Нет на земле ответственней призванья − Учитель мой, в делах продолжить вас!
ГАЛАВАЧ
ТАЦЦЯНА АНАТОЛЬЕЎНА
Нет на земле ответственней призванья − Учитель мой, в делах продолжить вас!
ГАЛАВАЧ
ТАЦЦЯНА АНАТОЛЬЕЎНА
Толсцік З.С.
У працы не маеш права:
На роспач, на слабасць,
На стому.
Твая пачэсная справа –
Жыццё адкрываць другому.
А.Руцкая
Аднойчы, калі некалькі гадоў назад мае вучні на ўроку пісалі сачыненне-разважанне на знаёмую кожнаму тэму “Кім я мару стаць у будучым?”, адна дзяўчынка спыталася ў мяне: “ Таццяна Анатольеўна, а Вы ў дзяцінстве кім марылі стаць?” Мне не трэба было доўга думаць, каб адказаць на гэтае пытанне, бо, колькі помню сябе, заўсёды марыла толькі аб адной прафесіі. “Настаўніцай,” – адказала я дзяўчынцы, нават не падымаючы вачэй ад класнага журнала. “Ваша мара збылася,” – гэтыя словы прымусілі мяне адкласці ў бок свае справы. Дзяўчынка глядзела на мяне яснымі чыстымі вачыма, у якіх бачна была ледзь прыкметная, крыху хітраватая ўсмешка. “Ваша мара збылася…” – паўтарыла я ў думках словы сваёй вучаніцы.
Так выбар маёй будучай прафесіі быў вызначаны з самага дзяцінства. Будучы яшчэ малым дзіцём, мы з сяброўкай-суседкай гулялі ў школу: рассаджвалі лялькі перад сабой, чыталі ім нешта і пісалі крэйдай на адваротным баку адзежнай шафы. Нам падабалася быць настаўнікамі: нешта тлумачыць, выстаўляць адзнакі “ў журнал”.
Адказваючы самой сабе на пытанне, чаму я стала настаўнікам, адразу ўспомніліся свае школьныя гады. Напэўна, кожны з нас, выбіраючы свой далейшы шлях, сваю прафесію, арыенціруецца на тых людзей, якія побач, якія паўплывалі на наша ўспрыняцце жыцця і чый вопыт і ўменні выклікалі ў нас захапленне. Мне заўсёды падабаліся настаўнікі ў меру строгія, нераўнадушныя, з запалам у вачах і ў душы. Вучань заўсёды беспамылкова адчувае, як да яго прыхільны настаўнік. Адказ на пастаўленае пытанне вельмі просты: мяне акружалі цудоўныя педагогі, прафесіяналы, на якіх мне хацелася быць падобнай. Прыкладам для мяне стала настаўніца рускай мовы і літаратуры Толсцік Зінаіда Сцяпанаўна. Успамінаю яе патрабавальны, але ласкавы голас, чулыя адносіны да сваіх вучняў. Я вырашыла, што стану настаўнікам мовы і літаратуры і буду падобна на сваю настаўніцу.
Зінаіда Сцяпанаўна нарадзілася ў вёсцы Курылавічы ў 1932 годзе. У 1959 годзе закончыла філалагічны факультэт Гродзенскага педінстытута. Выйшла замуж і пачала сваю працу настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Азёркаўскай сярэдняй школе. У 1970 годзе была назначана намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.
Пасля заканчэння пачатковай школы вёскі Малыя Азёркі мы, вучні, ішлі ў пяты клас прадаўжаць навучанне ў Азёркаўскую сярэднюю школу. Вялікая двухпавярховая школа, прасторныя класы і калідоры, спартыўная і актавая зала, сталоўка, сад – усё гэта нельга было не ўспрыняць спакойна малым дзецям, усё гэта не перадаць было нейкім адным словам!.. Але разам з усім гэтым, станавілася крыху страшнавата, што тут будзе многа новых настаўнікаў, старэйшых вучняў… Сэрца так і калацілася ад нязведаных пачуццяў.
І вось першы ўрок рускай літаратуры ў пятым класе. Празвінеў званок, і ў клас зайшла прыгожая, статная жанчына-настаўніца ў цёмна-сіняй сукенцы з чорнымі гіпюравымі ўстаўкамі. Мне яна падалася вельмі-вельмі строгай. Як сёння памятаю, як настаўніца пазнаёмілася з намі, як аб’явіла тэму ўрока… А мы, як тыя малыя птушаняты, сядзелі ціхенька, склаўшы рукі на парце, і слухалі аповед настаўніцы.
