Он ярким светом знаний озаряет
ШЧУКА
СВЯТЛАНА ГЕНАДЗЬЕЎНА
Он ярким светом знаний озаряет
ШЧУКА
СВЯТЛАНА ГЕНАДЗЬЕЎНА
Газета Полымя 27.10.2004
Газета "Полымя" 21.12.2010
Газета "Полымя" 05.05.2012
Газета "Полымя" 06.11.2012
Газета "Полымя" 31.09.2013
С.Г. Щука классный руководитель, класс МЧС
Дарья Пансевич, выпускница 2020г.
Грамота Пансевич Дарьи
Уласевич Вероника,
выпускница 2013 года
Як вядома, настаўнік – той, хто, настаўляючы людзей на дабро, перадае ім сваю душу, узбагачае сваім духоўным вопытам і адначасова валадарыць іх душамі. Можна бясконца пералічваць усе добрыя якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны настаўнік, а можна ўсё пералічанае вызначыць толькі адным – прыкладам, якім ён павінен быць для тых, каго настаўляе.
Праца сейбітаў разумнага, добрага, вечнага самая важная і неабходная сёння, бо чалавеку, “каб выбраць лепшую з дарог, патрэбна мудрасць працы, нашых сэрцаў; патрэбен бацька, маці, педагог…”.
Шчаслівы чалавек, на шляху якога сустрэўся сапраўдны настаўнік. Такі, да прыкладу, як Святлана Генадзьеўна Шчука.
Нарадзілася Святлана ў 1972 годзе 7 студзеня ў вёсцы Даўгінава Малюшыцкага сельскага савета Карэліцкага раёна. Тата і мама працавалі ў калгасе, мелі ўласную гаспадарку. Дзяўчынка з дзяцінства засвоіла бацькоўскія ўрокі мудрасці: “Трэба любіць працу: у ёй аснова жыцця”. Таму навучылася і шыць, і вышываць, і вязаць. За гэта ўдзячна не толькі сваёй маці, але і настаўніцы працоўнага навучання.
Яшчэ ў школе Святлана заявіла аб сабе як асобе стараннай і мэтанакіраванай. Вучылася на выдатна, радуючы бацькоў і настаўнікаў, спрабавала пісаць свае вершы. Родныя і знаёмыя жартам гаварылі: “У дошку разаб’ецца, а зробіць як мага лепш”.
Выпускны баль… У руках дзяўчыны – сярэбраны медаль (адна чацвёрка па алгебры). Ва ўніверсітэце таксама была ў ліку лепшых студэнтаў, таму што прафесію выбірала па душы. Прапаноўвалі застацца працаваць у абласным цэнтры, а яе цягнула ў родныя мясціны. Падтрымаў і муж Тадэвуш, які згадзіўся звязаць свой лёс з карэліцкай зямлёю.
Прыйшла працаваць маладая прыгожая настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў Карэліцкі раён пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы ў 1994 годзе. Пачала свой працоўны шлях у сярэдняй школе №1 г.п. Карэлічы. Сваім выбарам Святлана даказала важнасць народнай мудрасці: “Дзе радзілася, там і згадзілася”. І вось ужо 27 гадоў кожны дзень крочыць яна ў сярэднюю школу №2 г.п. Карэлічы.
Святлана Генадзьеўна – майстар сваёй справы. Ёй уласцівы штодзённы пошук і творчы неспакой. Глыбокае веданне матэрыялу, шырокая эрудыцыя, высокая педагагічная культура дазваляюць дабівацца высокіх паказчыкаў у педагагічнай дзейнасці.
Так, напрыклад, у 2010/2011 навучальным годзе – Уласевіч Вераніка, 9 клас, заняла І месца на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры;
2010/2011 навучальны год – Шымко Анастасія, 11 клас, Дыплом І ступені на рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі г. Масты, Дыплом І ступені на раённай навукова-практычнай канферэнцыі, ІІІ месца на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры;
2011/2012 навучальны год – Уласевіч Вераніка, 10 клас, І месца на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры;
2011/2012 навучальны год – Уласевіч Вераніка, 10 клас, Дыплом І ступені на рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі г. Масты, Дыплом ІІ ступені – г.Навагрудак;
2012/2013 навучальны год – Уласевіч Вераніка, 11 клас, Дыплом ІІ ступені на абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, удзельніца заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды.
