Заслуженное признание
СМАЛЯНІЧЭНКА
АЛЕНА ІВАНАЎНА
Заслуженное признание
СМАЛЯНІЧЭНКА
АЛЕНА ІВАНАЎНА
Настаўнік. Адно толькі слова, а як многа яно ўвабрала ў сябе. Здаецца, цэлы свет. Гэта незвычайная прафесія, якая звязана з дзяцінствам і патрабуе… Ды чаго толькі не патрабуе прафесія настаўніка! Быць адначасова і выхавальнікам, і псіхолагам, і мастаком, і артыстам, і сябрам, і дарадцам. Ды мала яшчэ кім даводзіцца быць настаўніку! Яго працу нельга ўціснуць у рамкі працоўнага дня. Ён, здаецца, працуе на працягу сутак: сшыткі, якія неабходна праверыць, сур’ёзная метадычная падрыхтоўка да ўрокаў, розныя пазакласныя мерапрыемствы ... І ўсё для таго, каб не толькі навучыць дзяцей неабходнаму, але і захаваць у іх душах і сэрцах галоўнае – чалавечнасць. Вялікае шчасце сустрэць педагога, які вучыць дабрыні і справядлівасці. Добрага настаўніка не забываюць. Пра яго памятаюць заўжды. Да ліку такіх адносіцца Алена Іванаўна Смалянічэнка, якая і сёння сваю прафесію лічыць самай лепшай і найгалоўнейшай. Ёй яна прысвяціла 38 гадоў.
Смалянічэнка (Усіновіч) Алена Іванаўна нарадзілася 20 чэрвеня 1950 года ў вёсцы Кудэйшы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Яе бацькі, Усіновіч Іван Фаміч (1915-1997), Усіновіч Марыя Юсцінаўна(1926-2008), працавалі на сваёй гаспадарцы. З 1 ліпеня 1952 г. – у калгасе «Чырвоная зорка» (в.Кудэйшы). З 3 мая 1957г. калгасы былі рэарганізаваны ў дзяржаўныя прадпрыемствы-саўгасы, і бацькі пачалі працаваць у саўгасе «Суботнікі» паляводамі. За добрасумленную працу ад імя Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР рашэннем Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ад 25.10.1976г. Усіновіч І.Ф. быў узнагароджаны медалём «Ветэран працы».
У сям’і падрастала трое дзяцей. Пасля заканчэння Суботніцкай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Алена Усіновіч паступіла і з добрымі адзнакамі закончыла Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча, а ў 1974 годзе – Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Янкі Купалы па спецыяльнасці настаўнік пачатковых класаў. У 1975 годзе выйшла замуж і змяніла прозвішча на Смалянічэнка.
У яе працоўнай кніжцы толькі адзін запіс пра месца працы – Геранёнская СШ Іўеўскага раёна. Тут з 1969 па 2005 год яна працавала старшай піянерважатай, педагогам-арганізатарам.
За добрасумленную працу ўзнагароджана граматамі аддзела адукацыі Іўеўскага райвыканкама, ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Загадам аддзела народнай асветы Гродзенскага аблвыканкама №2_111 ад 26.06.1986 года першай у Іўеўскім раёне прысвоена званне «Старшы піянерважаты-метадыст». Узнагароджана значком ЦК ВЛКСМ «Піянерскаму важатаму» (06.05.1985г.), значком ЦС Усесаюзнай піянерскай арганізацыі імя Леніна «За активную работу с пионерами» (24.05.1972г.).
20 жніўня 1986 года ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» (Указ Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР).
Была дэлегатам Першага злёту піянерважатых Беларусі (1971г.), дэлегатам абласных камсамольскіх канферэнцый, дэлегатам Першага з’езду настаўнікаў Рэспублікі Беларусь (1997г.)
У красавіку 1995 года заняла І месца ў абласным і ІІ месца ў рэспубліканскім конкурсе важацкага майстэрства.
З 1990 па 2005 гады кіравала раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў сусветнай мастацкай культуры Іўеўскага раёна.
У 2001 годзе выступала на рэспубліканскіх педагагічных чытаннях ад Іўеўскага раёна па тэме «Краязнаўства як сродак выхавання любові да Бацькаўшчыны, пачуцця адказнасці за лёс роднага краю».
Актыўная ўдзельніца творчых конкурсаў:
2002-2003 гг. – абласны конкурс аўтарскіх праграм па краязнаўстве (ІІ месца); конкурс рэдакцыі газеты «Во славу Родины» «Памяти павших на войне» (матэрыял А. Смалянічэнка «Дэсантнік з нашага краю» надрукаваны ў кнізе «Солдатскому долгу остались верны» – Мінск, 2004 г.)
2004-2005 гг. – удзел у ІІ рэспубліканскім конкурсе вучнёўскіх газет. Узнагароджана граматай ад таварыства беларускай мовы.
2006-2007 гг. – удзел у рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак «Адкрыты ўрок».
