Он ярким светом знаний озаряет
КВЕЦЕНЬ
ВАЛЯНЦІНА ЧАСЛАВАЎНА
Он ярким светом знаний озаряет
КВЕЦЕНЬ
ВАЛЯНЦІНА ЧАСЛАВАЎНА
НАСТАЎНІК, ЯКІ НАТХНЯЕ НА ПОСПЕХ
Як часта бывае, сустрэнеш чалавека, пагаворыш, і адразу становіцца ясна, што прысвяціў ён жыццё сваёй любімай прафесіі, прымяніў свае здольнасці ў той справе, якая бліжэй за ўсё да сэрца, і гэтым карысны грамадству.
Працуючы поплеч не адзін год у адным калектыве з Валянцінай Чаславаўнай Квецень, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Жырмунскай сярэдняй школы, разумееш, што ніколі яна не пашкадавала аб сваім выбары. Шмат дзяцей яна навучыла любіць родную мову. Яе спакой, ураўнаважанасць, інтэлігентнасць, “разумныя” ўрокі прыцягваюць і выклікаюць пачуццё павагі і ўдзячнасці сярод вучняў і калег. Але не толькі дасканалае веданне прадмета выкладання, моцная метадычная падрыхтоўка, шчырае захапленне сваёй справай прываблівае вучняў. Натхнёныя настаўніцай, яны раз за разам спяшаюцца на заняткі лінгвакраязнаўчага клуба “СЛОВА.ву”, які працуе па ініцыятыве Валянціны Чаславаўны ва ўстанове адукацыі з 2014 г. У супрацоўніцтве з педагогам юныя даследчыкі вывучаюць гісторыю, культуру і традыцыі малой радзімы на аснове рэгіянальнага кампанента – вуснай народнай мовы.
– Прыемна, што колькасць жадаючых далучыцца павялічваецца, – адзначае педагог. – Мне падабаецца працаваць з вучнямі, якія актыўна даследуюць гісторыю свайго роду, нашай малой радзімы. Радасна бачыць, як яны адчуваюць сябе адзінай камандай у творчасці і даследаванні. Характэрна, што ў навучэнцаў паляпшаецца паспяховасць па беларускай мове і літаратуры. А перамогі ў конкурсных мерапрыемствах, як жартуюць калегі, сталі для нас звычайнай справай.
У скарбонцы дасягненняў лінгвакраязнаўчага клуба шматлікія перамогі на сур’ёзных абласных і рэспубліканскіх конкурсах (канферэнцыях) работ даследчага характару. Сярод самых важных варта ўзгадаць 1-е месца ў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Тапанімічныя даследаванні як сродак прыцягнення навучэнцаў да пошукава-даследчай краязнаўчай дзейнасці” ў намінацыі “Сельскія населеныя пункты”, які праходзіў на базе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Падкрэсліваюць вартасць і значнасць лінгвакраязнаўчых даследаванняў і тое, што 5 юных філолагаў з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (2012, 2013, 2014, 2015, 2016, 2021 гг). Адной вучаніцы двойчы прысуджалася гэтае ганаровае “званне”.
Мы, дарослыя, павінны не ўпусціць час, каб прывіць цікавасць і навучыць любіць родную мову, шанаваць традыцыі, гісторыю Радзімы, каб нашы дзеці выраслі добрымі людзьмі, сапраўднымі беларусамі, адданымі грамадзянамі і патрыётамі сваёй краіны.
З цеплынёй і ўдзячнасцю пра Валянціну Чаславаўну гаворыць былы “даследчык” лінгвакраязнаўчага клуба, а сёння – студэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзіслаў Юхневіч:
– Я лічу, мне пашчасціла, што беларускую мову ў школьныя гады выкладала ў мяне менавіта Валянціна Чаславаўна. Яна той чалавек, які навучыў мяне любіць родную мову, не саромецца, а, наадварот, з гонарам размаўляць па-беларуску. Дзякуючы педагогу я стаў даследчыкам у галіне мовазнаўства, зразумеў, якая яна шматгранная і бясконцая ў вывучэнні, адчуў прыгажосць беларускага слова. Валянціна Чаславаўна вучыла нас не толькі дасканаламу веданню свайго прадмета, але і жыццю. Гэта той педагог, які адданы прафесіі, шчыра захоплены настаўніцкай справай.
