Педагогический Олимп
ЧАРНАВУС
АЛЕНА АЛЯКСАНДРАЎНА
ЧАРНАВУС
АЛЕНА АЛЯКСАНДРАЎНА
БЫЦЬ НАСТАЎНІКАМ – ГЭТА КРУТА!
Аўтарытэт кожнага чалавека складаецца з любові да працы. Калі непрыемна тое, што ты робіш, то і вынік будзе адпаведны. А што тычыцца настаўніка, то ён павінен любіць дзяцей, а ўжо потым сваю прафесію. Немалаважным з’яўляецца павага і давер да дзіцяці. Уменне валодаць мовай, веданне свайго прадмета, уменне зацікавіць і падаць веды не так, як усе – вось што зачэпіць сучаснага школьніка і паўплывае на аўтарытэт настаўніка.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Чарнавус Алена Аляксандраўна добра вядома ў прафесійным асяроддзі Воранаўшчыны: актыўны ўдзельнік рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, пераможца абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года – 2021” і фіналіст рэспубліканскага этапа. Пераможцам, на жаль, яна не стала, але мы можам з упэўненасцю сказаць, што Алена Аляксандраўна з тых людзей, якімі сёння ганарыцца Воранаўшчына.
Выкладае Алёна Аляксандраўна беларускую мову і літаратуру ўжо трынаццаць гадоў. Настаўнік у дасканаласці валодае роднай мовай, прафесійнай тэрміналогіяй, умее ўсталёўваць педагагічна мэтазгодны тон і стыль у зносінах з навучэнцамі, іх бацькамі і калегамі. Аб'ектыўна ацэньвае сваю дзейнасць і аналізуе яе, вылучаючы моцныя і слабыя бакі.
У сваей працы яны прытрымліваецца педагагічных прынцыпаў:
1. Быць настаўнікам – гэта крута! Яшчэ ні разу я не пашкадавала, што выбрала гэту прафесію. Урачам давяраюць здароўе, а нам, настаўнікам, давяраюць маленькага чалавека, і менавіта ад нас залежыць, якім ён выйдзе ў дарослае жыццё. Усе прафесіі ад настаўніка і толькі прафесія настаўніка ад Бога.
2. Думаць – гэта не баліць. На сённяшні дзень запатрабаванымі застаюцца такія якасці, як уменне аналізаваць, ацэньваць інфармацыю, бачыць яе прымяненне ў далейшым. Гэтаму я вучу сваіх вучняў.
3. Адукацыя праз усё жыццё. Ты маеш права вучыць толькі тады, калі сам заўсёды вучышся. Вучні не палятуць, калі настаўнік не ўмее лятаць.
4. Настаўнік павінен быць у трэндзе, каб вучням было цікава. Ніколі не іду ў нагу з вучнем, заўсёды стараюся рухацца на крок наперад.
Алёна Аляксандраўна ідзе ў нагу з часам... Кожны ўрок яна стараецца зрабіць цікавым. Спрабуе паказаць, што беларуская літаратура – гэта скарб, асэнсаванне якога ў многім залежыць ад настаўніка.
У настаўніцы ёсць свае “фішкі”: яна актыўна ўключае ва ўрок інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі. Каб зацікавіць дзяцей на ўроках, прадстаўляе беларускае слова ў новым фармаце пры дапамозе медыяадукацыі. Вучыць аналізаваць, правяраць надзейнасць інфармацыі, пададзенай у анлайн-прасторы, арыентавацца ў гэтым няпростым свеце. Удасканаліць веды ў гэтым напрамку настаўніку дапамагае ўдзел у інтэрактыўных семінарах і канфеэнцыях: разам з вучнямі прайшлі навучанне ў школе MediaQ, арганізаванай прэс-клубам Рэспублікі Беларусь.
На думку настаўніцы, у сучасным свеце дзіця можа знайсці любую інфармацыю, але пакуль яшчэ не прыдумалі камп'ютар, які навучыць аналізаваць, параўноўваць, мысліць лагічна і рабіць высновы. Таму вялікая ўвага на ўроках надаецца спасціжэнню глыбіні беларускай літаратуры.
Асабліва хвалююць Алену Аляксандраўну і вучняў творы, якія ўзнімаюць праблемы сучаснасці: узаемаадносіны бацькоў і дзяцей (А.Дудараў “Вечар”); пачуццё нацыянальнай годнасці (Янка Купала “Паўлінка”, В.Быкаў “Знак бяды”); повязі часоў і пакаленняў (Алесь Савіцкі. «Пісьмо ў Рай», Іван Чыгрынаў. «Вяртанне да віны», Iван Навуменка «Вір») і інш.
Шмат часу настаўніца на ўроках і пазакласнай працы надае выхаванню любові да роднай мовы, да культуры і гісторыі свайго народа. Кожны ўрок разам з вучнямі яны вандруюць па сёлах, мястэчках Беларусі, знаёмяцца з людзьмі і іх вечнай, неўміручай працай. Кожны ўрок шукаюць сваю нацыянальную ідэю і адкрываюць для сябе ісціну: “Мы – не “тутэйшыя, мы – не “людзі на балоце”, мы – народ беларускі, а значыць, у гісторыі свайго народа кожны з нас шукае і можа знайсці патрэбнае на дзень сённяшні”.
Алена Аляксандраўна якасна праводзіць даследчую працу з навучэнцамі. Маюцца вынікі на раённым і абласным узроўнях: на раённай канферэнцыі “Дарога ў будучыню”, у абласным конкурсе даследчых работ “Крыштальная альфа” .
