БЕНЯКОВІЧ
ТАЦЦЯНА ВАДЗІМАЎНА
Вядомы рускі пісьменнік М.М.Прышвін сказаў:”Усё цудоўнае на зямлі – ад сонца, і ўсё добрае – ад чалавека”.
Ёсць людзі, якія сваёй асобай нібы выпраменьваюць святло, жыццярадаснасць, пазітыўнасць і выклікаюць павагу і захапленне.
Такім высакародным чалавекам са светлай душою і багатым духоўным светам з’яўляецца Таццяна Вадзімаўна Берняковіч – настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі №1 г.Астраўца Гродзенскай вобласці.
Таццяна Вадзімаўна – высокапрафесійны педагог, узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” і Ганаровымі граматамі за поспехі ў навучанні і выхаванні дзяцей.
Адкуль жа бярэ пачатак яе жыццёвы і педагагічны шлях?
Таццяна Вадзімаўна нарадзілася 10 красавіка 1961 года ў вёсцы Вярэйкі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Цікавасць да педагагічнай прафесіі ўзнікла ў яе яшчэ ў школьныя гады дзякуючы ўрокам настаўніцы рускай мовы і літаратуры, якая адкрыла перад дапытлівай дзяўчынкай цудоўны свет твораў А.С.Пушкіна, А.П.Чэхава, І.С.Тургенева . Вялікі ўплыў на выбар прафесіі аказала і маці Ганна Іванаўна, па нацыянальнасці руская, якая з’яўлялася ўраджэнкай Цвярской вобласці.
Таццяна Вадзімаўна адзначае:”Выбраўшы прафесію настаўніка рускай мовы і літаратуры, я хачу перадаць сваё захапленне рускім словам і маім вучням, паказаць значнасць граматнага і прыгожага маўлення ў жыцці, у зносінах з людзьмі, раскрыць “сакрэты” рускай мовы”.
Ёй вельмі падабаецца верш педагога А.Д.Гарачавай, які цалкам адлюстроўвае яе асабістыя думкі аб уласным прызначэнні, сваёй місіі :
Где душа моя?
В школе.
Это доля моя,
Были разными годы,
И сложилась судьба.
Не профессия – песня.
Где начало – конец.
Я учитель.
И это
Мой терновый венец.
Таццяна Вадзімаўна ў 1978 г. паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт рускай філалогіі. Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала ў школе ў вёсцы Цялуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля пераезду на Астравеччыну выкладала рускую мову і літаратуру ў вёсцы Лоша Астравецкага раёна і ў сярэдняй школе №1 г.Астраўца. У 1997 г. Таццяна Вадзімаўна з’яўлялася дэлегатам 1 з’езду настаўнікаў у г.Мінску ў складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці. На з’ездзе яе ўзнагародзілі Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за плённую і творчую працу ў сістэме адукацыі. З 2004 г. і па сённяшні дзень настаўніца працуе ў гімназіі №1 г.Астраўца. З 2010 па 2012 гады ў гэтай навучальнай установе займала пасаду намесніка дырэктара па метадычнай рабоце.
У 2006 г. Таццяна Вадзімаўна стала ўдзельніцай фіналу Гродзенскага абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” і атрымала перамогу ў намінацыі “Настаўнік-майстар”.За ўдзел у фінале 3 абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь у 2005/2006 навучальным годзе” настаўніцу ўзнагародзілі Ганаровай граматай Упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
У 2008 г. педагог узнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” за шматгадовую плённую работу і высокі прафесіяналізм.
У 2008 г. Таццяна Вадзімаўна Берняковіч занесена на Дошку Гонару Астравецкага раёна. Яе талент настаўніка, асабістыя дасягненні і вынікі працы з адоранымі вучнямі атрымалі заслужанае прызнанне.
На думку Таццяны Вадзімаўны, складнікамі поспеху настаўніка з’яўляюцца любоў да дзяцей, любоў да прадмета, сумленнасць у адносінах да сваёй працы, імкненне “не страціць” ні адной хвіліны на ўроку, уменне прабачаць.