– Вопыт школьных даследаванняў стаў асновай майго студэнцкага поспеху і жыццёвага вопыту. На першым курсе я ўжо была членам студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Слова ў сістэме працы па развіцці маўлення малодшых школьнікаў” пры кафедры беларускага і рускага мовазнаўства факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Навыкі даследчай дзейнасці, прывітыя Валянцінай Чаславаўнай, я змагла прымяняць падчас рэалізацыі студэнцкіх стартап-праектаў. Вопыт працы са словам дапамог ў распрацоўцы “Даведніка па літаратурным чытанні для 2-4 класаў” (2019 г.). Шчыра сказаць, ганаровым было для мяне, будучы яшчэ другакурсніцай, стаць суаўтарам гэтага выдання разам з навукоўцамі і вопытнымі педагогамі школ Мінскай вобласці, – дзеліцца ўражаннямі Дар’я Квецень і, сціпла прызнаўшыся, што Валянціна Чаславаўна – гэта не проста вопытны і мудры педагог, а яе любая матуля, дадала: – У нашым сямейным альбоме ёсць стары фотаздымак, дзе маленькая дзяўчынка Валя, пасадзіўшы ў рад сваіх лялек, “правярае” іх сшыткі. Напэўна, ужо тады было наканавана маці стаць настаўнікам, абраць шлях педагагічнай дзейнасці. І больш за 30 гадоў працы яна ні разу не захацела сысці з прафесіі. Усё, чым яна займаецца, ёй вельмі падабаецца. Асабліва імпануюць штодзённыя дзіцячыя ўсмешкі, якія дораць радасць, надаюць сіл і натхняюць на далейшую працу.
Родам Валянціна Чаславаўна Квецень з вёскі Сакалы Воранаўскага раёна. Вучылася ў Бастунскай сярэдняй школе.
– Прафесію настаўніка я абрала яшчэ ў дзяцінстве (у 10 гадоў паведаміла пра гэта бацькам) і ніколі не сумнявалася ў выбары. Любоў да яе склалася з любові да літаратуры і мастацтва (у пачатковых класах вельмі любіла ўрокі малявання) і жадання гэтай любоўю дзяліцца з іншымі. Тады гэта было чымсьці хутчэй інтуітыўным, паступова станавілася больш усвядомленым, нягледзячы на тое, што многія, нават бацькі, адгаворвалі або лічылі, што я змяню погляды. Думаю, справа ў тым, што мяне акружылі вельмі добрыя настаўнікі, і цяпер, аналізуючы гэта ўжо з пазіцыі дарослага, з пазіцыі настаўніка, я разумею, якую істотную ролю гэтыя людзі адыгралі ў маім жыцці.
Мне сапраўды пашчасціла вучыцца ў выдатных педагогаў, якія былі эталонам настаўніка і па дзелавых, маральных якасцях, і нават па знешнасці, – адзначае Валянціна Чаславаўна. – Першай настаўніцай была Яўгенія Іванаўна Гурская, якую заўсёды ўспамінаю з асаблівай цеплынёй і пяшчотай. Пазней класным кіраўніком стала Часлава Пятроўна Бондар, таленавіты і мудры педагог, заслужаны настаўнік БССР. Таму варыянтаў, куды пайсці вучыцца, не было. Скончыўшы 8 класаў (вельмі ж хацелася хутчэй стаць самастойнай і незалежнай), выбрала прафесію настаўніка пачатковых класаў і паспяхова паступіла ў Лідскае педагагічнае вучылішча.
