Нравственный подвиг педагога
ТАНАНКА ІВАН АНУФРЫЕВІЧ
Нравственный подвиг педагога
ТАНАНКА ІВАН АНУФРЫЕВІЧ
Воін, вынаходнік, настаўнік
Зноўку сыпле і сыпле снег. Ён замятае сцяжынку, па якой штодзень крочу ў школу. Але пройдзе гадзіна , другая – і зноў па свежым снезе пралягуць чыесьці сляды. Вось і новая сцяжынка. Пакуль па ёй крочаць людзі, не знікне сцяжынка, не засыпле яе снег, не зарасце яна травой.
Колькі такіх сцяжынак, якія вядуць чалавека ад парога роднага дома ў свет? Шчаслівы той дом, дзе не зарастаюць і не прападаюць гэтыя сцяжынкі. Паміраюць дзяды і бацькі, выходзяць “у свет” унукі і дзеці, аднак жыве тая хата, да якой бяжыць, віецца сцяжынка.
Кожны дзень праходжу міма прыгожага, дагледжанага дома, вакол якого вялікі сад, у двары - альтанка пад кустамі бэзу. Аднак засыпаны ўвесь двор снегам, нама на ім ніводнага чалавечага сляда. Адзін астаўся дом. Далёка раз’ехаліся дзеці, памерлі яго гаспадары, былыя настаўнікі, цудоўныя людзі - Іван Ануфрыевіч і Марыя Пятроўна Тананкі.
На адной з экспазіцый краязнаўчага музея Лукскай школы – фотаздымкі і ўспаміны ветэранаў, маіх аднавяскоўцаў. Сярод іх - здымак былога настаўніка нашай школы Тананка Івана Ануфрыевіча. Ён быў майстрам на ўсе рукі, вынаходнікам, доўгі час выкладаў у школе асновы ваеннай падрыхтоўкі, працоўнае навучанне. Ён часта прыходзіў на сустрэчы з вучнямі, заўсёды выступаў на мітынгах, прысвечаных Дню Перамогі, быў старшынёй мясцовага Савета ветэранаў. У 2006 годзе Івана Ануфрыевіча не стала.
Далёкі 1941 год. 26 чэрвеня Іван Тананка запомніў на ўсё жыццё. У гэты дзень ён разам з іншымі хлапчукамі пасвіў кароў. Пасля абеду з боку Міра паказалася калона машын, якія спыніліся ў цэнтры вёскі. Гэта былі немцы. Пачалася трохгадовая акупацыя. “Новы парадак”, устаноўлены фашыстамі, нёс смерць, рабаванне мірнага насельніцтва. У першыя ж дні акупацыі фашысты расстралялі сям’ю яўрэяў. У 1942 годзе у Мірскім раёне пачынае разгортвацца партызанская барацьба. Іван Ануфрыевіч наладжвае сувязь з кавалерыйскім атрадам Дзенісенкі. Яшчэ з пачатку вайны падлетак пачаў збіраць зброю, якую захоўваў на гарышчы пад сенам. Аднойчы ў вёсцы з’явіліся нямецкія фуражыры. Трое з іх залезлі на гарышча і пачалі скідаць сена. Вытрымка не пакінула падлетка: ён узяў гарлач з вадою і палез да фашыстаў. “Гут, гут”, - заківалі галовамі варожыя салдаты і злезлі з гарышча. Іван пачаў скідаць сена сам. Ноччу з’явіліся партызаны, і зброя трапіла па прызначэнні.
