Он ярким светом знаний озаряет
ВИТУТ
ВАЛЕНТИНА БРОНИСЛАВОВНА
Он ярким светом знаний озаряет
ВИТУТ
ВАЛЕНТИНА БРОНИСЛАВОВНА
Витут В.Б. вместе с Обелевским Г.И.
Памыляецца – кожны.
Прызнае памылкі – мудры.
Просіць прабачэння – моцны.
Жыццярадаснасць, устойлівасць, пазітыў і аптымізм – маё жыццёвае крэда як педагога. Я адкрытая людзям, ініцыятыўная і мэтанакіраваная, а таксама пачуццёвая і ранімая.
Завуць мяне Валянціна Браніславаўна. Нарадзілася 19 сакавіка 1972 года на ст. Гудагай Астравецкага раёна.
Я і брат – двайняты. Мае бацькі (Ірына Францаўна і Браніслаў Уладзіслававіч Канстовічы) назвалі нас Валя і Вася. Успамінаецца, як старэйшыя браты павялі ўпершыню на школьную навагоднюю ёлку. Я марыла атрымаць падарунак ад самога Дзеда Мароза, таму, калі падышла мая чарга расказаць верш, я змагла адзінае сказаць: Вася і Валя. Так адбылося маё першае знаёмства са школай, а праз два гады мы ўвайшлі ў школу як раўнапраўныя гаспадары Гудагайскай васьмігадовай школы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыўшы восем класаў, я пайшла вучыцца ў райцэнтр (зараз гэта горад энергетыкаў Астравец), а брат – у вучылішча г. Ашмяны.
Сёння я смела магу сцвярджаць, што вучоба не заўсёды вызначае, якім чалавек вырасце. Як бы паспяхова школьнік ні вучыўся, не менш вартасна, якім ён стане чалавекам, ці сфарміруецца як асоба, грамадзянін-патрыёт сваёй краіны.
1989 год стаў для мяне вызначальным. Менавіта тады, перакананая ў сваім педагагічным пакліканні, паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт беларускай філалогіі і культуры.
Настаўнік – гэта не той, хто вывучыўся на гэтую прафесію і атрымаў дыплом, а той, хто ўсё жыццё, нягледзячы на цяжкасці, прысвяціў сябе гэтай дзейнасці. Насамрэч, жыццё прадстаўляе багатую палітру самых розных, цікавых па сваёй сутнасці прафесій. Але чаму мы выбіраем прафесію настаўніка? У чым перавага выбару настаўніцкай прафесіі, дабраславёнай, але ў многім і ахвярнай?... Настаўніцкая справа – крапатлівая і не самая лёгкая справа жыцця. Але я люблю і шаную яе за галоўнае: таямніцу фарміравання «ўнутранага чалавека», самастойнасці (г. зн. навучыць школьніка самому ладкаваць свой лёс, пазнаваць свет і сябе ў гэтым свеце), таямніцу, якой валодае Настаўнік. І менавіта ён, настаўнік, адчыняе перад дзецьмі дзверы ў гэты цудоўны свет, напоўнены радасцю пазнання.
З 1994 года я працую ў гімназіі № 9 (раней сярэдняя школа № 9) г. Гродна. Мне цікава вучыць дзяцей не толькі чытаць, пісаць, але і выхоўваць у іх любоў да роднага краю, сям’і, быць добрымі, сумленнымі, шчырымі і спагаднымі. Бо любоў да Радзімы пачынаецца менавіта з сям’і, хаты; з пашаны да традыцый, звычаяў мінулага; з павагі да продкаў; з роднай мясціны, вуліцы, двара… На ўроках літаратуры мае вучні пераконваюцца ў тым, што ўся літаратура – для Чалавека і пра Чалавека; місія літаратуры – пераўвасобіць чалавека Разумнага ў чалавека Гуманнага, навучыць заўважаць і ствараць прыгожае вакол сябе.
Як вядома, радзімазнаўства пачынаецца з вывучэння краязнаўства. Разам са сваімі вучнямі ў 1998 годзе я арганізавала штаб “Пошук”: дапамагалі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, супрацоўнічалі з Іраідай Яфімаўнай Макеевай, старшынёй савета ветэранаў-удзельнікаў першых баёў на Гродзеншчыне. Вынікам сумеснай працы стала адкрыццё залы Баявой Славы (2004), а сярэдняя школа № 9 была ўдастоена імя Ф.П. Кірычэнкі (2005).