Першым працоўным месцам нашай гераіні стала Праважская базавая школа на Воранаўшчыне. Далей чакала Курчоўская пачатковая школа. Таму пачатак працоўнай дзейнасці і далейшы шлях педагога можна ахарактарызаваць вядомай народнай прыказкай: “Дзе нарадзілася, там і згадзілася”. Амаль 10 год Валянціна Чаславаўна навучала і выхоўвала малодшых школьнікаў. Затым сям’я пераехала ў вёску Жырмуны Воранаўскага раёна, і тут, у мясцовай школе, яна дэбютавала ў якасці педагога-арганізатара: праводзіла піянерскія зборы, агульнашкольныя святы, канцэрты. Аднак мара стаць настаўнікам роднай мовы і літаратуры не адпускала. І ў 2003 годзе Валянціна Чаславаўна паступіла на філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
– Ведаеце, мяне заўсёды цікавілі даследаванні і магчымасць ствараць, шукаць і знаходзіць нешта новае, – працягвае Валянціна Чаславаўна, – а тут яшчэ надаўся выпадак: атрымоўваючы вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэце, давялося працаваць над дыпломнай працай. Вось тут, можна сказаць, і пачаліся мае першыя, уласныя крокі ў даследаванні ў галіне мовазнаўства. Тэму будучай дыпломнай працы выбірала сама з вялікай колькасці прапанаваных нам, студэнтам. Увагу спыніла на “Батанічнай лексіцы ў народных беларускіх гаворках”. Памятаю, колькі было хвалявання, а потым і расчаравання, калі кіраўнік дыпломнай працы, хуценька (як мне на той час здалося, нават несур’ёзна), прагледзеўшы змест маіх лінгвістычных даследаванняў, перакрэсліла амаль усё і спакойна так сказала: “А давайце пачнём зараз з самага пачатку!..”
Прайшло шмат часу. І сёння я вельмі ўдзячна кіраўніку маёй дыпломнай працы Ірыне Вайцехаўне Піваварчык, дацэнту, кандыдату філалагічных навук, выкладчыку кафедры журналістыкі ў Купалаўскім універсітэце за тыя “ўрокі”, што сталі першай прыступкай майго прафесійнага росту і развіцця ў арганізацыі і правядзенні даследчай дзейнасці ўжо з маімі вучнямі. Нам штогод даводзіцца сустракацца на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Крыштальная альфа”. Ірына Вайцехаўна ў якасці старшыні журы заўсёды дае слушныя заўвагі і парады, пры асабістых сустрэчах і падчас тэлефонных размоў кансультуе мяне і маіх вучняў перад выступленнямі на рэспубліканскіх конкурсах (канферэнцыях) работ даследчага характару.
Дырэктар школы С.С. Корда, далучыўшыся да размовы, адзначыў:
– Валянціна Чаславаўна – кампетэнтны і адказны педагог. Яна добра валодае методыкай выкладання прадмета, працуе ў профільным класе па вывучэнні беларускай мовы на павышаным узроўні. Шмат увагі надае прафесійнаму ўдасканаленню.
Валянціна Чаславаўна Квецень заўсёды шчыра дзеліцца педагагічнымі напрацоўкамі і знаходкамі па арганізацыі і правядзенні вучнёўскіх лінгвакраязнаўчых даследаванняў з калегамі ўстаноў адукацыі Воранаўскага раёна, спецыялістамі раённых аддзелаў адукацыі Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, што курыруюць вучэбныя прадметы “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Валянціна Чаславаўна з’яўлялася ўдзельніцай інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчых кампетэнцый вучняў на аснове вывучэння духоўнай і культурнай спадчыны” (2016 – 2019).
Валянціна Чаславаўна ганарыцца поспехамі і перамогамі сваіх вучняў. Юныя філолагі-даследчыкі 10 разоў прадстаўлялі вынікі сваіх лінгвакраязнаўчых пошукаў у конкурсных мерапрыемствах на рэспубліканскім узроўні, 9 з іх былі высока адзначаны членамі журы ў складзе беларускіх вучоных-лінгвістаў.