Летам 1943 года фашысты пачалі вывозіць моладзь у Германію на прыму-совыя работы. У гэты спіс трапіў і Тананка Іван. З усяго раёна моладзь пешшу пагналі на чыгуначную станцыю ў Гарадзею. У дарозе Іван пазнаёміўся з чатырнаццацігадовай дзяўчынай Марыяй. Яны згаварыліся і, падабраўшы момант, кінуліся ў лес. Тры дні маладыя людзі дабіраліся дамоў, баючыся трапіць у рукі немцаў. Гэтая сустрэча знайшла сваё прадаўжэнне ў пасляваенны час. “Я адразу пазнала ў высокім малодшым сяржанце, які стаяў на парозе школы, таго хлопца, з якім разам уцякалі з фашысцкай няволі”, – успамінала Марыя Пятроўна. У будучым яны сталі мужам і жонкай.
А франтавыя дарогі Івана Ануфрыевіча пачаліся у ліпені 1944 года, адразу ж пасля вызвалення Беларусі, калі ён, малады дзевятнаццацігадовы юнак, быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Навабранец быў накіраваны ў Гарахавецкі фарміровачны лагер. Пасля курса маладога байца далейшы шлях радавога Тананка прайшоў праз палкавую школу малодшых камандзіраў, пасля заканчэння якой яму было прысвоена званне малодшага сяржанта і воінская спецыяльнасць наводчык арудыя. У снежні 1944 года ў складзе 1109-га артылерыйскага знішчальнага супрацьтанкавага палка ў якасці наводчыка першай гарматы малодшы сяржант Тананка І. А. трапіў на фронт. Полк уваходзіў у склад I-га Беларускага фронта, які вёў цяжкія баі на тэрыторыі Польшчы. Не адзін раз малады салдат быў “на валасок” ад смерці. На дапамогу прыходзілі вопытныя аднапалчане, добрая фізічная падрыхтоўка і прыродная кемлівасць.
У самым пачатку новага 1945 года па загаду камандзіра батарэі капітана Копцева малодшы сяржант Тананка быў прызначаны ў разведку. Неабходна было здабыць звесткі аб месцах скаплення баявой тэхнікі ворага. У гэты момант батарэя правяла разведку боем. Начная цемра асвяцілася сполахамі ўзрываў. Разведчыкі паспяхова выканалі заданне і захапілі “языка”. Толькі каля самага берага лёд пад Іванам Ануфрыевічам праваліўся. Разам з нямецкім обер-лейтэнантам ён апынуўся ў вадзе. На дапамогу прыйшлі таварышы. Уся група была прадстаўлена да дзяржаўных узнагарод, малодшы сяржант Тананка – да медаля “За адвагу”.
Цяжкія баі ішлі на захадзе Польшчы, каля горада Чанстахова. Фашысты любой цаной імкнуліся не дапусціць Чырвоную армію на тэрыторыю Германіі. У адной з варожых танкавых контратак артылерысты панеслі вялікія страты. З шасці чалавек гарматнага разліку сяржанта Тананкі ў страі засталося чатыры. Вакол разрываліся снарады, ад выбухаў закладвала вушы. Меткім выстралам быў падбіты нямецкі “тыгр”. Аднак прамым пападаннем нямецкага снарада была выведзена со строю гармата, а Іван Ануфрыевіч кантужаны і паранены ў правы бок. Гэты бой аказаўся для яго апошнім на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Пасля медсанбата Іван Ануфрыевіч быў накіраваны ў Горкаўскі ваенны шпіталь, дзе яго знайшла ўзнагарода – ордэн Чырвонай Зоркі.
У красавіку 1945 года пераведзены для далейшай службы ў 2035 гаўбічны артылерыйскі полк 5 механізаванай чырвонасцяжнай ордэна Кутузава гвардзейскай дывізіі. Па дарозе на фронт састаў абляцела радасная вестка – Перамога. “Радасць, слёзы... Перадаць словамі ахапіўшыя нас пачуцці немагчыма. Усе стралялі, салютуючы Перамозе”, - ўспамінаў пазней Іван Ануфрыевіч.
Воінская служба для Івана Ануфрыевіча закончылася ў канцы 1947 года, калі ён быў дэмабілізаваны. Больш чым месяц амаль праз усю краіну сяржант Тананка вяртаўся да роднага дому.