Калі настаўніца была студэнткай 3 курса, атрымала ад Рыгора Іванавіча Барадуліна зборнік духоўнай паэзіі “Ксты”. На абласным конкурсе даследчых работ “Крыштальная альфа” за даследаванне гэтага зборніка работа яе вучаніцы была адзначана дыпломам другой ступені.
Быць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры – адказная справа-місія: трэба зацікавіць вучняў, паказаць адметнасці і асаблівасці роднага слова, каб кожны меў магчымасць адчуць яго смак і атрымаць асалоду. Ёсць такія. вучні і ў Алёны Аляксандраўны, якімі яна ганарыцца – гэта пераможцы творчых конкурсаў “Жывая класіка”, “Рух душы”, “Ты ў эфіры”, адкрытага рэспубліканскага конкурсу юных журналістаў “Медыясфера” і інш.
Вучні Алены Аляксандраўны лічаць, што яна любіць сваю прафесію і дзяцей, выдатна ведае свой прадмет, умее зацікавіць роднай мовай. Адным словам, Алена Аляксадраўна – сучасны настаўнік.
З успамінаў выпускніцы Радунскай сярэдняй школы Міляевай Аляксандры: “Мінулі гады. Я пасталела. Зараз вучуся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Маім любімым настаўнікам была і застаецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры, мой класны кіраўнік Алёна Аляксандраўна Чарнавус. Яна любіла усіх вучняў аднолькава і да ўсіх ставілася, як да родных. Сяброўства, якое нарадзілася ў нашым класным калектыве, не сышло з гадамі, а атрыманыя намі ўрокі чалавечнасці дапамагаюць у дарослым жыцці. Яе запавет “Сонца на ўсіх адно, Зямля – адна, трымайся сваёй хаты, беражы свой гонар, не бяры чужое”, – стаў для мяне і маіх аднакласнікаў дэвізам на ўсё жыццё.
І колькі б ні мінула гадоў, якіх бы поспехаў і вяршынь я б не дасягнула ў жыцці, для мяне яна заўсёды застанецца чалавекам, які паказаў правільныя жыццёвыя шляхі і адкрыў дзівосную краіну ведаў”.
Алена Аляксандраўна – чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. У 2020 годзе стала пераможцам ХІІІ рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “Сэрца аддаю людзям”. “Сваёй перамогай абавязана ўсім, з кім іду побач штодзённа, – з удзячнасцю адзначае Алёна Аляксандраўна. – Гэта мае вучні, якіх на кожным уроку пераконваю, што наша, беларускае, таксама модна і прэстыжна, вучу па жыцці кіравацца галоўным Божым наказам: ”Пакахай бліжняга свайго, як самога сябе”. Педагагічная сям'я калег-прафесіяналаў Радунскай сярэдняй школы надала добры старт маім поспехам. Асобныя словы падзякі — вопытнаму настаўніку-метадысту Святлане Юльянаўне Кампанеец, якая дапамагла “захварэць прафесіяй”, паверыць у свае сілы, быць смелай і не баяцца ісці наперад, таму што, як заўсёды паўтарае Святлана Юльянаўна, “Што заўсёды ў руху, тое вечнае”.
Сваім вопытам работы па ўкараненні медыяадукацыі на ўроках беларускай літаратуры Алёна Аляксандраўна ахвотна дзеліцца з настаўнікамі раёна, вобласці і рэспублікі падчас правядзення майстар-класаў, адкрытых ўрокаў, з'яўляецца актыўным удзельнікам рэспубліканскіх і абласных семінараў.
У 2021 годзе Алена Аляксандраўна ў Палаце прадстаўнікоў на парламенцкіх слуханнях, прысвечаных ўдасканаленню нацыянальнай сістэмы адукацыі, яе заканадаўчаму рэгуляванню, выказала сваё бачанне і ўнесла прапановы па праекце новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Гаварыла аб развіцці асобы вучняў праз уласны прыклад настаўніка, аб аўтарытэце медыйна граматнага педагога, харастве і сучаснасці роднага слова, да якога трэба далучаць навучэнцаў, аб музейнай педагогіцы, што паспяхова практыкуецца ў Радунскай сярэдняй школе. Засяродзіла ўвагу і на тым, наколькі складана нашым дзецям знайсці арыенціры ва ўмовах інфармацыйнай перагрузкі і як важна дапамагчы ім у гэтым. Бачыла па рэакцыі слухачоў, што яе словы знаходзілі ў іх водгук.
Удзел Алёны Аляксандраўны ў конкурсе “Настаўнік года” – гэта вопыт, самаўдасканаленне, крок наперад. Яна зразумела і галоўнае: трэба захаваць сваю прафесійную індывідуальнасць, імкліва рухацца наперад, не спыняцца на дасягнутым.
На думку Алёны Аляксандраўны,“удзел у конкурсе – гэта сапраўдная школа педагагічнага майстэрства, якая даемагчымасць не толькі прадэманстраваць прафесійныя здольнасці, пазнаёміцца з цікавымі, яркімі і неардынарнымі калегамі, але і паверыць у сябе. Удзелам у конкурсе настаўнік робіць выклікі традыцыйнай адукацыйнай сістэме, прапаноўваючы аўтарскія прыёмы і метады выкладання. Менавіта для гэтага і існуе “Настаўнік года”, каб унікальныя практыкі, якія без конкурсу, магчыма, засталіся б не заўважанымі ў рэгіёнах або асобных школах, адкрываліся педагагічнай супольнасці”.
Алёна Аляксандраўна і сёння ў пастаянным пошуку, не спыняецца на дасягнутым. Яна перадае крылы сваім вучням. Без гэтага яе жыццё, напэўна, было б іншым, без полымя.
Удаева Ірына Віктараўна,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
ДУА “Радунская сярэдняя школа”