам, як жыць, верыць, перамагаць, настойліва ісці да выбранай мэты і як у самых складаных абставінах заставацца чалавекам.
ГАЛОЎНАЕ ЎПРАЎЛЕННЕ АДУКАЦЫІ ГРОДЗЕНСКАГА АБЛВЫНКАМА
УСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ НАВАГРУДСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ КАЛЕДЖ