Нет на земле ответственней призванья − Учитель мой, в делах продолжить вас!
МІХНО НІНА ФЁДАРАЎНА
Нет на земле ответственней призванья − Учитель мой, в делах продолжить вас!
МІХНО НІНА ФЁДАРАЎНА
НАРЫС
РОЗДУМЫ ЎСЛЫХ…
Настаўнік… Гэта слова да нас прыйшло з Бібліі, як і ўзор самога настаўніка, які вучыў, настаўляў, выхоўваў і вёў па жыцці.
Праўда, у той жа Бібліі сказана: “Не сатвары сабе куміра”. Але ўсе мы, шчыра кажучы, ужо ў дзяцінстве абавязкова мелі сабе куміра. І такім кумірам быў настаўнік. Нам хацелася гаварыць, як ён, быць падобным да яго, нават апранацца, як ён.
Але ішоў час, на жыццёвай дарозе з’яўляліся новыя людзі. Часам яны займалі пэўнае месца ў нашым жыцці надоўга ці на адно імгненне, але школьны настаўнік заставаўся ў нашай душы, фарміраваў наш светапогляд, жыццёвыя прынцыпы, культуру паводзін, уплываў на выбар прафессіі.
Маёй першай настаўніцай была Вера Іванаўна Урбановіч – чалавек ужо сталога ўзросту. Яна для нас была ўзорам сапраўднага інтэлігента, у першую чаргу, чалавекам, які быў самаахвярна аддадзены сваёй працы, далікатных манер і шырокага інтэлекту. Усё, што яна гаварыла, для нас было вялікім адкрыццём, таямніцай, якая, здавалася, дадзена толькі нам. Пасля маці не было больш аўтарытэтнага чалавека, чым яна.
Дарэчы, яна была непераўзыдзеным аўтарытэтам і для нашых бацькоў. Ніхто не ставіў пад сумненне словы настаўніцы. Вера Іванаўна сказала – значыць, па-іншаму быць не можа. Яна і жыла пры школе, займала адзін пакойчык, у якім большую палову прасторы займала ўласная бібліятэка. Мяне зачароўвалі кнігі, якія, здавалася, былі сведкамі мінулых часоў, у прыгожых пераплётах. Яна прывучыла мяне да чытання, якое, нягледзячы на ўсе павевы часу, засталося са мной. Я, як і яна, усё сваё жыццё збірала кнігі, траціла немалыя грошы і час на стварэнне сваёй уласнай бібліятэкі. На жаль, цяпер у гэтыя кнігі, акрамя мяне, мала хто заглядвае. Свае ўчынкі і паводзіны я, як гадзіннік, звяраю з Верай Іванаўнай. Менавіта яна падштурхнула мяне да выбару прафесіі настаўніцы. Пазней у маім жыцці з’явілася Аляксандра Іванаўна Якубоўская, якая прывівала мне любоў да роднай мовы, да Беларусі.
Наколькі можна было, заходзячы з матэрыяльнага стану 60-ых гадоў мінулага стагоддзя, яна як класны кіраўнік вазіла нас па Беларусі, знаёміла з помнікамі культуры, нашай славутай спадчынай і ў камені, і ў прыродзе.
На канец дзесятага класа ў мяне не стаяла пытанне, якому школьнаму прадмету мне аддаць перавагу – Роднай мове і літаратуры! У мой час конкурс на філалагічны факультэт БДУ быў звыш 5 чалавек на месцы. Якімі цудоўнымі былі гады вучобы! Маімі настаўнікамі былі славутыя людзі: Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Адам Супрун. Маім аднакурснікам быў Мікола Мятліцкі. Родны ўніверсітэт завяршыў фарміраванне мяне як асобы, патрыёта, носьбіта мовы і менавіта беларускай культуры.
У сваім жыцці, працуючы ў школе, а ў мяне былі толькі два месцы працы. Пачатак педагагичнай дзейнасці – сярэдняя школа № 34 г. Віцебска, а апошнія 43 гады я працую ў ДУА “Гімназія № 2 г. Гродна” (раней СШ № 14 з вывучэннем паглыбленым англійскай мовы). Я ўсвядоміла назаўсёды: настаўнік – самая галоўная прафесія на зямлі. Гэта потым будуць прэзідэнты, вучоныя, касманаўты і архітэктары, а спачатку – настаўнік.
У маім жыцці былі розныя методыкі і тэхналогіі. Валодаць імі – цудоўна, але я цвёрда ўпэўнена, што вучыць, выхоўвае, развівае вучня не тэхналогія, а настаўнік.
Адсюль вынікае, што настаўнік павінен быць высокім прафесіяналам, шматбакова развітай асобай, здольнай навучацца і ўдасканальвацца ўсё сваё жыццё, высокадухоўнай асобай. Калі не так, калі ты не аўтарытэт, не прыклад для сваіх вучняў – не павераць, не пойдуць за табой.
Сістэма адукацыі перацярпела самыя розныя змены. Напэўна, яна не можа заставацца кансерватыўнай, павінна мяняцца з цягам часу, ісці ў нагу з сучаснасцю. Але вельмі балюча назіраць, як змяніліся адносіны грамадства да школы, асабліва да настаўніка. Прафесія настаўніка ў заняпадзе, яе прэстыж знізіўся. Якое шчасце для навучальнай установы, калі прыходзяць маладыя, добра падрыхтаваныя кадры.
Вельмі хацелася б паразважаць услых пра ролю настаўніка ў наш час. На мой погляд, яе значнасць не стала меншай. Так, сапраўды, сёння мноства магчымасцей атрымаць інфармацыю, адукацыю, але зрабіць гэта на сучасным узроўні можна толькі з дапамогай сапраўднага настаўніка. Не меншая роля настаўніка і ў фарміраванні светапогляду моладзі, патрыятычных пачуццяў, фарміраванні дзяржаўнай ідэалогіі. Аднак выхоўваць прыходзіцца не толькі сучасных вучняў, але і іх бацькоў. Вынікі працы настаўніка праяўляюцца не адразу, а праз пэўны этап жыцця чалавека, калі ён сам становіцца дарослым і займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, дбае пра будучыню сваёй Радзімы і народа.
Будуць новыя адкрыцці, з’явяцца новыя машыны, прыдумаюць навейшыя тэхналогіі, але нязменнай застаннецца прафесія настаўніка, які павінен не толькі навучыць чытаць і пісаць, але стварыць высокаадукавыную, развітую, творчую асобу, здольную знайсці сваё месца ў жыцці, здольную стаць вартым грамадзянінам сваёй краіны, патрыётам і проста добрым чалавекам.
А гэта па сіле толькі настаўніку!
МІХНО НІНА ФЁДАРАЎНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 2 г. Гродна”