Нравственный подвиг педагога
ВІНАР МІКАЛАЙ АНДРЭЕВІЧ
Нравственный подвиг педагога
ВІНАР МІКАЛАЙ АНДРЭЕВІЧ
Навагрудская гімназія, 6 клас М.А.Вінар
Калектыў настаўнікаў Любчанскай школы
Падчас падрыхтоўкі экспазіцыі ў музеі
Падчас падрыхтоўкі экспазіцыі ў музеі
Калегі і прыхільнікі М.Вінара
М.Вінар з бацькамі і сястрой
Мікалай Андрэевіч Вінар і яго жонка Аляксандра Іосіфаўна
Жонка і две дачкі М.Вінара
Слова пра земляка Мікалая Андрэевіча Вінара
Многія жыхары Любчы добра ведалі Мікалая Андрэевіча. Ён унёс значны ўклад у вывучэнне і прапаганду роднага краю.
Нястомны краязнаўца, ён усё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню гісторыі роднага краю. Свае веды і багаты вопыт Мікалай Андрэевіч аддаваў вучням, калегам, аднавяскоўцам.
І вось у 1964 годзе ён адкрывае гісторыка-краязнаўчы музей, які спачатку размяшчаецца на адным з паверхаў старажытнага Любчанскага замка. Пазней музей быў перанесены ў новы школьны будынак.
Таксама Мікалаем Вінарам быў створаны школьны музей у вёсцы Вялікія Вераб’евічы.
У гэтым годзе дзеці Мікалая Андрэевіча Вінара па шчырай просьбе бібліятэкараў перадалі цікавы дакументальны матэрыял аб сваім бацьку. Гэта фотаздымкі, копіі дакументаў, публікацыі розных гадоў.
Сабраны матэрыял было вырашана аб’яднаць і дапоўніць бібліяграфічнымі звесткамі. Такім чынам, атрымаўся персаальны бібліяграфічны даведнік аб знакамітым земляку “Улюбёны ў Прынёманскі край”.
Краязнаўца Любчанскага краю
Мікалай Вінар нарадзіўся 19 красавіка.1912 года (па старым стылю) ў г. Роўна. Пасля смерці маці, калі яму не было яшчэ і 9 гадоў, пачынаецца жыццё сіраты ў вёсцы: голад, холад, розная праца для таго, каб пракарміцца. Жыць Мікалая ўзяла да сябе яго родная цётка. Мікалай рос здольным хлопчыкам, разумным. Мясцовая ўлада, бачачы здольнасці хлопчыка, за свае грошы накіроўвае яго ў 1924 годзе ў пачатковую школу в.Стараельня, а ў 1928 годзе, здаўшы ўступныя экзамены, быў прыняты ў 4 клас Наваградскай беларускай гімназіі, якая дала сваім навучэнцам і добрую базавую падрыхтоўку для далейшай вучобы і работы, і выхавала ў іх улюблённасць у Беларусь, яе гісторыю і культуру. У час вучобы ў гімназіі ён займаецца камсамольскай дзейнасцю, за што не раз сядзеў у польскай турме.
Закончыўшы гімназію, М.Вінар пайшоў на свой хлеб і доўгі час працаваў ва Уселюбе на розных спецыяльнасцях у будаўніцтве дарог. У 1939г. ажаніўся з Аляксандрай Іосіфаўнай Скрабец, з якой быў знаёмы яшчэ з часу вучобы ў гімназіі, і пераехаў на жыхарства ў мястэчка Любча.
З прыходам савецкай улады пачалася для Мікалая Андрэевіча настаўніцкая праца, якой ён прысвяціў усё сваё далейшае жыццё. Напачатку яго накіравалі настаўнікам у в.Зяневічы. А ў іх дабротным доме прыкватэраваўся першы сакратар Любчанскага райкама кампартыі Румянцаў. У тыя першыя месяцы новай улады давялося М.Вінару зведаць і горыч раставання з сям’ёю. Па недарэчным абвінавачванні ў сімпатыі да былых польскіх уладаў была арыштавана жонка са сваёй маці і, як многія тагачасныя “заходнікі”, вывезена таварным цягніком у ссылку ў Казахстан. Робячы захады па вяртанні сям’і, М.Вінар пры падтрымцы Румянцава напісаў некалькі лістоў у розныя партыйныя і савецкія інстанцыі (напэўна, адзінае, на што можна было яшчэ спадзявацца), паказваючы абсурднасць абвінавачвання. Быў ліст і ў Маскву на імя В.Молатава. У дадзеным выпадку гэта падзейнічала: Аляксандра Вінар больш чым праз год атрымала дазвол вярнуцца на радзіму.