Мірнае жыццё патрабавала мірных прафесій. І былы франтавік вучыцца на курсах трактарыстаў у горадзе Навагрудку. Аднак працаваць па спецыяльнасці не давялося. У жніўні 1949 года нечакана быў выкліканы ў Мірскі раённы камітэт партыі, членам якой стаў яшчэ на фронце. Там яму прапанавалі пасаду настаўніка ў Лукскай школе. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, Іван Ануфрыевіч згадзіўся.
Усё далейшае жыццё яго было звязана са школай, дзе Іван Ануфрыевіч прапрацаваў звыш пяцідзесяці гадоў. Ён быў любімым настаўнікам для вучняў, майстрам на ўсе рукі, аўтарытэтам і прыкладам для калег і аднавяскоўцаў. Заўсёды быў у цэнтры грамадскага жыцця, жыў інтарэсамі не толькі школы, але і і мясцовага калгаса, прыходзіў на дапамогу людзям. Іван Ануфрыевіч быў сапраўдным аптымістам, чалавекам адкрытай душы, мудрым дарадчыкам, надзейным сябрам. Майстар і вынаходнік ад Бога, ён здолеў заахвоціць любімай справай многіх вучняў. Разам з імі ён аднавіў ткацкі станок, які цяпер з’яўляецца экспанатам школьнага музея. Памяць аб гэтым чалавеку жыве ў рэчах, створаных залатымі рукамі майстра, у памяці яго вучняў, калег, аднавяскоўцаў.
Жыццё чалавек будуе сам. Ён адказны за ўсё. Гэтаму прынцыпу Іван Ануфрыевіч быў верны заўсёды. Для яго дзейснай натуры не было спраў, якія б яго не хвалявалі. У вольны ад школы час ён жыў жыццём калгаса. У 1971 годзе
Іван Ануфрыевіч спраектаваў ільносушыльны комплекс, першы ў Рэспубліцы. За гэта вынаходніцтва ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай ВДНГ Беларускай ССР. Шмат неабходных механізмаў для асабістай і школьнай гаспадаркі стварыў нястомны працаўнік. Яго міні-трактар звыш дваццаці пяці гадоў верай і праўдай служыць людзям. Аднойчы ў часопісе “Канструктар” Іван Ануфрыевіч прачытаў пра транспарт, распаўсюджаны на Поўначы – аэрасані. “А чаму б і мне не зрабіць падобнае?” - вырашыў майстар. Пачаліся разлікі, збор матэрыялаў. Калі праз год сані былі гатовы, ён на іх з’явіўся ў райцэнтры, выклікаўшы цікавасць пасялкоўцаў. Не адно школьнае пакаленне хлопчыкаў адчувала сябе першапраходцамі Поўначы за рулём аэрасаней. А яшчэ пабудаваў Іван Ануфрыевіч для сваіх і суседскіх унукаў альтанку ў выглядзе каруселі, прасторную, з вокнамі з усіх бакоў. Над страхой прыстасаваў вятрак, каб даваў электрычнасць. Альтанка закруцілася і стала улюбёным месцам гульні дзяцей. Яна і сёння стаіць у двары майстра.
Да апошніх дзен жыцця Іван Ануфрыевіч не страціў цягу да вынаходніц-тва, заўсёды быў патрэбны людзям, якім дапамагаў словам і справай...
Мяне ўразіў лёс гэтага чалавека. Перажыць ваеннае ліхалецце, столькі раз быць “на валаску” ад смерці – і застацца назаўсёды з дабрынёй і аптымізмам у сэрцы. Гэта лёс чалавека, дастойнага пераймання. Менавіта на такіх людзях трымаецца сённяшняе, будуецца заўтрашняе і, увогуле, жыццё на Зямлі.
Жыгало З.Ф.
настаўнік рускай мовы і літаратуры
ДУА “Лукская сярэдняя школа”