Руководители учреждений 

общего среднего образования


ПАДДУБІЦКІ

ІВАН СЕРАФІМАВІЧ

Іван Серафімавіч Паддубіцкі ў час працы ў Скаўшынскай сярэдняй школе Салігорскага раёна Мінскай вобласці 

Марыя Пятроўна і Іван Серафімавіч Паддубіцкія ў першыя гады педагагічнай працы 

І.С.Паддубіцкі ў час працы ў Валковіцкай СШ 

Сярод удзельнікаў хору Шчорсаўскай СШ 

У час адкрыцця мемарыяльнай дошкі акадэміку Янку Нёманскаму, 1991

Іван Серафімавіч і Марыя Пятроўна Паддубіцкія з унучкай

І.С.Паддубіцкі каля роднай Шчорсаўскай СШ

ПЯСНЯР ПРЫНЁМАНСКАГА КРАЮ

(Штрыхі да партрэта Івана Серафімавіча Паддубіцкага)

 

Край мой Прынёманскі! Родныя далі

Воблікам дзіўным чаруюць душу.

Долю адну мы сабе нагадалі,

Песні твае я ў сэрцы нашу…

Край Прынямонскі, жытнёвыя далі,

Край працавітых і добрых людзей.

Колькі вякоў на сабе неслі хвалі

Мілых і слаўных вяночкаў-падзей!

 

Так з замілаваннем і любасцю праслаўляў шчорсаўскую зямлю ў сваім вершы “Край мой Прынёманскі” паэт Янка Паддубіцкі (Іван Серафімавіч Паддубіцкі), дырэктар Шчорсаўскай сярэдняй школы (1986 – 2005 гг.).

Мне пашчасціла асабіста ведаць гэтага слаўнага, вядомага на Наваградчыне чалавека. Сустракаліся і як філолагі, і проста як добрыя сябры. Таму заўчасны адыход Івана Серафімавіча ў іншы свет і сёння ўспрымаю як найвялікшую ўласную страту. Але пачну не з сумнага…

Нарадзіўся Янка Паддубіцкі 5 кастрычніка 1952 года на Салігоршчыне. З маленства, як калісьці расказваў сам Іван Серафімавіч, ён любіў бавіць вольны час на прыродзе, захапляўся “ціхім паляваннем”   у  лесе:   быў    заядлы грыбнік. І да ўсяго гэтага вельмі цікаваіўся гісторыяй (ці не таму і жонку сабе выбраў настаўніцу-гістарычку?)

Пасля заканчэння на выдатна Чырвонавозерскай сярэдняй школы ў 1969 годзе стаў студэнтам-першакурснікам філалагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага.

Пра студэнцкія гады Івана размаўляю з ягонай спадарожніцай жыцця Марыяй Пятроўнай Паддубіцкай.

–  Сустрэліся мы з Іванам Серафімавічам у студэнція гады, а дакладна – 5 снежня 1971 года. Я была студэнткай другога курса гістарычнага  факультэта , а ён вучыўся на трэцім курсе філалагічнага. Пазнаёміліся на звычайным студэнцкім вечары. Як сёння памятаю, расказваў пра студэнцкі будатрад, у якім ён працаваў у Сібіры – так з таго часу і сябравалі, пажаніліся на апошнім курсе, – успамінае Марыя Пятроўна. – Нарадзіўся Іван у вёсцы Заброддзе Салігорскага раёна, дзе 23 лютага 1943 года 387 мясцовых жыхароў былі расстраляны і спалены немцамі. Верш “Рэха Хатыні” ён прысвяціў сваёй маці Надзеі Яфімаўне, якая ў той час жыла ў вёсцы і на яе вачах спалілі ўсю сям’ю. У сям’і Івана было шасцёра дзяцей, у маёй – трое. Таму не было за што нам шыкаваць у студэнцкія гады. Вучыліся добра, каб атрымліваць стыпендыю, – без яе было аніяк. Пасля заканчэння інстытута размеркавалі нас у Салігорскі раён,  у Скаўшынскую сярэднюю  школу.  Іван Серафімавіч працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, я выкладала гісторыю. На Салігоршчыне нарадзіліся нашы сыны Павел і Андрэй. Так атрымалася, што я цяжка захварэла.

