Нравственный подвиг педагога
АЛЯКСЕЕВА
АЛЯКСАНДРА МІХАЙЛАЎНА
Нравственный подвиг педагога
АЛЯКСЕЕВА
АЛЯКСАНДРА МІХАЙЛАЎНА
З акопаў да школьнай парты
Аляксеева Аляксандра Міхайлаўна
1924 – 2007 гады жыцця
У вёсцы Ізабелін раней жыла добрая жанчына, у мінулым чулая і ўважливая настаўніца гісторыі АЛЯКСАНДРА МІХАЙЛАЎНА АЛЯКСЕЕВА.
Сваё дзяцінства былы ветэран вайны і працы ўспамінала са слязьмі на вачах. Дзяўчынцы было ўсяго сем гадоў, калі яна засталася без маці. Жылі яны тады з бацькам і сястрой на станцыі Фаянсавай, што непадалёку ад Смаленска. Бацька працаваў, калі можна так сказаць, з ранку да ночы, каб забяспечыць дзяцей кавалкам хлеба. Дзяўчынкі тым часам хадзілі ў школу, вучыліся, раслі.
Калі пачалася вайна, Аляксандра Міхайлаўна скончыла 9 класаў. Вучняў 7,8,9 класаў адпраўлялі добраахвотна капаць супрацьтанкавыя акопы, будаваць абароечыя рубяжы для Чырвонай Арміі. На такія работы хадзіла і Аляксандра. Калі немцы прарвалі фронт, то вучняў з земляных работ адправілі дадому. Дарогі дзеці не ведалі, таму вырашылі ісці ўздоўж чыгункі да станцыі Фаянсавай. Жудасная карціна паўстала перад вачыма дзяцей: наўкол стаялі абпаленыя хаты, былі бачнымі сляды бамбёжак, насустрач цягнулася доўгая вераніца войск адступаючай Чырвонай Арміі. Везлі параненых, хто мог яшчэ трымаць зброю ў руках, рыхтаваліся да абароны. Школьнікам пашанцавала сустрэць на сваім шляху старэнькага дзядка, які паведаміў ім, што немцы ўжо занялі станцыю. Невыносны страх закраўся ў маладыя сэрцы юнакоў і дзяўчат, але вялікае жаданне як мага хутчэй трапіць дамоў перамагло страх.
І вось перад яе вачыма паўстала роднае сяло. Амаль усе жыхары былі эвакуіраваны. Бацька ўсё цягнуў час, каб дачакацца сваёй старэйшай дачкі. Нарэшце Аляксандра вярнулася дамоў, і сям’я адправілася за лінію фронта. Як толькі мінавалі станцыю, нямецкая авіяцыя растраляла эшалон з людзьмі. З-за цяжкіх пашкоджванняў цягнік не мог рухацца далей. Людзі былі ў роспачы, ніхто не ведаў, што рабіць, у каго прасіць дапамогі. А немцы, адчуўшы сваю сілу, усё часцей і часцей рабілі абстрэлы з самалётаў.
“Я прыгнулася да самай зямлі і схавалася за нейкі пень,– успамінала Аляксандра Міхайлаўна і са страхам глядзела ўверх на самалёт. - Ён праляцеў над самай маёй галавой так нізка, што я нават разглядзела твар нямецкага лётчыка з рыжымі вусамі”.
Праз некаторы час людзей перасадзілі на пажарнааднаўленчы цягнік, і яны змаглі прадоўжыць свой далейшы шлях. Да самай Масквы іх увесь час бамбілі намецкія “Месершміты”. Асабліва страшныя бамбёжкі былі каля Калугі. У вагонах стаяла страшэнная духата, мучыла смага, асабліва цяжка прыходзілася малым дзецям, яны плакалі, а разам з імі пакутавалі і дарослыя. Уся чыгунка была перапоўнена саставамі эшалонаў, якія рухаліся з дыстанцыяй метраў у дзесяць.
Аднойчы ноччу немцам удалося ўзарваць адзін з цянікоў, які перавозіў артылерыйскія снарады і міны. Узрыў быў вельмі страшны, жудасны, вакол пылаў агонь, стаяў страшэнна едкі дым, а чорнае воблака распаўзлося на многія кіламетры.
У Маскву іх састаў прыбыў прыкладна 16-18 кастрычніка. Жудасная карціна паўстала перад вачыма Аляксандры Міхайлаўны. Горад, у якім яна не раз бывала раней, быў у асадным становішчы. На вуліцах Масквы стаялі супрацьтанкавыя “ежи”, ляжалі мяшкі з пяском. Горад рыхтаваўся да абароны.
Далей шлях ляжаў на горад Кіраў. Прыехаўшы туды, сям’я некаторы час жыла ў тым жа вагоне. Бацька хутка ўладкаваўся на працу кінолагам. Так як не было ні грошай, ні прадуктаў харчавання, жылося вельмі цяжка. Маладая дзяўчына марыла трапіць на фронт. Па гэтай прычыне пайшла ў ваенкамат. Ваенкам паглядзеў на кволую дзяўчынку і сказаў: “Падрасці яшчэ, рана табе ваяваць”. Але каб трошкі супакоіць Аляксандру, ён параіў ёй паступіць у жаночую ваенную каманду аховы, якая якраз тады фарміравалася. Жанчын набіралі для аховы чыгункі, таму што мужчын не хапала, бо яны пайшлі на фронт. Дзяўчына зрабіла ўсё так, як параіў ёй ваенкам. Туды ж паступіла і яе малодшая сястра. Ім выдалі прафесійныя наганы і прызначылі ахоўваць таварныя саставы, правяраць дакументы і грузы.