Настаўніца лічыць, што самым важным у працэсе навучання з’яўляецца выпрацаваць у вучняў самастойнасць .Таму ў якасці педагагічнага крэда яна ўзяла словы Песталоцці:”Мае вучні будуць даведвацца новае не ад мяне; яны будуць адкрываць гэта новае самі. Мая галоўная задача – дапамагчы ім раскрыцца, развіць уласныя ідэі”. Каб рэалізаваць гэта на практыцы, педагог выкарыстоўвае сучасныя адукацыйныя тэхналогіі:інфармацыйныя, даследчага навучання, крытычнага мыслення, праблемнага навучання. Яна імкнецца прапаноўваць вучням такія віды работ, якія развівалі б самастойнасць:падрыхтаваць тэсты, слоўнікавыя дыктанты па вызначаных тэмах самімі вучнямі;намаляваць вокладку да прачытанай кнігі ,адлюстраваўшы на вокладцы асноўную думку твора; напісаць паэтычную (празаічную)характарыстыку аднакласнікаў.
Урокі праходзяць цікава, эмацыянальна, насычаны разнастайнымі відамі дзейнасці. Настаўніца часта выкарыстоўвае групавую форму работы, розныя тэхнікі візуалізацыі вучэбнага матэрыялу. На ўроках Таццяны Вадзімаўны няма абыякавых і пасіўных вучняў:усе зацікаўлены, усе актыўна ўдзельнічаюць у працы. Гэта дасягаецца і праблемнымі пытаннямі, якія яна задае пры аналізе літаратурнага твора, і паказам урыўкаў з кінафільмаў па матывах літаратурных твораў, і ўменнем настаўніцы эмацыянальна аналізаваць творы і ўзаемадзейнічаць з класам.
Невыпадкова, што вучні Таццяны Вадзімаўны лічаць яе ўзорам настаўніка, і многія імкнуцца дасягнуць поспехаў у вывучэнні рускай мовы і літаратуры.
На працягу многіх гадоў педагог з’яўляецца настаўнікам-трэнерам па падрыхтоўцы адораных вучняў да алімпіяд.
У 2014 г. вучаніца 10 класа Шаўчэнка Маргарыта атрымала Дыплом 1 ступені на рэспубліканскім этапе алімпіяды па рускай мове і літаратуры, у 11 класе – Дыплом 2 ступені. У 2014 годзе Таццяна Вадзімаўна паспяхова падрыхтавала Шаўчэнка Маргарыту да ўдзелу ў алімпіядзе Саюзнай дзяржавы “Россия и Беларусь:историческая и духовная общность”, і дзяўчынка атрымала Дыплом 1 ступені.
Настаўніца далучае вучняў да ўдзелу ў міжнародным конкурсе “Атамны Пегасік”, які праводзіць кіраўніцтва расійскай Дзяржкарпарацыі “Расатам” сумесна з Саюзам пісьменнікаў Расіі. У гэтым конкурсе ў 2021 г. прыняла ўдзел Шчучкіна Аліса,якая напісала трэк “Мір і давер” у намінацыі “Атамныя гісторыі”і атрымала Дыплом. Таццяну Вадзімаўну таксама ўзнагародзілі Дыпломам у намінацыі “Лепшы настаўнік рускай мовы краін “Расатама”.
Вялікае значэнне Таццяна Вадзімаўна Берняковіч надае даследчай дзейнасці вучняў. Пад яе кіраўніцтвам гімназісты даследуюць цікавыя тэмы па рускай філалогіі і абараняюць свае работы на навукова-практычных канферэнцыях. Напрыклад, Івашка Юлія атрымала Дыплом 3 ступені на рэспубліканскай канферэнцыі за даследчую работу «Фонетические особенности речи жителей Островетчины»; Герман Кірыл і Савін Яраслаў узнагароджаны Дыпломам 2 ступені на абласной канферэнцыі “Край Гарадзенскі” за работу “Литературный портрет Островетчины”. У Расіі, у горадзе Сасновы Бор, на міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі выступілі Бей Валерыя і Анцыферава Таццяна з работай “Образование названий деревень Удомльского района (Россия) и Островецкого района”, якую таксама дапамагала рыхтаваць іх кіраўнік Таццяна Вадзімаўна Берняковіч.
Настаўніца сама займаецца даследчай дзейнасцю і прымае ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях. У 2020 г. яна атрымала Дыплом 1 ступені за даследчую работу “Образ Александра Невского в поэзии», з якой выступіла на Каложскіх навукова-адукацыйных чытаннях у г.Гродна.
Гонарам настаўніцы з’яўляюцца і вучні, якія атрымалі найбольш высокія балы на экзамене па рускай мове. Выпускніца 2021 г.Пшаніцына Ксенія пры паступленні ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт здала ЕГЭ на 100 балаў. Выпускніца 2023 г. Ступенка Анастасія таксама атрымала на ЦЭ 100 балаў.