За час сваёй педагагічнай дзейнасці спагнанняў і нараканняў не маю, неаднаразова была ўзнагароджана падзячнымі лістамі, ганаровымі граматамі, дыпломамі рознага ўзроўню:
Ганаровай Граматай за дасягнутыя поспехі ў патрыятычным выхаванні школьнікаў і актыўны ўдзел у пошукавай працы (2000, 2002);
Ганаровай Граматай за высокую арганізацыю работы па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні школьнікаў і асабісты ўклад у захаванне гераічных традыцый беларускага народа (2006, 2008);
Падзячным лістом гарадской і абласной арганізацыі ветэранаў за актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі (2010, 2012, 2014);
Ганаровай Граматай аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама за высокае прафесійнае майстэрства, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення (2013, 2016) і г.д.
Гады ідуць. Працавала шчыра і добрасумленна, збіраючы найкаштоўнейшы вопыт сваіх старэйшых калег і свой уласны, вывучала найноўшыя дасягненні педагагічнай навукі, бо настаўніку неабходна ісці ў нагу з імклівай хадой часу. Мною быў напісаны шэраг метадычных распрацовак і артыкулаў у рэспубліканскім перыядычным друку:
1. Вітут, В. Б. Шлях да саміх сябе: урок-роздум над кнігай А. Марціновіча «Хто мы, адкуль мы…» / В. Б. Вітут // Беларуская мова і літаратура. – 2018. – № 4. – С. 12-15;
2. Вітут, В. Б. Памяць нашага роду: нарыс «Як Гурка ворагаў граміў» / В. Б. Вітут // Роднае слова. – 2019. – № 4. – С. 24-25;
3. Вітут, В. Б. На сувязі з вучнямі / В. Б. Вітут // Настаўніцкая газета. – 2023. – № 4, – 13 студзеня. – С. 15;
4. Вітут, В. Б. Паняцце пра складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак / В. Б. Вітут // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 2023. – № 1. – С. 31-33.
Галоўнае – гэта любоў да дзяцей, узаемаразуменне з імі, – і тады ўзнікне жаданне мэтанакіравана, плённа працаваць, павышаць свой прафесійны ўзровень, імкнуцца ў кожным дзіцяці адкрыць творчыя здольнасці, а можа быць, і талент. Што важна для мяне як для настаўніка? Першым чынам, асоба дзіцяці. Гэта чалавек, і я хачу, каб ён ім і застаўся. І таму вельмі важна навучыць гэтага чалавека вучыцца, не проста ведаць і ўмець, а навучыць карыстацца ведамі на карысць сабе і тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Веды – гэта сіла, якая можа разбураць і ствараць. І дзіця вучыцца прымаць рашэнне і несці адказнасць.
Педагагічная дзейнасць кожны дзень раскрывае перада мной сакрэты дзіцячых душ, прымушае вучыць і вучыцца, спазнаваць і адкрываць новае, патрабуе пастаяннай творчасці і самаразвіцця, мабілізуе душэўныя і інтэлектуальныя магчымасці. І тут на дамамогу прыгодзяць мае факультатыўныя заняткі «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання. Так, згадваецца выказванне аднаго з маіх выхаванцаў, пераможцы конкурса «Святло Праваслаўя»: «Калі я заходжу ў царкву, адразу адчуваю прысутнасць чагосьці велічнага, неабсяжнага. Сапраўднае месца для малітвы! Малітва для мяне – таямнічая сіла, вакол якой ладзіцца ўсё ў маім жыцці. У моманты, калі ў сэрцы закрадаецца раздражненне з-за стомленасці ці нежадання прыняць Божую волю, калі апускаюцца рукі і роспач пранізвае да глыбіні душы, калі сутыкаешся з балючым непаразуменнем з боку тых, каго найбольш любіш. Бо толькі разважанне аб незаслужаных і несправядлівых цярпеннях Хрыста могуць дапамагчы кожнаму з нас знайсці сілы для моцнай веры ў тое, што малітва была, ёсць і будзе той таямнічай сілай, вакол якой ладзілася ўсё ў жыцці чалавека…». У чыстых душах дзяцей першапачаткова закладзена толькі добрае, і мая задача – выцягнуць гэта на свет і дапамагчы захаваць на ўсё іх жыццё.