Калектыў Геранёнскай СШ пад кіраўніцтвам Смалянічэнка А.І. з’яўляецца пераможцам рэспубліканскага конкурсу творчых работ навучэнцаў сельскіх школ «Летапісанне роднай вёскі» і ўзнагароджаны Ганаровай граматай і прызамі Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (25 мая 1998г).
Навучэнцы Геранёнскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара А.І. Смалянічэнка ўдзельнічалі ў многіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, неаднаразова станавіліся пераможцамі, атрымлівалі ўзнагароды:
- Абласная віктарына «Женщины в Великой Отечественной войне»
- Абласная віктарына, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Пятра Міронавіча Машэрава. 2008 г.
- Абласная алімпіяда «Мы помним Ваш подвиг, солдаты войны», прысвечаная 65-й гадавіне вызвалення. 2009 г.
- Рэспубліканскі конкурс «Садам – заботу юных». 2007 г.
- Рэспубліканскі конкурс малюнкаў «100 рисунков для Беларуси»
- Міжнародны конкурс малюнкаў «Всё зелено, всё голубо» (г. Торунь, Польша)
- Конкурс «Наследникам Победы», «Известные люди региона». 2007г.
- Абласная алімпіяда «Бессмертен Ваш подвиг, герои Победы», прысвечаная 65-й гадавіне Перамогі
- Конкурс-віктарына «Гродненщина многонациональная», прысвечаны VIII рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур. 2010г.
Іўеўскі раённы выканаўчы камітэт, памятаючы заслугі Смалянічэнка А.І., прадставіў яе да ўзнагароды, і яна атрымала Ганаровы ордэн «100 год Ленінскаму камсамолу».
Алена Іванаўна Смалянічэнка прымала актыўны ўдзел у пошуку, зборы і падрыхтоўцы матэрыялаў для кнігі «Памяць. Іўеўскі раён.» (стар. 326, 327, 363, 364).
На працягу дзесяцігоддзяў педагагічнай працы ў час летняй аздараўленчай кампаніі працавала старшай піянерважатай у раённых і абласных лагерах, начальнікам лагера ў роднай школе.
Алена Іванаўна і сёння не застаецца ў баку ад грамадскага жыцця, займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Яе часта запрашаюць на літаратурныя гасцёўні, творчыя вечарыны, паэтычныя сустрэчы, краязнаўчыя канферэнцыі.
Смалянічэнка А.І. з’яўляецца лаўрэатам І абласнога фестывалю «Поэзия – души движение» (12.01.1998г.). Выйшлі з друку яе паэтычныя зборнікі:
«Двадцать песен о любви» 2007 г.
«Ты прыедзь у Геранёны» 2009 г.
«Душа паэзіяй сагрэта» 2019 г.
«Барвінак» – 2021г.
«Мой песеннік» – 2018г.
Яе вершы друкаваліся ў 8 калектыўных зборніках:
1. Іўеўшчына літаратурная. Гродна 2013г.
2. Поэзия – души движение. Гродно 2016г.
3. Голос Надежды. Гродно 2008г.
4. Гаманлівае дрэва любові. Мінск 2014г.
5. Гаманлівае дрэва любові. Смаленск 2015г.
6. Подыхам адзіным. І, ІІ том Мінск 2010г.
7. Сборник «Поэзия». Минск 2011г.
Прымала ўдзел у навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі «Іўеўская зямля – сузор’е народаў, рэлігій і культур», якую арганізавалі Іўеўскі раённы выканаўчы камітэт, УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы», Іўеўская цэнтральная раённая бібліятэка і аддзел культуры Іўеўскага райвыканкама (15.06.2012). Тэмай выступлення А. Смалянічэнка была «Невядомыя старонкі Геранёнскай зямлі».
26.03.2021г. – пераможца І рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю». Конкурс прымеркаваны да завяршэння Года малой Радзімы ў Рэспубліцы Беларусь (2018-2020гг.). Атрымала памятны медаль і кнігу В. Корбута «Ад Мінска да Вільні».
З 2019 па 2022 гг. выдала наступныя краязнаўчыя кнігі:
1. Касцёл Святога Мікалая ў Геранёнах.
2. Геранёны. Даведачна-інфармацыйны матэрыял.
3. Старонкі гісторыі Геранёнскай зямлі. Мінск, «Кнігазбор» 2020г.
4. Прыязджайце ў Геранёны. Даведачнік для экскурсантаў.
5. Мы помнім. Да Года гістарычнай памяці.
6. Год за годам. Публіцыстыка (1975-2015)
7. Год за годам. Публіцыстыка (2016-2022)
Дэвізам свайго жыцця Алена Іванаўна ўзяла словы Уладзіслава Умястоўскага: «Трэба жыць так, нібы заўтра памрэш, а працавать так, нібыта ты будзеш жыць вечна».
Драб Іна Леанідаўна,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Геранёнская сярэдняя школа»