Нравственный подвиг педагога
ЛІЧЫК
ВАЛЯНЦІНА ЛУК’ЯНАЎНА
Нравственный подвиг педагога
ЛІЧЫК
ВАЛЯНЦІНА ЛУК’ЯНАЎНА
Пасведчанне аб узнагароджванні нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы”
Віншавальныя пісьмы ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі
Пісьмо Янушкі Цімафея Міхайлавіча
Святло яе зоркі
Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі след у лёсах людзей, стала суровым выпрабаваннем і для настаўнікаў. Іх ваенны і працоўны подзвіг – гэта яркі прыклад мужнасці, гераізму, адданасці сваё прафесіі. Прайшоўшы кожны свой франтавы шлях, яны ўнеслі вялікі ўклад у разгром фашызму і аднаўленне краіны пасля ваеннага ліхалецця. Побач з настаўнікамі-мужчынамі на вайне змагаліся і жанчыны-настаўнікі. Як прыклад – гэта Вера Лук’янаўна Лічык.
Валянціна Лук’янаўна Лічык (Атока) нарадзілася 5мая 1925 года ў вёсцы Лозы Поразаўскага раёна. Гэта была вялікая і дружная сям’я, дзе ў пашане заўсёды заставалася сялянская праца. Дзядуля служыў наглядчыкам у Белавежскай пушчы, быў адукаваным чалавекам, умеў іграць на скрыпцы, займаўся пчалярствам; бабуля працавала акушэркай, бацька – Атока Лук’ян Міхайлавіч – хлебаробам, а мама – Ніна Ільінічна – да 1939 года настаўніцай. У сям’і выховалася пяцёра дзяцей.
У 1940 годзе Валюша (так заўсёды прыветна называла яе мама) паступае ў Ваўкавыскае педвучылішча. Хутка праляцеў год вучобы, і шаснаццацігадовая дзяўчынка ўжо здае дзяржаўныя экзамены за першы курс. У перапынках паміж экзаменамі вырашыла наведацца дамоў. А назад... Назад не пусціла вайна. Гэта страшнае слова Валя пачула 22 чэрвеня 1941 года ў гарадскім пасёлку Поразава, куды яе прывёз бацька, каб дабрацца на аўтобусе да Ваўкавыска. Тады Лук’ян Міхайлавіч прымае рашэнне вярнуцца назад у Лозы. Вучоба была спынена на доўгія тры гады..
Ужо на трэці дзень, 25 чэрвеня, пасёлак Поразава быў заняты немцамі, толькі да Лозаў яны яшчэ не дайшлі. Але тут, у тыле ворага, засталіся адрэзаныя наступленнем фашыстаў салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі, партыйныя і савецкія работнікі з суседніх раёнаў. Яны і выступілі арганізатарамі падпольных і партызанскіх груп, да якіх далучаліся мясцовыя жыхары з навакольных вёсак. Сярод іх была і сям’я Атокаў, у тым ліку Валя.
З сакавіка 1942 года да лютага 1943 года яна была сувязной партызанскай групы пад камандаваннем Вікенція Янушкі (пазней група перарасла ў атрад імя Паддубнага). Кожны раз рызыкуючы сваім жыццём, разам са сваім сёстрамі Вольгай і Тоняй разносіла лістоўкі, якія перадавалі партызаны. Зрабіць гэта было няпроста, таму часта прыходзілася ісці на хітрасць: у лістоўкі закручвалі яблыкі (у Атокаў быў вялікі сад, пасаджаны яшчэ дзядулем) і разносілі па навакольных вёсках, а бацька прадаваў такія яблыкі на базары ў Поразава. З лютага 1943 года да ліпеня 1944 года была сувязной атрада імя Кірава брыгады імя Панамарэнкі Брэсцкага злучэння. Са студзеня 1943 года да 14 ліпеня 1944 года з’яўлялася сакратаром падпольнай камсамольскай арганізацыі.
Валянціна Лук’янаўна добрасумленна выконвала ўсе даручэнні камандавання атрада імя Кірава: распаўсюджвала лістоўкі, антыфашысцкую літаратуру, збірала боепрыпасы, важныя звесткі, і перадавала партызанам, забяспечвала днёўкі дыверсійным групам. Яе заслугі перад Айчынай не засталіся незаўважанымі. За храбрасць, стойкасць і мужнасць Валянціна Лук’янаўна Лічык узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём Жукава, шматлікімі юбілейнымі медалямі, . У сямейным архіве сярод узнагарод і дакументаў беражна захоўваюцца салдацкія трохвугольнікі – віншавальныя пісьмы-падзякі Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі. А яшчэ, на першы погляд, звычайны лісток у клетачку са школьнага сшытка, толькі добра пажаўцелы ад часу, у якім даецца пацвярджэнне таму, як Валянціна Лук’янаўна змагалася супраць фашыстаў. Ліст напісаны рукой Янушкі Цімафея Міхайлавіча, былога другога сакратара антыфашысцкай падпольнай арганізацыі Поразаўскага раёна.
Працоўны подзвіг гэтай жанчыны такі ж ратны, як і баявы. Пасля вызвалення яна працавала ў Падароску ў зямельным аддзеле. Але проста “пісаць спраўкі” былой партызанскай сувязной было не да душы. Валянціне Лук’янаўне хацелася працаваць у школе. Тады яна была накіравана ў Дешкаўскую сямігодку, завочна працягвала вучобу ў педвучылішчы.
У працоўнай кніжцы Валянціны Лук’янаўны Лічык адзначаны саракагадовы педагагічны стаж: акрамя Дзешкаўскай, працавала настаўнікам пачатковых класаў у Поразаўскай і Кукліцкай школах. 22 жніўня 1977 года яна ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства асветы Беларускай ССР “Выдатнік народнай асветы ”.
3 чэрвеня 2019 года Валянціна Лук’янаўна Лічык пайшла з жыцця...
Жыццёвы шлях кожнага чалавека адметны, бо ў кожнага ёсць свая зорка, якая запальваецца ў момант яго нараджэння і гарыць, пакуль ён жыве. Валянціна Лук’янаўна пражыла 94 гады, але яе зорка ніколі не згасне і будзе свяцціць заўсёды. Гэта цудоўная жанчына, інтылегентная, адкрытая, светлая, з нейкім асаблівым святлом у вачах і шчырай усмешкай, годна, дастойна, мужна і гераічна прайшла ўсе выпрабаванні, наканаваныя лёсам, тым самым паказала яркі прыклад, як трэба абараняць і любіць сваю Айчыну. Яе жыццё на карысць Бацькаўшчыне – сапраўдны арыенцір для маладога пакалення.
Саўко Вера Юр’еўна,
вучаніца 7 класа,
Шкодзіч Жанна Васільеўна,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ГУО “ХАНЯВІЦКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА
СВІСЛАЦКАГА РАЁНА”