Адразу, што вельмі запомнілася, гэта яе прыгожая ўсмешка і прамяністыя вочы. Здавалася, у пахмурны вераснёўскі дзень выглянула сонца, і нам, дрыготкім ад холаду малым, стала цяплей. Усе шэсць гадоў гэты цудоўны чалавек саграваў нас сваім цяплом. Яна проста не магла не падабацца! Гэта быў чалавек велізарнай душы, чалавек, які гатовы палюбіць увесь свет. Зінаіда Сцяпанаўна ў душы вучняў сеяла “разумнае, добрае, вечнае”. На ўроках літаратуры праз мастацкі твор мы спазнавалі пытанні жыцця і смерці, дабра і зла, любові і нянавісці, прыгажосці, гармоніі, шчасця. Дыскусіравалі пра такія паняцці, што такое гонар, сумленне, дом, сям'я, сяброўства, мэта і сэнс жыцця… Разважалі, не згаджаліся, спрачаліся... Урокі Зінаіды Сцяпанаўны выклікалі розныя пачуцці: захапленне, хваляванне, радасць, спачуванне.
Памятаю, што пасля вывучэння апавядання Л. Андрэева “Кусака”, мы ўсе спадзяваліся, што знойдзецца чалавек, які возьме сабаку Кусаку да сябе дадому. А ў ходзе літаратурнага аналізу аповесці У. Распуціна “Жыві і памятай” мы захапляліся безагляднай самаадданасцю Насцёны Гуськовай. Падчас чытання вершаў С. Ясеніна Зінаідай Сцяпанаўнай мы проста заміралі. Кожны ўрок літаратуры для мяне быў адкрыццём. Зінаіда Сцяпанаўна адкрыла нам чароўны свет радасці, дабра і прыгажосці. Цяпер я разумею, чаму мне заўсёды лёгка давалася і даецца напісанне сачыненняў і вершаў. Настаўніца навучыла нас слухаць, бачыць і адчуваць увесь гэты свет і ўсіх, хто ў ім жыве.
Запомнілася многае. Памятаю, як на ўроку літаратуры Зінаіда Сцяпанаўна прымушала ўсіх нас запар чытаць услых па дзве хвіліны з “Муму”, “ Маленькага прынца”, “Дуброўскага”, “Рабінзона Круза” або садзіла нас ў невялікую групу і абавязкова чытала нам услых хвілін дзесяць-пятнаццаць, распавядала, што ў сям’і пісьменніка Ф.М. Дастаеўскага гэта было традыцыяй: чытаць услых кнігі. Памятаю яе эмацыйны аповед пра вялікага пісьменніка Л. Н. Талстога, пра тое, што Талстой у дзяцінстве са сваімі братамі і сястрой шукаў зялёную палачку-сродак зрабіць людзей шчаслівымі. Для нас было адкрыццём, што тытан рускай літаратуры не змог здаць экзамены за першы курс, таму што яго захаплялі свецкія забавы, балі, картачныя гульні. Толькі пасля Леў Талстой зразумеў, што моцна памыляўся, таму стараўся выправіць сваё жыццё. На прыкладзе жыцця пісьменніка Зінаіда Сцяпанаўна старалася данесці да нас думку: “ Каб жыць сумленна, трэба змагацца, блытацца, біцца, памыляцца, пачынаць і кідаць, і зноў пачынаць і кідаць, бо спакой – душэўная подласць". Вось такія розныя моманты, якіх не было ў школьных падручніках, даносіла нам настаўніца, і гэта захапляла нас.
Падчас урокаў Зінаіды Сцяпанаўны кожны з нас уяўляў сябе героем якога-небудзь твора. Пры вывучэнні рамана Л. Талстога “Вайна і мір” я ўяўляла сябе членам сям’і Растовых, таму што ў гэтай сям’і ўсе любяць адзін аднаго, не ведаюць, што такое нянавісць і злосць, у гэтай сям’і цёпла і ўтульна. Усе дзяўчынкі нашага класа у марах пабывалі на святочным балі, разам з Наташай Растовай вальсіравалі ў танцы. Пры вывучэнні рамана Д. Дэфо “Рабінзон Круза” нашы хлопчыкі-аднакласнікі ўяўлялі сябе на незаселенай выспе, стараліся выжыць разам з Рабінзонам. Чытаючы на ўроку апавяданні У. Шукшына пра дзівакоў, я шукала ў сабе тую самую дзівачку, якая, напэўна, ёсць у кожным чалавеку.