2019/2020 навучальны год – Пансевіч Дар’я, 11 клас, Грамата на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
У 2005 годзе выпускніца Кужалевіч Вольга, а ў 2020 годзе Пансевіч Дар’я па выніках цэнтралізаванага тэсціравання атрымалі доўгачаканыя сто балаў па беларускай мове.
За шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі Святлана Генадзьеўна не раз была ўзнагароджана. А ў 2013 годзе атрымала высокае званне “Педагог-майстар”.
З 2011/2012 навучальнага года Святлана Генадзьеўна працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а таксама выкладае родную мову і літаратуру. Яна прызнаецца, што “гэта надзвычай няпроста, але жаданне несці моладзі культуру і прыгажосць роднага слова перамагае стомленасць”. Так, урокі Святланы Генадзьеўны арыентаваны не на засваенне гатовых ведаў, а на іх самастойнае адкрыццё, на развіццё творчых здольнасцей і пазнавальнай дзейнасці. Настаўніца імкнецца выхоўваць сваіх вучняў сапраўднымі патрыётамі, чулымі і сумленнымі людзьмі. Яна разважае так: “Поспех чакае настаўніка тады, калі ён думае, разважае, супастаўляе. Без пошуку і творчасці няма сапраўднага педагога. Сваю галоўную задачу як педагога бачу ў тым, каб сфарміраваць у вучняў актыўную жыццёвую пазіцыю, спрыяць выхаванню сапраўднага чалавека – шчырага, працавітага, чулага, духоўна багатага. Імкнуся наладжваць узаемаадносіны з вучнямі на прынцыпах сумленнасці і спагады. Маё педагагічнае крэда: “ Трэба любіць тое, чаму вучыш, і тых, каго вучыш”. Лічу, што педагог пакідае ў лёсе вучняў не толькі сваю адзнаку, але і часцінку душы”.
Сапраўды, гэта вялікай душы чалавек. Яе дабрыня – ключ да сэрца кожнага дзіцяці. Аб гэтым сведчаць любоў і павага вучняў.
“Святлана Генадзьеўна вельмі добра ведае сваю справу, таму з выкладзенага матэрыялу можна зачарпнуць шмат новага, цікавага, і ўвогуле, яна вельмі чулы, добры, вялікай душы чалавек. Усе вучні нашай школы любяць і паважаюць яе за паразуменне, добрае стаўленне да кожнага”.
Анастасія Бліноўская, выпускніца школы
“Святлана Генадзьеўна ўмее раскрыць здольнасці і таленты кожнага, заўсёды дасць разумную параду і нават, калі патрэбна, заўвагу. Яна вучыць нас разбірацца ў складаных жыццёвых сітуацыях, быць добрымі, заўсёды прыходзіць на дапамогу іншым, паважаць і шанаваць усё тое, што ў цябе ёсць, дапамагае складанае зрабіць простым, а простае значным. Яна заўсёды стрыманая, сумленная і справядлівая. Святлана Генадзьеўна, мудрая і таленавітая, ператварае кожны ўрок у займальнае падарожжа ў краіну ведаў”.
Уласевіч Вераніка, выпускніца школы
“ Са Святланай Генадзьеўнай мы крочым разам шэсць гадоў. Калі я ішла ў пяты клас, я ўжо шмат чула пра прафесійныя якасці настаўніцы. На першым уроку я канчаткова ў гэтым упэўнілася: матэрыял падаваўся зразумела, цікава, рабіліся акцэнты на самыя важныя моманты ў тэме. Яшчэ адным не менш важным фактарам з’яўляецца тое, што на ўроках прысутнічае вялікая колькасць практыкі, і гэта заданні не толькі з падручніка, але і з розных зборнікаў тэстаў, што само па сабе з’яўляецца добрым падмуркам для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага экзамену. Хочацца адзначыць і заняткі ў алімпіяднай групе. На іх я заўсёды атрымоўваю масу дадатковага цікавага матэрылу па беларускай мове і літаратуры, розныя “фішкі”, парады, як лепш зрабіць тое ці іншае заданне. Хочацца сказаць, што Святлана Генадзьеўна прафесійны, адказны і працалюбівы настаўнік, які вельмі глыбока любіць свой прадмет і вучняў. Дзякуючы ёй я палюбіла родную мову. Дзякуючы ёй я упэўнена ў сваіх ведах на ўсе сто”.
