Нравственный подвиг педагога
597 артполк 5 арміі 1-га Дальнеўсходняга фронту
597 артполк 5 арміі 1-га Дальнеўсходняга фронту
У.В.Утко 1946 год
У.В.Утко 1959 год
Сустрэча У.В.Утко з навучэнцамі
Сустрэча У.В.Утко з навучэнцамі
Музей Бобравіцкай СШ
Музей Бобравіцкай СШ
Ёсць падзеі, даты, імёны людзей, якія ўвайшлі ў гісторыю кожнага горада, вёскі, краю, дзяржавы і нават у гісторыю ўсёй Зямлі. Аб іх пішуць кнігі, складаюць вершы, музыку, апавядаюць часопісы. Галоўнае – іх памятаюць. І гэта памяць перадаецца з пакалення ў пакаленне і не дае згаснуць падзеям мінулых гадоў.
Гістарычная памяць – адзін з найбольш значных набыткаў цывілізацыі. Пакуль людзі памятаюць мінулы вопыт, чалавечае грамадства мае магчымасць развівацца і ўдасканальвацца. Памяць аб Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайне заклікае да адказнасці на мір на Зямлі. Беларусь памятае і шануе подзвіг салдат Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны.
Утко Уладзімір Вікенцьевіч ветэран педагагічнай працы, удзельнік Другой сусветнай вайны нарадзіўся 10 лістапада 1925 года ў вёсцы Балотцы-Клінцы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1932 годзе маленькі Валодзя пайшоў вучыцца ў польскую школу, якая знаходзілася ў вёсцы Лозкі. Скончыў 7 класаў. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР 14 лістапада 1939 года клас, у якім вучыўся Уладзімір Вікенцьевіч быў “вернуты” да 5 класа. Вучыўся старанна, з вялікай цікавасцю. З дзяцінства марыў стаць настаўнікам. Аднак Вялікая Айчынная вайна прыпыніла магчымасць прадоўжыць навучанне.
Уладзімір Вікенцьевіч быў прызваны ў рады Чырвонай арміі Любчанскім РВК ў сярэдзіне ліпеня 1944 года. Службу пачаў праходзіць у горадзе Жытомір, у якасці аўтаматчыка пяхотнага палка. У кастрычніку ўдзельнічаў у зачышчэнні Жытомірскіх лясоў ад бандэраўцаў. 30 кастрычніка быў накіраваны ў горад Кіеў у асобны полк на вучобу па спецыяльнасці тэлеграфіст, дзе правучыўся да кастрычнік 1945 года.
У кастрычніку ўсіх радыстаў накіравалі на Далёкі Усход, у раён возера Ханко. З 9 жніўня 1945 года ў складзе 597-ага артпалка, 5 арміі, 1-га Дальнеўсходняга фронту ўдзельнічаў у баях з японскімі захопнікамі ў Маньчжурыі. Дайшоў да горада Харбіна.
З успамінаў У.В.Утко: “…баі былі цяжкімі, асабліва пры прарыве замацаваных вышынь. Усе сопкі былі ўзмоцнены жалезабетоннымі дотамі, якія было цяжка разбіць артылерыстам. Палегла вельмі шмат салдат-пехацінцаў”.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны на розных пасадах праслужыў у арміі да красавіка 1950 года. Дэмабілізаваны ў званні малодшага сяржанта. Узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём “За Перамогу над Японіяй”, медалём “Ветэран вайны”, медалём Жукава, юбілейнымі медалямі.
З мая па жнівень 1950 года працаваў загадчыкам мясцовага клуба Харосіцкага сельскага савета Любчанскага раёна. 1 верасня 1950 года Уладзімір Вікенцьевіч Утко прадаўжае навучанне ў 10 класе школы працоўнай моладзі ў горадзе Навагрудку.
Сваю працоўную дзейнасць Уладзімір Вікенцьевіч пачаў у Бобравіцкай сярэдняй школе ў 1952 годзе на пасадзе настаўніка матэматыкі і фізічнай культуры.
Адначасова паступіў вучыцца завочна ў Гродзенскі педагагічны інстытут, на аддзяленне фізікі і матэматыкі, які скончыў ў 1957 годзе. У 1959 годзе быў прызначаны завучам, а затым і дырэктарам школы. На працягу 8 гадоў Уладзімір Вікенцьевіч узначальваў Бобравіцкую сярэднюю школу.
Пад яго кіраўніцтвам педкалектыў і навучэнцы справілі наваселле: у 1965 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю новы двухпавярховы будынак, пабудаваны стадыён.
Пасаджаны дэндрарый, арганізаваны куток роднай прыроды. Школа жыла напружаным жыццём, ганарылася поспехамі ў вучобе і дасягненнямі ў спорце. Уладзімір Вікенцьевіч – настаўнік, які не толькі добра выкладаў свой прадмет, але і быў настаўнікам па жыцці. Гэта быў сапраўды незвычайны чалавек.
Удзел у Другой сусветнай вайне, перанесеныя нягоды і пазбаўленні навучылі яго любіць жыццё, людзей, прыгажосць навакольнага свету. Бацькі прывілі яму любоў да зямлі, да сялянскай працы, а яшчэ любоў да ведаў. Адсюль і выбар прафесіі, сельскага настаўніка, бязмерная цяга да ўсяго новага, прагрэсіўнага.
З 1988 года Уладзімір Вікенцьевіч знаходзіўся на заслужаным адпачынку. Вельмі часта сустракаўся з навучэнцамі Бобравіцкай сярэдняй школы, дзяліўся ўспамінамі, паказваў фатаграфіі, дакументы, ўзнагароды.
Зносіны з Уладзімірам Вікенцьевічам, чалавекам гераічнага лёсу, яго апавяданні аб самаадданасці, бескарыслівасці, працалюбстве, каханні да сваёй Радзімы і сваіх баявых таварышчаў, нікога не астаўлялі раўнадушнымі.
Уладзімір Вікенцьевіч застаўся ў нашай памяці высокаадукаваным і разам з тым сціплым, а яшчэ самакрытычным, вельмі патрабавальным да сябе чалавекам. Гэта адчувалася ва ўсім: і ў яго педагагічнай дзейнасці і ў яго грамадскай пазіцыі камуніста і грамадзяніна сваёй краіны.
За адданасць выбранай прафесіі, высокія дасягненні Уладзімір Вікенцьевіч Утко ўзнагароджаны дванаццаццю ганаровымі граматамі Гродзенскага аддзела адукацыі, Іўеўскім аддзелам адукацыі, Іўеўскім РК КПБ, КК ЛКСМ Беларусі.
Не стала Уладзіміра Вікенцьевіча Утко 1 верасня 2013 года.
Памяць аб Утко Уладзіміры Вікенцьевічы назаўжды застанеца ў нашых сэрцах.
Курлянкова Ганна Барысаўна,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
ДУА «Бобравіцкая сярэдняя школа Іўеўскага раёна»