Мае вучні штогод з’яўляюцца пераможцамі конкурсу творчых літаратурных і даследчых работ навучэнцаў «Святло Праваслаўя», які арганізаваў па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна інстытут тэалогіі БДУ: 2020 год – Дыплом І ступені; 2021 год – два Дыпломы ІІ ступені; 2022 – два Дыпломы ІІ ступені, адзін Дыплом ІІІ ступені.
А яшчэ мае пераможцы – мой гонар:
1. Кукаловіч Ілья – удзельнік конкурса эсэ «Пуцявінамі беларускага пісьменства» (філалагічны факультэт БДУ, 2021);
2. Літоўская Валерыя (Дыплом І ступені, 2018), Жук Ягор (Дыплом ІІ ступені, 2019), Кукаловіч Ілья (Дыплом ІІ ступені, 2021) – удзельнікі і пераможцы Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытанняў;
3. Янкоўская Аліна – удзельнік і пераможца VI навукова-практычнай канферэнцыі «Гарадніца» (Дыплом І ступені, 2019);
4. Янкоўская Аліна – удзельнік і пераможца адкрытай гарадской навукова-практычнай канферэнцыі «Культурнае аблічча горада» (Дыплом ІІ ступені, 2020);
5. Губін Арсеній – пераможца раённага этапа Рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу літаратурных работ «Мне пару крылаў дало юнацтва» (да 110-годдзя М. Танка) (Дыплом ІІІ ступені, 2021);
6. Кісель Алег – удзельнік і пераможца абласнога літаратурнага конкурса інтэрнэт-праектаў «Я не самотны», прысвечанага памяці М. Багдановіча (Дыплом ІІ ступені, 2021);
7. Ігнатовіч Яраслаў – удзельнік і пераможца Міжнародных практыка-арыентаваных Карбышаўскіх чытанняў «Шагнувшие в бессмертие», прысвечаных жыццю і подзвігу генерал-лейтэнанта Дз.М. Карбышава (Дыплом ІІІ ступені, 2023);
8. Губін Арсеній – удзельнік і пераможца Рэспубліканскага гісторыка-літаратурнага дыстанцыйнага конкурса «Уладзімір Караткевіч», прысвечанага 90-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры (Дыплом ІІІ ступені, 2020);
9. Кукаловіч Ілья – удзельнік і пераможца Трэцяга (абласнога) этапа Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» (2018/2019 навучальны год – Дыплом ІІ ступені; 2019/2020 навучальны год – Дыплом ІІІ ступені; 2020/2021 навучальны год – Дыплом ІІІ ступені; 2021/2022 навучальны год – Дыплом ІІІ ступені);
10. Кукаловіч Ілья – удзельнік і пераможца алімпіяды «Філалагічны калейдаскоп» (Дыплом ІІІ ступені, 2020; Дыплом ІІ ступені, 2021).
11. Шлык Ігнат – удзельнік адкрытага дыстанцыйнага культурна-асветніцкага марафону «Час вымяраецца памяццю». Публікацыя на сайце НІА (Мінск), 2022.
Працуючы класным кіраўніком з 1995 года, праводжу плённую разнастайную работу па маральным выхаванні вучняў. Прытрымваюся прынцыпу, што галоўнае ў выхаванні – гэта дабрачынная сумесная дзейнасць педагога і вучня. Пры гэтым да вучняў стаўлюся так, як хачу, каб яны ставіліся да мяне. Імкнуся, каб ва ўзаемаадносінах з дзецьмі было менш фармалізму, больш узаемаразумення. І ў любой сітуацыі імкнуцца заставацца Чалавекам з вялікай літары.
Витут Валентина Брониславовна,
учитель белорусского языка и литературы
ГУО «Гимназия № 9 имени Ф.П. Кириченко г. Гродно»