Вершы, вершы, вершы ... Колькі іх прагучала на ўроку літаратуры! Чароўныя і мудрыя Ф. Цютчава, пранізлівыя С. Ясеніна, загадкавыя В. Хлебнікава, кранальныя Г. Ахматавай, надрыўныя М. Цвятаевай. А як чытала іх Зінаіда Сцяпанаўна! Як сапраўдны артыст!
Акрамя усяго гэтага Зінаіда Сцяпанаўна была яшчэ тонкім псіхолагам. Яна ўмела адчуваць побач з сабой чалавека, умела чытаць яго душу, бачыць у яго вачах духоўны свет – яго радасць, бяду, няшчасце, гора. Яна ўмела паважаць, берагчы пачуццё чалавечай годнасці: не павышала голас, але было дастаткова яе погляду, каб зразумець, што ты памыліўся, правініўся, не дапрацаваў.... І перад Зінаідай Сцяпанаўнай заўсёды было сорамна за свае памылкі. І, хоць гэты педагог не быў шчодры на завышаныя ацэнкі, ні адзін вучань ніколі не быў на яе ў крыўдзе: Зінаіда Сцяпанаўна была справядлівым настаўнікам. Да яе я часта звярталася ў цяжкія хвіліны. Праблемы, непаразуменні, рознагалоссі, крыўды – яна ўсё ўмела вырашыць і зрабіць так, як будзе лепш для ўсіх нас. Гэта чалавек, які мог пра любога сказаць добрыя і прыемныя словы. Яна да ўсіх заўсёды была добразычлівая.
Ляцяць дні…Зімы змяняюцца вёснамі, на змену прыходзіць лета, восень… І так за годам год….
У кожнага чалавека свае зімы, свае вёсны…
Мая вясна дазволіла мне выбраць правільны шлях у жыцці. Пасля заканчэння школы я цвёрда вырашыла паступаць ў БДУ у г.Мінск на філалагічны факультэт. Менавіта тады на прыкладзе сваёй настаўніцы Толсцік Зінаіды Сцяпанаўны жаданне стаць настаўнікам дасягнула сваёй вяршыні. Менавіта тады я зразумела, што кожны дзіцячы лёс – гэта гісторыя маленькай планеты, асобая, свая… Ужо тады я вызначыла прынцыпы, якімі кіруюся ў сваёй дзейнасці і сёння: дапамагаць, разумець, падтрымліваць, супрацоўнічаць і, вядома ж, любіць. Толькі той, хто любіць дзяцей, любіць сваю справу, можа дарыць любоў іншым. Праз любоў, узаемапавагу, дабрыню, міласэрнасць ідзе станаўленне маленькай чалавечай асобы.
Падчас вучобы я таксама часта звярталася да Зінаіды Сцяпанаўны за парадай ці за патрэбнай кнігай. Час прабег хутка. Я атрымала дыплом і прыйшла працаваць ў сваю родную Азёркаўскую школу, дзе мяне сустрэла мая Зінаіда Сцяпанаўна. І зноў яе ласкавыя словы падтрымалі мяне, маладога спецыяліста: ”Не бойся, Таццяна Анатольеўна, у цябе ўсё атрымаецца!”. Мне так падабалася, калі яна часам мяне называла проста Танечка … Для сябе я тады вызначыла, што вельмі важна не толькі даваць веды па прадмеце, але весці і краязнаўчую работу, займацца этнаграфічнай дзейнасцю, развіваць творчыя здольнасці, выхоўваць патрыятычныя пачуцці, культуру здаровага ладу жыцця, фарміраваць маральныя якасці, светапогляд навучэнцаў.
За вясною прыходзіць лета. Гарачая пара, час надзей і спадзяванняў. Маё лета асаблівае… Гэта час рэалізацыі планаў. Вызначыўшы асноўныя накірункі дзейнасці, абраўшы правільны жыццёвы шлях, імкнуся апрабіраваць задумкі на практыцы. Важнай умовай для паспяховай працы з’яўляецца ўзаемапаразуменне з навучэнцамі. Трэба вельмі пастарацца, каб дастукацца да душы кожнага вучня, каб цябе слухалі, трэба, каб табе верылі. Верылі ў тваю справядлівасць, непадкупнасць, шчырасць.
І вось зноў гучыць званок. Гэта значыць, што прыйшла восень – час збору ўраджаю. Які ён, мой ураджай? Гэта, безумоўна, вынікі працы. А яны былі за ўсе гады працы. У народзе кажуць: ”Калі цябе хвалюе заўтрашні дзень – сей зерне, калі будуеш планы на дзесяць год наперад – садзі сад, калі ж на сто гадоў – выхоўвай дзяцей…”. Вось і я ўжо сорак адзін год выхоўваю сваіх вучняў, з дня ў дзень ходзячы знаёмай сцяжынкай у родную Азёркаўскую школу, якую сама закончыла ў 1980-ым годзе. З-пад майго крыла вылецела не адна сотня выпускнікоў. Гэта сапраўдныя грамадзяне нашай роднай Беларусі, шчырыя працаўнікі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, адукацыі, аховы здароўя і іншых сфер эканомікі краіны.