Дзеці былі малыя, таму вырашылі пераехаць на Навагрудчыну, бліжэй да маіх бацькоў, – расказвае мая суразмоўца. – Маімі ідэаламі настаўніка з дзяцінства былі Іван Мікалаевіч Качан і яго жонка Аляксандра Аляксандраўна. Як я магла пайсці на іншы факультэт, як не на гістарычны?! Калі мы прыехалі на Навагрудчыну, Іван Мікалаевіч ужо ўзначальваў раённы аддзел адукацыі. Ён і накіраваў нас з Іванам на працу ў Ваўковіцкую сярэднюю школу. Іван Серафімавіч стаў там намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. У гэты ж час муж паступіў у аспірантуру Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У Ваўковічах мы жылі і працавалі да 1986 года. Я прапрацавала настаўніцай 16 гадоў і атрымала званне “Настаўнік-метадыст”.

Дзе б ні працаваў І.С.Паддубіцкі, усюды імкнуўся прывіць сваім выхаванцам ды і калегам-настаўнікам павагу да роднага слова, любоў да роднай зямлі. А яна, беларуская зямелька, натхняла яго як творцу. З-пад пяра Янкі Паддубіцкага з’яўляліся цудоўныя вершы, прысвечаныя беларускім людзям і роднай Беларусі.

Аднак асабліва плённым і ў яго паэтычнай творчасці, і педагагічнай працы быў перыяд, калі, пачынаючы з  лютага 1986 года, Іван Серафімавіч Паддубіцкі ўзначаліў Шчорсаўскую сярэднюю школу.

–  Ён адразу вельмі палюбіў Шчорсаўскі край, які нагадваў яму родныя мясціны: тут, побач са Шчорсамі, многа лясоў, і, што было важна для Івана, – многа гістарычных архітэктурных і прыродных помнікаў. Іван Серафімавіч глыбока і больш дасканала вывучаў гісторыю Шчорсаў. А яшчэ ён прысвяціў знакамітаму мястэчку шмат сваіх паэтычных твораў.

Каб у гэтым пераканацца, дастаткова прачытаць ягоную кнігу паэзіі “Наднёманскі роздум”, якую ў 2013 годзе (ужо пасля смерці мужа) выдала з дапамогай сяброў Марыя Пятроўна. Сам Іван Серафімавіч быў вельмі сціплы чалавек і не лічыў патрэбным выпускаць свае творы асобнымі зборнікамі.

  –  Я ж хоць такім чынам імкнулася выказаць удзячнасць чалавеку, які стаў не проста мужам, а і дарадцам, лепшым сябрам, – кажа Марыя Пятроўна.

Прафесія педагога патрабуе вялікай душэўнай шчодрасці, сапраўднай любві да дзяцей. Усімі гэтымі якасцямі валодаў Іван Серафімавіч Паддубіцкі. Яго многія ведаюць як цудоўнага настаўніка, дырэктара школы, сапраўднага інтэлігента, эрудыта, добрага і спагадлівага чалавека. Чалавека, які не толькі ўдала кіраваў педагагічным калектывам, аб чым сведчаць шматлікія граматы рознага рангу, але ўмеў бачыць у сваіх падначаленых перш за ўсё людзей, саюзнікаў, з якімі рабіў вялікую справу выхавання дзяцей – нашай будучыні.

 

Вочы дзяцей, мае мілыя вочы,

Бачу ўсюды вас, дзе б я ні крочыў…

Вочы дзяцей – справядлівыя вочы.

Я перад імі ніколі не збочу,

І за бацькоўскім ці школьным парогам

Не пакідаюць мяне іх трывогі…

  Амаль 20 гадоў Іван Серафімавіч узначальваў Шчорсаўскую сярэднюю школу. Гэты час жыхары вёскі, вучні і настаўнікі і сёння называюць “залатым векам” школы.

