Ген учительства в наследство
Педагогическая династия
РАКСА-ТОМИЛО-ШУКОВЫХ-МАТВЕЕВЫХ-НЕМЧЕНКО-КОЧИЕРУ
Ген учительства в наследство
Педагогическая династия
РАКСА-ТОМИЛО-ШУКОВЫХ-МАТВЕЕВЫХ-НЕМЧЕНКО-КОЧИЕРУ
Ракса Мария Владимировна
Томило Елена Михайловна
Матвеева Лариса Михайловна
Шукова Инна Михайловна
Кочиеру Анастасия Юрьевна
Немченко
Полина Станиславовна
Шуков Антон Юрьевич
А.М.Таміла з былымі вучнямі
Узнагароды А. М. Таміла
Ганаровая грамата І.М.Шукавай
Падзяка І. М.Шукавай
Медалі І.М.Шукавай
Грамата Міністэрства асветы Ракса М.У.
Полацкае педвучылішча, дзе вучылася Ракса (Кіслюк) М.У.
М. У. Ракса з вучнямі Ліпнішкаўскай СШ
М.У.Ракса з вучнямі Сціганскай пачатковай школы 1964 г
М.У.Ракса наведваюць вучні
Ёсць сем’і, у якіх адна прафесія перадаецца з пакалення ў пакаленне. У педагагічных дынастыях цудоўным чынам развіты традыцыі пераемнасці пакаленняў. І гэта ўжо больш, чым спадчына, і гэта не проста работа, гэта – прызванне!
Я хачу расказаць аб настаўніцкай дынастыі ў нашай сям’і, агульны педагагічны стаж якой на сённяшні дзень складае сто шэсцьдзясят чатыры гады.
Пачынальнікам нашай педагагічнай дынастыі з’яўляецца мая мама Марыя Уладзіміраўна Ракса (Кіслюк). Яна нарадзілася ў вёсцы Сітцы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў ваенным 1943 годзе ў сям’і шаўца і швачкі. Настаўнікаў у радні не было. У вёсцы не было і школы, таму дзеці вымушаны былі хадзіць за чатыры кіламетры ў Параф’янаўскую сямігодку. З успамінаў мамы: “Наша школа была маленькая, але вельмі ўтульная. Дзякуючы старанням саміх вучняў у ёй заўсёды панаваў парадак. У пачатковых класах мы любілі заставацца пасля ўрокаў у школе і назіраць за тым, як наша настаўніца правярала сшыткі. А пасля яна расказвала цікавыя гісторыі. У печы патрэскваюць дровы, а дзеці зачаравана слухаюць сваю настаўніцу… Напэўна, вобраз першай настаўніцы дапамог мне ў выбары прафесіі ”.
Пасля заканчэння школы ў 1961 годзе мама паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча, выкладчыкі якога гатовы былі падзяліцца са сваімі студэнтамі не толькі тэарэтычнымі ведамі, але надавалі многа ўвагі практычнай дзейнасці. Так сталася, што па размеркаванні мама трапляе далёка ад роднага дома, у Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці. І яе накіроўваюць працаваць у Сціганскую пачатковую школу, на той час у якой навучалася дзевяноста шэсць вучняў. Мама марыла хутчэй вярнуцца працаваць на малую радзіму. Але лёс склаўся па-іншаму. Марыю Уладзіміраўну напаткала каханне. Яна выходзіць замуж за нашага тату Міхаіла Міхайлавіча, які на той час працаваў старшынёй Ліпнішкаўскага сельвыканкама, і пераводзіцца працаваць у Ліпнішкаўскую сярэднюю школу настаўнікам пачатковых класаў. У 1984 годзе Марыя Уладзіміраўна закончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага па спецыяльнасці “Педагогіка і методыка пачатковага навучання”. Амаль сорак год мая мама вучыла дзяцей чытаць і пісаць, лічыць і маляваць, выхоўвала ў іх самыя лепшыя чалавечыя якасці. За шматгадовую і добрасумленную працу Марыя Уладзіміраўна была ўзнагароджана граматамі і падзякамі рознага ўзроўню, у тым ліку ў 1986 годзе Ганаровай граматай Міністэрства асветы Беларускай ССР.