Лічу, што я не выпадкова выбрала сваю прафесію. Сваё прадаўжэнне, свой працяг настаўніка-філолага знайшлі мае восем вучняў, у тым ліку і мая дачка Вольга, якая працуе ў гімназіі г.Гродна. Мае вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі разнастайных конкурсаў. Разам з імі мы пішам сачыненні, вершы, распрацоўваем сцэнарыі, арганізуем выступленні, удзельнічаем у конкурсах і канферэнцыях. На працягу некалькіх гадоў мае дзяўчынкі был прызёрамі алімпіяд. Слёзы радасці з’яўляюцца на вачах, калі бачыш радасныя эмоцыі, якія перажываюць вучні ў такія хвіліны шчасця. Тады разумееш, што толькі дзеля гэтага варта працаваць.
Так, перамогі заўсёды радуюць. Але жыццё не стаіць на месцы. Надыходзіць час, калі я павінна зрабіць прамежкавы вынік сваёй дзейнасці. Гэта перыяд роздуму, асэнсавання памылак. Гэта яшчэ адна прыступка да ўсведамлення таго, што я на правільным шляху, што не збілася з яго.
Сапраўды, я ніколі, ніводнага разу, ці будучы студэнткай універсітэта, ці нават ужо працуючы ў школе, не задумвалася аб тым, што ўвесь гэты час я ішла па шляху да здзяйснення такой простай і, здавалася б, зусім звычайнай мары свайго дзяцінства – стаць настаўнікам. Мара збылася. І вось я, у прыгожым строгім касцюме, з акуратнай прычоскай, стаю перад сваімі вучнямі, а цэлы клас пытлівых вачанятак з увагай назірае за кожным маім жэстам, з цікавасцю ловіць кожнае маё слова, як некалі гэта рабіла сама, сустрэўшы ў жыцці Толсцік Зінаіду Сцяпанаўну. І сёння мая вучаніца вярнула мяне ў летуценнае дзяцінства, у тыя дні, калі я, як і яны, пяцікласнікі, сёння выкладаюць на паперу свае мары, пісала такое ж сачыненне. Пісала няўмелымі дзіцячымі сказамі, што хачу ў будучым працаваць у школе, хачу быць падобнай да сваёй настаўніцы, правяраць сшыткі, вучыць дзяцей, ставіць з імі спектаклі, наведваць музеі. І вось адна з маіх вучаніц нагадала мне, што мары маюць звычку здзяйсняцца. І толькі тады, калі гэтага вельмі хочаш…
“ Мая мара збылася,” – такі адказ я ўпэўнена магу даць сёння сама сабе, сваёй вучаніцы і ўсім, хто пацікавіцца ў мяне пра мой прафесійны выбар. Разважаючы з вышыні пражытых гадоў, разумею, што мой выбар прафесіі быў правільны. Вельмі шкада, што Зінаіда Сцяпанаўна рана пайшла з жыцця. Мне здаецца, я не забуду яе ніколі.
І сёння мне хочацца сказаць сваёй настаўніцы словы ўдзячнасці за ўрокі Жыцця, Дабрыні і Чалавечнасці і запэўніць усіх: “Нет на земле ответственней призванья –Учитель мой, в делах продолжить вас!” Справы, думкі, пажаданні майго Настаўніка прараслі зярняткамі ў глебу маёй роднай Беларусі і пусцілі пасынкі ўжо ў маіх справах і справах маіх выпускнікоў. І так будзе далей…
Лёс маёй роднай Беларусі знаходзіцца ў руках школьнага настаўніка. Так, з гэтым трэба пагадзіцца. Сапраўдны настаўнік не толькі дае веды, але і выхоўвае Чалавека, Грамадзяніна і Патрыёта сваёй Радзімы. Невыпадкова нехта з вялікіх сказаў: “ Настаўнік – гэта чалавек, які трымае ў сваіх руках заўтрашні дзень краіны, будучае планеты”. Сапраўды, менавіта так, таму што будучае маёй краіны – гэта адукаваныя і выхаваныя людзі. Стаць такімі людзьмі дапамагаюць настаўнікі.
ГАЛАВАЧ ТАЦЦЯНА АНАТОЛЬЕЎНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”