Кныш Мілана, вучаніца 10 класа
Асобнай старонкай у прафесійнай дзейнасці Святланы Генадзьеўны з’яўляецца пасада завуча. Тут, без перабольшвання, галоўнай гераіні няма ні хвіліны спакою: адзін расклад урокаў у пачатку навучальнага года чаго каштуе?! Аднак і тут Святлана Генадзьеўна стараецца быць прыкладам. Галоўная яе задача: дапамагчы, падтрымаць, падказаць… Калегі паважаюць Святлану Генадзьеўну за тактоўнасць, чуласць, кампетэнтнасць. Вось ужо больш за 10 гадоў умела (часам з пачуццём гумару!) вядзе яна педагагічны калектыў да выканання пастаўленых задач.
І тут задаешся пытаннем: калі яна ўсё паспявае? Паспявае, і не толькі ў школе. “Раней за ўсіх яна ўстае, пазней за ўсіх кладзецца…” Святлана Генадзьеўна – чулая маці, спагадлівая жонка, руплівая гаспадыня. Блінцы ў нядзельку на сняданак як традыцыя! Трэба ж “мужчын сваіх” (мужа і двух сыночкаў) парадаваць! Да блінцоў салацік “новы”. На вячэру бульба запечаная з мясам…
Як чалавек творчы, стараецца не толькі быць добрым кулінарам, але і паэтэсай. З якім захапленнем слухалі госці верш, прысвечаны да юбілею любімага мужа, прычым створаны ў час прыгатавання страў.
“Якое гэта шчасце, калі ўсе дома!” – любіць паўтараць Святлана Генадзьеўна.
А яшчэ любіць гераіня аповеду бываць у роднай вёсцы Даўгінава. Разам з мужам даглядаюць бацькоўскую хату, садзяць бульбу, агародніну.Там іх заўсёды чакаюць родныя ды кошка Васіліса, якая не прапусціць у дом, пакуль не палашчыцца (ведае, нябось, што гаспадары прысмакі прывезлі!). Цэлы дзень ходзіць за імі следам. Пасля дзённага клопату на падворку чуецца пах шашлыку, вясёлы смех… Гэта ўжо сыны расказваюць бацькам аб сваіх справах.
Вы скажаце: галоўная гераіня – ідэальны настаўнік і чалавек?! Так і ёсць!!!
І ўсё ж такі, які ён, ідэальны настаўнік? На гэта пытанне спрабавала даць адказ Уласевіч Вераніка, выпускніца школы, дыпламантка абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, удзельніца заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды: “Ідэальны настаўнік выдатна ведае свой прадмет і можа адказаць на самае незвычайнае пытанне. У яго словах прысутнічае запал, велізарнае жаданне навучыць усяму, што ён ведае сам. Добры педагог развівае ўменне думаць, самастойна знаходзіць рашэнні, прымяняць веды, атрыманыя ў школе, у паўсядзённым жыцці. Настаўнік – гэта носьбіт мудрасці і чалавечнасці. На яго ўскладзена вялікая адказнасць, бо менавіта ведамі, якія мы атрымліваем ад яго, скарыстаемся ў далейшым жыцці”.
З меркаваннем Веранікі нельга не пагадзіцца. Напэўна, наша гераіня і не імкнецца быць ідэальнай. Проста яна шчыра любіць сваю прафесію, сваю зямлю, сваіх родных і блізкіх. І як казаў У. Караткевіч ,“калі ёсць у народа такія, не загіне давеку народ”. Гэтыя словы яскрава падкрэсліваюць прафесійны шлях, жыццёвую пазіцыю, адносіны да даручанай справы, да родных і блізкіх Святланы Генадзьеўны Шчукі, завуча па вучэбнай рабоце ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы” .
Настаўнік, Ты – як Бог–,
У невялікім нашым гарадку,
Дзе ўсе і ўсё навідавоку,
Табе з паклонам я падам руку
І ціха выслухаю, быццам на ўроку.
М.Курыла
Горбач Марына Антонаўна,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п.Карэлічы”