Он ярким светом знаний озаряет
БАЛЮК
СВЯТЛАНА СЯРГЕЕЎНА
Он ярким светом знаний озаряет
БАЛЮК
СВЯТЛАНА СЯРГЕЕЎНА
Балюк С.С. з пераможцай трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія” 2022 г.
У педагагічным майстэрстве роля асобасных уласцівасцей чалавека настолькі вялікая, што яны становяцца яго прафесійнымі якасцямі. Настойлівасць, шчырасць, мэтанакіраванасць, сумленнасць, сціпласць, спагадлівасць – рысы, якія дапамагаюць Святлане Сяргееўне Балюк кіраваць калектывам мудра, а вучыць свайму прадмету эфектыўна і якасна.
Святлана Сяргееўна працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна з 2010 года. Гэта граматны, эрудзіраваны кіраўнік, які валодае рознабаковымі ведамі па псіхалогіі і педагогіцы. Яе кампетэнтнасць, уменне выбудоўваць узаемаадносіны, гатоўнасць даць кваліфікаваную параду забяспечылі павагу і аўтарытэт у калег, навучэнцаў і іх бацькоў. Святлана Сяргееўна – моцны лідар, які ўмее натхняць і за якім хочацца ісці, які верыць у сваю справу і гарыць ёй. Гэта кіраўнік, які адкрыты да перамен, які не трымаецца за неэфектыўныя, але прывычныя метады працы.
Аднак галоўнае сваё прызначэнне Святлана Сяргееўна бачыць у навучанні дзяцей біялогіі. Асаблівую ўвагу надае настаўнік рабоце з адоранымі, таму сярод яе вучняў – удзельнікі і пераможцы даследчых канферэнцый, розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Напрыклад, у 2021/2022 навучальным годзе з трох удзельнікаў другога этапу алімпіяды – усе тры вучні сталі пераможцамі, а дзевяцікласніца Вікторыя Пачэбут атрымала дыплом III ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія”, а ў 2022/2023 навучальным годзе – чатыры ўдзельнікі другога этапу алімпіяды сталі пераможцамі, а адзінаццацікласніца Дзіяна Ботвіч узнагароджана дыпломам III ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды.
Кожны год сярод выпускнікоў Поразаўскай сярэдняй школы ёсць тыя, хто здае цэнтралізаванае тэсціраванне менавіта па біялогіі і робіць адпаведны прафесіянальны выбар. Ва ўстановы адукацыі медыцынскага профілю ў 2020 і 2021 гадах паступіла трыццаць працэнтаў выпускнікоў, а ў 2019 – наогул пяцьдзясят! Дарэчы, дачка Лізавета і сын Мікіта таксама закончылі Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.
У 2023 годзе на цэнтралізаваным экзамене дзве выпускніцы набралі па біялогіі максімальную колькасць балаў, а адной да ста не хапіла ўсяго тры балы. Ці ж гэта не выдатны вынік? На пытанне карэспандэнта раённай газеты, у чым сакрэт поспеху, Святлана Сяргееўна сціпла адказала, што найбольш дапамагла мэтанакіраванасць і дысцыплінаванасць вучняў. А педагогі школы былі сведкамі таго, як правільна, рацыянальна і карпатліва ставілася да работы менавіта настаўніца. Святлана Сяргееўна зацікавіла сваім прадметам, умела спалучыла падрыхтоўку да алімпіяды з падрыхтоўкай да экзамену – што зусім няпроста. Кожную суботу вучні спяшаліся на дадатковыя заняткі, пасля ўрокаў з задавальненнем затрымліваліся, каб хоць гадзінку пазаймацца любімым прадметам. Пасля рэпетыцыйнага экзамену дэтальна абмяркоўвалі ўзнікшыя пытанні, аналізавалі, разважалі, даказвалі… Шмат часу і энергіі ў настаўніцы ідзе на такую насычаную работу… Але як прыемна было, калі ўжо ў чэрвені Ботвіч Дзіяна, прайшоўшы адбор сярод такіх жа таленавітых маладых людзей, стала студэнткай біялагічнага факультэта Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта!
У педагагічнай дзейнасці Святлана Сяргееўна выкарыстоўвае праблемныя, даследчыя, інтэрактыўныя метады, інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі. Настаўніца перадае вучням не толькі веды, але і свае адносіны да свету, стварае вакол сябе пэўную эмацыйную атмасферу, якая ўплывае на фарміраванне характараў, поглядаў. Часта назіраеш за старшакласнікамі, якія пачынаюць займацца са Святланай Сяргееўнай – і міжволі заўважаеш, як яны мяняюцца: становяцца сур’ёзнейшымі, больш удумлівымі, тактоўнымі, шчырымі… Так інтэлект і культура настаўніка, яго справядлівасць і чалавечнасць уплываюць на фарміраванне дзіцячых характараў.
У скарбонцы Святланы Сяргееўны – цэлы рад узнагарод: Ганаровая грамата ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта (2014 г.), Ганаровая грамата Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта (2022 г.), Падзячны ліст старшыні Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў (2019 г.), Падзяка старшыні Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта (2020 г.), Ганаровая грамата аддзела адукацыі Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта (2015 г., 2010 г., 2007 г.) і іншыя.
Назіраючы за педагагічнай дзейнасцю Святланы Сяргееўны, разумееш, што гэта настаўнік-прадметнік, які адпавядае высокім патрабаванням прафесійнай дзейнасці, і галоўныя яе дасягненні і перамогі яшчэ наперадзе!
Астапчык Таццяна Іосіфаўна,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА «Поразаўская сярэдняя школа»