Хутка пачалася вайна, у час якой сям’я Вінараў працягвала жыць у Любчы.
У пасляваенны час Мікалай Андрэевіч, скончыўшы настаўніцкія курсы ў г.Баранавічы, працягваў працаваць у Зяневічах настаўнікам і дырэктарам школы. З сярэдзіны 1950-х гадоў і да самой смерці ў 1977г. месцам яго працы як настаўніка гісторыі і сталі сярэднія школы ў гарадскім пасёлку Любча і вёсцы Вялікія Вераб’евічы.
Заснавальнік музеяў
З перыядам працы настаўнікам гісторыі звязана актыўная краязнаўчая праца М.Вінара і яго дзейнасць па стварэнні школьных музеяў. Адкрыццю музея папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Мікалай Андрэевіч вёў перапіску з літоўскай Акадэміяй навук, Мінскім абласным архівам, многімі школьнымі музеямі Беларусі, Украіны, Польшчы. Збіраючы для іх прадметы этнаграфіі, фатаграфіі і дакументы мінулых часоў, ён аб’ездзіў і абышоў шматлікія навакольныя вёскі, працаваў ў бібліятэках і архівах Гродна, Мінска, Ленінграда, Вільнюса, Львова, Варшавы. У час наведання Польскай Народнай Рэспублікі М. А. Вінар знаёміцца з супрацоўнікамі польскіх музеяў, прывозіць каштоўныя экспанаты, што датычаць гісторыі мінулага Любчы.
Ідэяй настаўніка аб стварэнні музея спачатку захапіліся вучні мясцовай школы, потым да іх далучыліся многія жыхары пасёлка, навакольных вёсак, асабліва былыя падпольшчыкі, члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.
У музеі ў Любчы дэманструюцца прылады працы з каменю: сякеры, малаткі, скрэблы эпохі неаліту, знойдзеныя мясцовымі жыхарамі і прафесарам Галубовічам, які праводзіў каля Любчы, на правым беразе Нёмана, археалагічныя раскопкі.
Адкрыццём Любчанскага школьнага музея лічыцца 1964 год. Спачатку размяшчаўся ён на адным з паверхаў старажытнага Любчанскага замака, а пазней быў перанесены ў новы школьны будынак. На 1970-я гады гэты музей па колькасці і разнастайнасці экспанатаў лічыўся адным з найбуйнейшых школьных музеяў Гродзеншчыны. Тут захоўваліся матэрыялы археалагічных раскопак, дакументы, звязанныя з дзейнасцю Любчанскай друкарні XVII ст., з паўстаннямі і рэвалюцыямі, з дзейнасцю партызанскіх фарміраванняў і г.д. На мяжы 1970-х гадоў, працуючы ў Вераб’евіцкай сярэдняй школе М.Вінар актыўна ўключыўся ў стварэнне музея і ў гэтай школе. Безумоўна, стварэнне паўнавартаснай экспазіцыі патрабуе шмат часу і вялікіх намаганняў. Былі побач з Мікалаем Андрэевічам калегі і прыхільнікі, якія дапамагалі ў зборы экспанатаў, іх уліку і афармленні, разам стваралі экспазіцыю.
Краязнаўчыя пошукі М.Вінара знайшлі сваё ўвасабленне і ў шматлікіх публікацыях, якія штогод, пачынаючы з канца 50-х, з’яўляліся на старонках раённай газеты “Новае жыццё”. Ім была падрыхтавана і манаграфія па гісторыі Любчы, якая ў выпадку яе публікацыі стала б на той час найбольш поўным даследаваннем гісторыя гэтага старажытнага мястэчка. Частка яе (як лічылі: “найбольш праверанная” - ХХст.) была надрукавана ў раённай газеце за 1977 год пад назвай “Любча: старонкі гісторыі”.
У Любчы і Вераб’евічах працягваюць сваю дзейнасць заснаваныя Мікалаем Андрэевічам школьныя музеі.
Бацькоўскія карані
Бацька Мікалая Андрэевіча Андрэй Рыгоравіч Вінар нарадзіўся ў в. Папружнае Кіеўскай вобласці. Маці, Ніна Ільінічна Прэсняк, нарадзілася ў в. Заполле-Ятранскае Карэлічскага раёна.