Яго любілі і паважалі калегі і вучні. Ён быў адданы педагагічнай справе. І сёння былыя вучні з цеплынёй успамінаюць свайго дырэктара, настаўніка, для якога галоўнай жыццёвай сцежкай стала дарога да школы. Кожны выпускнік з нецярпеннем чакаў ад дырэктара вершаваны падарунак на выпускным балі. Гэты чалавек частку свайго жыцця прысвяціў і краязнаўчай рабоце. Ён з першага дня палюбіў Шчорсы і быў верны гэтаму гістарычнаму мястэчку да самай смерці.

 Дзякуючы Івану Серафімавічу, 2 верасня 1991 года на будынку Шчорсаўскай школы была адкрыта памятная дошка ўраджэнцу вёскі Шчорсы, беларускаму пісьменніку, грамадскаму дзеячу, акадэміку Янку Нёманскаму (Івану Андрэевічу Пятровічу).

Апошнія гады І.С.Паддубіцкі працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Цяжка хварэў.

Марыя Пятроўна працавала таксама ў Шчорсаўскай школе, але з часам ёй прапанавалі перайсці ў сельскі савет на пасаду сакратара. Праца адказная, патрабавала нямала сіл і ведаў, а час таксама быў няпросты – 90-я гады. З даручанай справай жанчына спраўлялася на працягу 27 гадоў, а пацвярджэнне таму – шматлікія ўзнагароды, сярод якіх два Падзячныя пісьмы Прэзідэнта краіны.

– Шчорсы… Яны былі ў яго душы. Тут для Івана ўсё мілае і прыгожае было, – адзначае Марыя Пятроўна. – Вельмі любіў прыроду, наваколле, шмат твораў прысвяціў Адаму Міцкевічу. Захапіўся яго творчасцю, а каб прачытаць “Пана Тадэвуша” ў арыгінале, нават вывучыў польскую мову. Друкаваўся ў раённай газеце “Новае жыццё”, рэспубліканскіх газетах, а таксама часопісах “Маладосць”, “Родная прырода”. Вершы прысвячаў школе, вучням, мясцоваму калгасу, сваім родным, сябрам, нямала паэтычных радкоў прысвяціў і мне. Пісаць пачаў з гадоў пятнаццаці, працягваў пісаць у інстытуце, пісаў да апошніх дзён жыцця. Апошнія радкі верша «Бывай…» я знайшла пад падушкай у бальніцы.

 Гоман рачных хваль, музыка птушыных спеваў, несціханы шум бору – гэтыя галасы наднёманскай прыроды чароўнымі мелодыямі гучалі ў душы Янкі Паддубіцкага. Радзіма, яе гісторыя, паданні, маляўнічыя краявіды, радасць і боль, шчырыя і сумленныя людзі-працаўнікі – усё гэта неаддзельнае ад інтарэсаў паэта, ад яго роздумаў, радасцей, трывог. У паэтычных творах асаб­ліва ўражвае яго душэўная адкры­тасць. І чым глыбей учытваешся ў яго вершы, тым больш адчуваеш, як яны ўскалыхваюць душу, здзіўляешся, як умела пераплецены каханне, шчасце і радасць, боль і страты. Паэт умеў цаніць прыга­жосць чалавечага жыцця, працавітых і сумленных людзей. Кожны верш прасякнуты дабрынёй і шчырасцю, спагадай, якія былі спадарожнікамі Янкі Паддубіцкага.

 

Хай Бог жыве на нашых нівах,

Там, дзе, напіўшыся расы,

З малітвай ціхай, шапатлівай

Яму паклон шлюць каласы.

О, як нам хочацца заўсёды

Жыць у спакоі і цішы!

Скажу я ўсім з такой нагоды:

                                    Жывіце з Богам у душы!  як запавет усім  нам  гучаць радкі  аднаго з апошніх яго вершаў.

Да скону (Івана Серафімавіча не стала 25 сакавіка 2011 года) педагог, паэт быў верным абранаму творчаму і чалавечаму крэда: заўсёды заставацца чалавекам. Цікавы і яркі, самабытны і арыгінальны, дасведчаны, таварыскі, душэўны – такім ён назаўсёды застанецца ў настаўніцкім і паэтычным асяроддзі, у памяці родных і землякоў.

Мікалай Аркадзьевіч Антончык,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

ДУА «Шчорсаўская сярэдняя школа»