У дадзены момант Марыя Уладзіміраўна на заслужаным адпачынку, але былыя вучні і калегі не забываюць пра яе. Запрашаюць на творчыя вечарыны і сустрэчы, святочныя мерапрыемствы. У студзені 2023 года мама адзначыла 80-годдзе, але па-ранейшаму яна поўная сілы. У яе пяць ужо дарослых унукаў, тры праўнукі. Усім яна ўдзяляе ўвагу і перадае свае веды, вучыць быць добрымі і справядлівымі. Ні на хвіліну не пакідае сваё прызванне – вучыць дзяцей!
Любоў да дзяцей і прафесіі Марыя Уладзіміраўна прывіла тром сваім дочкам, якія сталі другім пакаленнем нашай педагагічнай дынастыі. Адна з іх – я, Алена Міхайлаўна Таміла, аўтар гэтага аповеду. Пасля заканчэння Ліпнішкаўскай сярэдняй школы я стала студэнткай той жа вышэйшай навучальнай установы, якую ў свой час закончыла мая мама, Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, факультэта педагогікі і методыкі пачатковага навучання. Вельмі хутка праляцелі гады вучобы, поўныя цікавых падзей і сустрэч. І вось я – настаўнік! У 1987 годзе я прыйшла працаваць у сваю родную школу, дзе яшчэ працавала мама. На мне ляжала адказнасць не толькі за маіх вучняў, але і за тое, каб апраўдаць давер мамы, не падвесці яе.
Здаецца, гэта было зусім нядаўна, а вось ужо трыццаць шэсць год я працую настаўнікам пачатковых класаў. Кожныя чатыры гады я вяртаюся ў першы клас. І кожны раз гэта вельмі хвалююча. Якія прыйдуць да мяне дзеткі? Як будуць складвацца нашыя ўзаемаадносіны? Ці спадабаюся я ім? Кожны дзень, кожную хвіліну ў школе мяне акружаюць вучні. Кожны дзень, калі пачынаецца ўрок, да мяне звернуты погляды дзяцей. І я імкнуся да таго, каб на кожным уроку яны перажывалі радасць адкрыццяў, маглі паверыць у свае сілы і магчымасці. Так атрымліваецца, што мае вучні высокаматываваныя ў вучобе, актыўныя, творчыя, пагэтаму прымаюць удзел у прадметных аліміпіядах, даследчых праектах, розных мерапрыемствах і заўсёды атрымліваюць прызавыя месцы. Я таксама ад іх не адстаю: маю вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, з’яўляюся ўдзельнікам многіх педагагічных форумаў, праектаў, фестываляў, удзельнічаю ў эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, кірую раённым метадычным фарміраваннем “Творчая група настаўнікаў пачатковых класаў”, матэрыялы майго вопыту работы друкуюцца ў педагагічных выданнях, маю ўзнагароды аддзела адукацыі Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта, упраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.
Прадстаўніком другога пакалення нашай педагагічнай дынастыі з’яўляецца мая сястра Ларыса Міхайлаўна Мацвеева, педагог-псіхолаг. У 1995 годзе закончыла Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. Куляшова па спецыяльнасці “Педагогіка і псіхалогія дашкольная”. Працаваць пачала ў Суражскім дзіцячым садзе Іўеўскага раёна. У 1997 годзе прайшла перападрыхтоўку ў Гродзенскім абласным інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі па спецыяльнасці “Практычны псіхолаг устаноў адукацыі” і была пераведзена на пасаду педагога-псіхолага ў родную школу ў Ліпнішках. Ужо на працягу дваццаці шасці гадоў Ларыса Міхайлаўна дапамагае дзецям, калегам, нават аднавяскоўцам. Яна паважае людзей і верыць кожнаму чалавеку, нават калі ён у сябе ўжо не верыць, бо валодае трывалымі ведамі і вопытам, якія дазваляюць разгледзець патэнцыял у людзях. Дэвіз Ларысы Міхайлаўны: “Кожны чалавек ведае адказы на ўсе пытанні, якія ён задае другім. Задача псіхолага дапамагчы яму ўспомніць аб гэтым”. Яна хоча, каб вучні, выхаванцы, іх сем’і, педагогі школы жылі ў гармоніі і згодзе са сваімі пачуццямі і адчувалі сябе шчаслівымі, і ўсе свае намаганні накіроўвае на дасягненне гэтай мэты. Ларыса Міхаўлаўна кіруе раённым метадычным аб’яднаннем педагогаў-псіхолагаў, карыстаецца павагай сярод вучняў і калег, мае актыўную жыццёвую пазіцыю.