Таццяна Вадзімаўна лічыць, што важную ролю ў навучанні дзяцей адыгрывае прадметны кабінет.У яе кабінеце знаходзяцца партрэты рускіх пісьменнікаў-класікаў, стэнд, на якім ёсць інфармацыя пра пісьменнікаў-юбіляраў і цікавыя звесткі па рускай мове і літаратуры. Таццяна Вадзімаўна сабрала шмат метадычнай літаратуры, якой карыстаецца пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд. Для працы на ўроках, факультатыўных занятках настаўніца выкарыстоўвае дыдактычны матэрыял, слоўнікі. У 2019 г. кабінет Таццяны Вадзімаўны атрымаў Дыплом 1 ступені Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама на абласным аглядзе-конкурсе прадметных кабінетаў у намінацыі “Кабінет рускай мовы і літаратуры”.
На працягу многіх гадоў Таццяна Вадзімаўна з’яўлялася класным кіраўніком і таксама можа быць прыкладам таго, як неабходна ўзаемадзейнічаць з дзецьмі. Заўсёды захапляе яе ўменне размаўляць з вучнямі – добразычліва, па-сяброўску, але так, каб вучань усвядоміў сваю памылку, выклікае павагу ўменне знаходзіць правільныя словы ў праблемнай сітуацыі.
Таццяна Вадзімаўна ўмее прыдумаць цікавыя, запамінальныя мерапрыемствы, кожнае з якіх мае сваю адметнасць:”круглы стол” для бацькоў “Сямейныя каштоўнасці”, інтэлектуальныя гульні “Што?Дзе?Калі?”, канферэнцыя “Роля рускай мовы ў грамадстве” і многія іншыя. Настаўніца арганізоўвала для сваіх вучняў экскурсіі ў розныя гарады Беларусі, у знакамітыя мясціны Астравецкага раёна для таго, каб дзеці больш ведалі пра свой край, ганарыліся яго славутымі людзьмі.
Таццяна Вадзімаўна – вельмі творчы чалавек. У педагога выдатна атрымліваецца любая справа, паколькі яна заўсёды ўносіць у яе штосьці арыгінальнае, адметнае.
Калі сустракаешся з гэтай настаўніцай, то быццам адчуваеш яе жыццёвую энергію, пазітыўную настроенасць, добразычлівасць у адносінах да суразмоўцы. У яе вачах – цёплая ўсмешлівасць, якая асвятляе прыгожы твар і нібы сагравае цябе дабрынёй. Яна вельмі тактоўная ў адносінах да сваіх калег, дапамагае ім, калі гэта неабходна, карыснымі парадамі і канкрэтнымі справамі.Яе жыццёвым дэвізам з’яўляюцца словы прыказкі:”Жыццё даецца на добрыя справы”.
У Таццяны Вадзімаўны ёсць вучні,якія па прыкладзе любімай настаўніцы выбралі педагагічную прафесію. Адна з іх – Аксана Паўлаўна Лазарава, настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №1 г. Астраўца.Яна ўспамінае:”У 5 класе на ўрок рускай мовы да нас прыйшла Таццяна Вадзімаўна Берняковіч.І тыя словы, тое знаёмства, урокі, тая дабрыня і цеплыня да цяперашняга часу жывуць у маёй душы. І мне захацелася стаць падобнай на Таццяну Вадзімаўну, даваць дзецям веды і быць патрэбнай людзям”. Так, безумоўна, могуць сказаць і іншыя вучні.
Аўтар гэтага нарыса прысвяціла Таццяне Вадзімаўне Берняковіч свой верш, які таксама з’яўляецца сведчаннем вялікай павагі да яе – таленавітага педагога і цудоўнага чалавека:
Вы з вясёлай усмешкай сустрэнеце,
Прывітаеце кожнага з нас.
Цёплым словам сваім абнадзеіце,
Што для ўсіх ёсць у сэрцы ў Вас.
Вы Настаўнік, бясспрэчна, ад Бога,
І любоўю дзяцей і павагай калег
Упрыгожана шчодра Ваша лёсу дарога,
І ўзмацняе павагу гадоў кругабег.
З захапленнем, энергіяй, жартамі
Вы праводзіце ў класе ўрокі,
І з цікавасцю вучні за партамі
Адчыняюць свет ведаў шырокі.
Ваш аптымізм, бадзёрасць даюць натхненне нам.
Дык хай яны ніколі не згасаюць!
А розум, дабрыня, што ўласцівы Вам,
Жыццёвы шлях усім людзям асвятляюць!
Саковіч Вольга Іванаўна,
настаўнік беларускай мовы
і літаратуры
ДУА “Гімназія №1 г. Астраўца
Гродзенскай вобласці”