Пазнаёміліся яны ў г. Роўна, дзе абвянчаліся. У г. Роўна А.Р.Вінар працаваў у зямельнай управе пасля заканчэння гімназіі.(У іх было двое дзяцей, сястра памерла). 1915 годзе, у час Першай сусветнай вайны, яго прызываюць у царскую армію радавым, а потым ён становіцца фельдфебелем. Пасля вучобы ў афіцэрскай школе яму было прысвоена званне прапаршчыка і яго накіравалі ў дзеючую армію генерала Бррусілава. У час наступлення ў 1916 годзе камандуючы ўзводам ён загінуў ад 16 штыкавых ран. Дзе пахаваны бацька Мікалая Андрэевіча - не вядома, але дзеці вядуць пошукавую работу на Украіне і спадзяюцца наведаць магілку дзеда.
Яго маці, Ніна Ільінічна, пасля смерці мужа пераязджае жыць у Беларусь у в.Заполле-Ятранскае, дзе памірае ад тыфу ў 1919-1920 годзе.
Верная саратніца
Мікалай Андрэевіч Вінар і яго жонка Аляксандра Іосіфаўна, дзявочае прозвішча Скрабец, пражылі разам 38 гадоў, адносіліся адзін да аднаго з любоўю і павагай. У цяжкія гады акупацыі польскімі і фашысцкімі войскамі Аляксандра Іосіфаўна заўсёды была побач з мужам, падтрымлівала яго і дапамагала. Цяжкі выпрабаванні выпалі на яе лёс у час выгнання з радзімы, калі яна жыла ў Казахстане.
Але вера і любоў да мужа яе ніколі не пакідалі. Дзякуючы намаганням Мікалая Вінара праз год яна вярнулася на радзіму. У пасляваенныя часы Аляксандра Іосіфаўна, якая раздзяляла погляды свайго мужа, была сапраўдным сябрам і саратніца Мікалая Андрэевіча. Акрамя сваей прафесійнай дзейнасці яны з цеплынёй і любоўю займаліся выхаваннем сваіх дзяцей: Алы, Тамары і Валеры, якія з медалямі закончылі Любчанскую сярэднюю школу. Пасля смерці мужа яна засталася жыць у іхнім доме ў Любчы, захоўваючы яго граматы, прызы за ўдзел і перамогу ў розных конкурсах і віктарынах, дакументы, фатаграфіі… Частку гэтых матэрыялаў перадала ў Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей. А астатнія, пасля яе смерці, захоўваюць іх дзеці.
Дзеці і ўнукі
Ала Мікалаеўна, старэйшая дачка Мікалая Вінара, закончыла Біялагічны факультэт беларускага дзяржаўнага універсітэта, усе свае жыццё працавала ў сістэме аховы здароўя, болей 15 гадоў узначальвала лабараторыю Рэспубліканскага цэнтра гігіены. У яе нарадзіліся двое сыноў Алег і Сяргей, якія атрымалі вышэйшую адукацыю і працуюць у народнай гаспадарцы.
Тамара Мікалаеўна, другая дачка, закончыла Мінскі Дзяржаўны медыцынскі інстытут, з вялікім поспехам абараніла кандыдацкую дысертацыю, свае веды і вопыт прымяняе ў лячэнні людзей у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава. Акрамя гэтага, прадаўжаючы традыцыі бацькі, прымае ўдзел у аднаўленні Любчанскага замка, з’яўляючыся членам апякунскага савета. Выгадавала і выхавала траіх дзяцей: Дзмітрыя, Яўгенію і Аляксея.
Валерый Мікалаевіч, сын Мікалая Вінара, закончыў Беларускі палітэхнічны інстытут, служыў у Узброенных сілах Савецкай Арміі на граніцы з Кітаем, актыўна працаваў у радыётэхнічнай галіне народнай гаспадаркі, у цяперашні час займаецца знешне-эканамічнай дзейнасцю. У яго сын Мікалай, якога назвалі у гонар дзядулі, ён працуе інжынерам-электронікам.
У цяперашні час падрастае 8 праўнукаў Мікалая Андрэевіча і Аляксандры Іосіфаўны. Унукі і праўнукі растуць цікавымі, захапляючымі дзецьмі, з цяплынёй і павагай адносяцца да сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў.
Борыс Таццяна Аляксандраўна
настаўнік гісторыі
ДУА “Любчанская сярэдняя школа”