Наша трэцяя сястра Іна Міхайлаўна Шукава ў нейкай меры адрозніваецца ад настаўніка школы, але яна таксама педагог. У 1987 годзе яна закончыла Лідскае музычнае вучылішча па класу скрыпкі і была накіравана выкладчыкам у Іўеўскую дзіцячую школу мастацтваў. На сённяшні дзень Іна Міхайлаўна з’яўляецца яе дырэктарам. Маючы высокія арганізатарскія здольнасці, ужо многа год запар з’яўляецца старшынёй Іўеўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Неаднаразова ўзнагароджана падзякамі і ганаровымі граматамі ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, юбілейным медалём “115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”, ганаровым знакам Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Трэба адзначыць, што розныя пакаленні нашай сям’і аб’ядноўвае музыка. Кожны раз, калі наша шматлікая радня збіраецца разам, то абавязкова гучаць музыка і песні. Амаль усе члены нашай сям’і маюць музычную адукацыю. Спяваем мы часта і многа, акампаніруючы сабе на музычных інструментах.
Напэўна, пагэтаму дачка Іны Міхайлаўны Настасся Юр’еўна Качыеру выбрала прафесію педагога творчага накірунку, тым самым стала прадстаўніком трэцяга пакалення дынастыі. Пасля заканчэння ў 2015 годзе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва. Сацыяльная педагогіка” працуе настаўнікам музычна-тэарэтычных дысцыплін у Іўеўскай дзіцячай школе мастацтваў.
Не адстае ад сястры і Антон Юр’евіч Шукаў (сын Іны Міхайлаўны). Пасля заканчэння ў 2021 годзе Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа прыехаў працаваць настаўнікам на малую радзіму, у Іўеўскую дзіцячую школу мастацтваў. З 2022 года Антон – студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па спецыяльнасці “Кампазіцыя”. Ён сумяшчае вучобу і працу настаўніка па класе фартэпіяна. Усе члены сям’і Шукавых з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі розных музычных конкурсаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага значэння. Сваю любоў да музыкі яны стараюцца перадаць на ўроках, канцэртах, святочных мерапрыемствах.
Да трэцяга пакалення дынастыі адносіцца і мая дачка Паліна Станіславаўна Немчанка. Пытанне “Кім быць?” перад ёй не ўставала. Да моманту заканчэння школы яна цвёрда ведала, што будзе працаваць з дзецьмі. У 2006 годзе пасля заканчэня педагагічнага каледжа ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя са спецыялізацыяй “Лагапедыя” працуе выхавальнікам у дзіцячым садзе г. Дзяржынска. Паліна гаворыць: “Мая прафесія – гэта магчымасць знаходзіцца ў свеце дзяцінства, казкі і фантазіі. Гледзячы ў вочы дзяцей, разумею, што закладваю ў іх парасткі будучых характараў, падтрымліваю іх сваёй любоўю, аддаю цяпло свайго сэрца. Упэўнена, што настаўнікі і выхавальнікі будуць заўсёды, ім не пагражае аўтаматызацыя ці скарачэнне, бо вучыць і выхоўваць дзяцей чалавецтва будзе вечна”.
У пачынальніка нашай педагагічай дынастыі Марыі Уладзіміраўны Ракса тры хлопчыкі-праўнукі. Двое яшчэ наведваюць дзіцячы садок, а трэці (мой унук Мікіта Немчанка) – вучань чацвёртага класа сярэдняй школы №4 г. Дзяржынска, выдатнік вучобы, захапляецца гісторыяй. Хто ведае, можа ён стане настаўнікам і прадоўжыць сямейную дынастыю.
Ганаровы сцяг настаўніцкай прафесіі члены маёй сям’і перадаюць як эстафету. Яны займалі і займаюць розныя пасады педагагічных работнікаў, але іх яднае прафесіяналізм, імкненне да творчасці і жаданне аддаваць сэрца дзецям.
Томило Елена Михайловна,
учитель начальных классов
ГУО «Липнишковская средняя школа Ивьевского района»