Сярод асабістых перамог – дыпломы ў рэспубліканскім конкурсе “Мая Беларусь” у намінацыі “Метадычныя распрацоўкі пазакласных мерапрыемстваў” (2022 г.), што праводзіўся ў рамках рэалізацыі Міжнароднага інавацыйнага праекта “Мая Айчына”; дыплом у абласным конкурсе вусных часопісаў “Прырода і чалавек у ёй” (2022 г.). Квецень В.Ч. мае публікацыі ў электронным зборніку “Пазнанне ў сатворчасці” Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2019 г.), у часопісе “Адукацыя і выхаванне” (2020 г.); вопыт працы публікаваўся ў “Настаўніцкай газеце”. За цеснае супрацоўніцтва з навуковым і метадычным часопісам “Роднае слова” педагог адзначана Лістом падзякі рэдакцыі выдання.
Матэрыял з вопыту работы педагога па фарміраванні даследчых кампетэнцый навучэнцаў на аснове духоўнай і культурна-гістарычнай спадчыны адзначаны дыпломам 2 ступені на абласным этапе ХVIII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі ў рамках Года малой радзімы (2020 г.).
Увогуле, пра Валянціну Чаславаўну калегі кажуць: “Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім”. Яна, і праўда, цікавы і творчы чалавек: вельмі добра малюе, выцінае выразанкі… А якія цудоўныя карціны, зроблены рукамі Валянціны Чаславаўны, са скуры! Здаецца, няма такой справы, якая б была не пад сілу настаўніцы. Творчыя здольнасці і ўменні педагог перадае сваім выхаванцам на занятках аб’яднання па інтарэсах “Экалагічная палітра”. У апошні час педагог засвоіла сама і захапіла дзяўчынак-старшакласніц мадэляваннем адзення і стварэннем fashion-ілюстрацый. Другі год запар выхаванка аб’яднання Паліна Юхневіч – пераможца абласнога фестывалю юных мадэльераў і дызайнераў “Жывіца”. Калекцыя яе fashion-ілюстрацый вылучаецца арыгінальнасцю, спалучэннем фальклорных традыцый і сучаснасці.
Сваіх выхаванцаў (а гэта вучні 5-9 класаў) Валянціна Чаславаўна вучыць разумець мастацтва, перадаваць у малюнках свае пачуцці, думкі, хваляванні. На першае месца педагог ставіць індывідуальную работу з кожным вучнем, развівае яго здольнасці, узбагачае духоўны свет. У калідорах школы аформлены выставы творчых работ вучняў – гэта як візітная картка мастацкага аб’яднання. Вы бачылі б, з якім гонарам праходзяць вучні ля сваіх работ, дзе, як на карцінах вядомых майстроў, напісана іх уласнае імя, як імя сапраўднага мастака! Безумоўна, такое дзіця вырасце добрым і чулым чалавекам, сапраўдным грамадзянінам.
– Валянціна Чаславаўна не толькі вучыць дзяцей, дае ім глыбокія веды, але і з’яўляецца для іх прыкладам пераймання, эталонам працавітага чалавека, адданага ўсім сэрцам сваёй справе, справядлівага і мудрага настаўніка. Сціплая, інтэлігентная, заўсёды адкрыта да шчырай размовы, – так выказваюцца пра настаўніка бацькі навучэнцаў школы.
За высокія паказчыкі, вялікі ўклад у развіццё сістэмы адукацыі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці педагог неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Воранаўскага райвыканкама. У 2022 г. імя В.Ч. Квецень занесена на раённую Дошку гонару.
– Дасягненні настаўніка – гэта дасягненні яго вучняў, толькі так настаўнік можа паказаць вынікі сваёй працы, – сціпла падкрэсліла Валянціна Чаславаўна Квецень.
Наталля Іванаўна Юхневіч,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА "Жырмунская сярэдняя школа"