“У той суровы 1941 год зіма выдалася вельмі сцюдзённая,– успамінала Аляксандра Міхайлаўна - марозы ў Кіраве дасягалі 55 градусаў. На станцыі мы стаялі апранутыя ў ватнія штаны і кажухі, але мароз прабіраў наскрозь. “
Так прайшоў першы ваенны год. Калі Аляксандры Міхайлаўне споўнілася 18 год, зноў з новай сілай з’явілася жаданне трапіць на фронт. Але паўстала новая перашкода: служачых чыгункі на фронт не прызывалі, яны і так лічыліся ваеннаабавязанымі. Тады дзяўчына стала пісаць пісьмы-просьбы ў райкам камсамола, ваенкамат і нават галоўнакамандуючаму таварышу Сталіну. І вось яе доўгачаканая мара збылася. У 1944-м годзе Аляксандра Міхайлаўна разам з другімі дзяўчатамі была адпраўлена ў лагер за Свярдлоўскам, дзе рыхтавалі маршавыя роты на фронт. Некаторы час яны праходзілі там баявую падрыхтоўку. Днём вучыліся, а ноччу працавалі, гатавалі ежу для ваеннаслужачых лагера.
Праз месяц маладых прызаўнікоў павезлі ў горад Мурманск, дзе іх пачалі рыхтаваць на сувязных. Пасля паскоранай падрыхтоўкі ў Мурманску Аляксандра Міхайлаўна трапіла на Паўночны фронт. Цяжка прыходзілася маладой дзяўчыне: трэба было наладжваць сувязь, выпраўляць пашкоджанні нават пад бамбёжкамі. У яе лёсе былі доўгія цяжкія пераходы, нават па 30 кіламетраў у дзень, у любое надвор'е: дождж, вецер, люты мароз, снег. Пасля такіх пераходаў усе калені былі ў крыві, раздзертыя мокрым шынялём. Не хапала і прадуктаў харчавання, пагэтаму трэба было часта шукаць якое-небудзь дапаўненне да беднага ваеннага пайка. Сярод сувязных знаходзіліся добраахвотнікі, якія адпраўляліся на заліў, які быў непадалёку. Там было затоплена шмат нямецкай тэхнікі. Яны "вудзілі" палкамі з забітымі ў іх цвікамі кансервавыя банкі. Праўда, мяснога нічога не пападалася здабыць, але кансервы з агародніны траплялі часта.
Затым Аляксандра Міхайлаўна служыла на камутатары. Аднойчы ў час дзяжурства яна пачула шум, крыкі і страшную страляніну. Выйсці даведацца, што здарылася, не магла: нельга было пакідаць камутатар. Але вялікая цікавасць авалодала ёю, і яна звязалася са знаёмымі сувязнымі. Тыя ёй паведамілі самую дарагую навіну — вайне канец. Пачуццё вялікай, бязмернай радасці перапаўняла сэрца маладой дзяўчыны. Так скончылася вайна для Аляксеевай Аляксандры Міхайлаўны.
За баявыя заслугі яна была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені і многімі медалямі.
У верасні 1945 года Аляксандра Міхайлаўна была дэмабілізавана і прыехала ў горад Ваўкавыск, куды раней быў накіраваны яе бацька. Ён працаваў у ахове чыгункі і жыў у каравульным памяшканні. Затым сям'і Аляксеевых выдзелілі асобны пакой.
Мірнае жыццё патроху наладжвалася. СпачаткуАляксандра Міхайлаўна працавала ў чыгуначным дэпо сакратаром-машыністкай. У дзяцінстве яна марыла стаць медыкам, але вайна не дала вжыцявіць свае мары, скончыла толькі 9 класаў. Таму ў Ваўкавыску адразу пайшла вучыцца ў вячэрнюю школу. Але медыкам ёй стаць так і не давялося. Яна выбрала сабе другую прафесію — прафесію настаўніка. Паступіла спачатку ў Брэсцкі настаўніцкі інстытут, які скончыла праз два гады і стала працаваць настаўніцай. Гэтай прафесіі Аляксандра Міхайлаўна прысвяціла ўсё сваё жыццё. Затым завочна закончыла Мінскі педагагічны інстытут. Выкладала гісторыю спачатку ў васьмігадовай школе ў Драгічанах, затым у Ізабелінскай сярэдняй школе. За добрасумленную працу неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі ўстаноў адукацыі.
Выйшла на пенсію, але з задавальненнем прымала ўдзел у розных мерапрыемствах школы. Яна была частым і жаданым госцем на канцэртах, мітынгах, ранішніках. 3 яе ўдзелам праходзілі школьныя вечары, бацькоўскія сходы.
На жаль, Аляксандры Міхайлаўны цяпер з намі няма, але памяць аб ёй назаўсёды застанецца ў сэрцах жыхароў Ізабеліна.
Луговіч Уладзімір Іосіфавіч,
кіраўнік па ваенна-патрыятычнаму выхаванню
ДУА "Сярэдняя школа в.Ізабелін"