КРУПА
АНАТОЛЬ ЛЕАНІДАВІЧ
Дадатак 1
Характарыстыка студэнта-выпускніка гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Крупы Анатоля Леанідавіча (арыгінал дакумента знаходзіцца ў фондзе Бердаўскага гісторыка-краязнаўчага народнага музея)
Дадатак 2
Пасведчанне Анатоля Леанідавіча Крупы аб узнагароджванні і нагрудны знак «Выдатнік адукацыі» (экспанаты на часовым захоўванні ў фондзе Бердаўскага гісторыка-краязнаўчага народнага музея)
ДАДАТАК 3 Відэафрагмент з тэлеперадачы «События» (TV-lida, 31.10.2017)
«Агрогородок Бердовка отпраздновал 490-летие»
АНАТОЛЬ ЛЕАНІДАВІЧ КРУПА – КІРАЎНІК, ПЕДАГОГ, ЧАЛАВЕК
Анатоль Леанідавіч Крупа нарадзіўся 2 сакавіка 1955 г. у вёсцы Мастаўляны Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ў настаўніцкай сям’і. Яго бацька, Леанід Фёдаравіч, быў дырэктарам Мастаўлянскай пачатковай школы. Маці, Яніна Феліксаўна, працавала ў гэтай жа школе настаўнікам пачатковых класаў. Бацькі «спачатку, пакуль не пабудавалі свой дом, здымалі пакой у тым жа будынку, дзе была школа (з успамінаў дачкі Ёрш (Крупы) Ю.)». У сям’і, акрамя Анатоля, выхоўваліся яшчэ два сыны – старэйшы Віктар (1953) і малодшы Міхаіл (1957). Нягледзячы на тое, што мама і тата працавалі настаўнікамі, дзяцінства ў хлопчыкаў было самым звычайным – вясковым: пасвілі хатнюю жывёлу, дапамагалі па гаспадарцы, гулялі ў дваровыя і спартыўныя гульні…
З успамінаў былой калегі Галіны Альшэўскай: «Анатоль Леанідавіч пра свае школьныя гады расказваў з ахвотай. У вольны час, як і многія хлапчукі тае пары, здаралася, залазіў у чужы сад. Гаварыў, што ў школьным дзяцінстве “балюча рэагаваў на кпіны і абразы, кідаўся ў бойку”. Адным словам, паводзіў сябе як самы звычайны школьнік. У старэйшых класах жыў у вёсцы Парэчча ў прышкольным інтэрнаце, паколькі дадому са школы было далёка дабірацца. Здаралася, з сябрамі прагульвалі заняткі. І тыя гады сталі для яго першай своеасаблівай школай жыцця – жыцця ў калектыве».
У 1972 годзе Анатоль Крупа скончыў дзесяць класаў Парэцкай сярэдняй школы. Адразу паступіць у інстытут не ўдалося – не хапіла прахадных балаў. І ён пачаў працоўную дзейнасць на заводзе «Лідсельмаш» у якасці слесара-зборшчыка, быў брыгадзірам.
Літаральна праз год, у лістападзе 1973 года, прызваны на тэрміновую вайсковую службу, якую праходзіў на Балтыйскім і Чарнаморскім флатах. Ён браў удзел у дальніх паходах. Як сапраўдны марскі воўк, ажно 48 разоў перасякаў экватар! Выконваў інтэрнацыянальны абавязак у афрыканскіх краінах. Узнагароджаны нагруднымі жэтонамі «За дальні паход», «Выдатнік ВМФ СССР». З тае пары надзейнасць у сяброўстве і адказнасць перад іншымі, любоў да парадку, абавязак трымаць дадзенае слова захаваліся ў характары Анатоля Леанідавіча як самыя асноўныя рысы.
Шлях да педагогікі і школы пачаў з універсітэцкіх сценаў. У 1977 годзе Анатоль стаў студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Падчас студэнцтва не быў староннім назіральнікам: старанна вучыўся, займаў актыўную жыццёвую пазіцыю. На працягу пяці год абіраўся членам камсамольскага бюро факультэта, быў намеснікам сакратара. А з 1978 па 1981 гады – сакратаром факультэцкага камсамольскага бюро.
Некалькі сезонаў аддаў справе студэнцкіх будаўнічых атрадаў. У 1977-1978 – баец студэнцкага будаўнічага атрада, у 1979 – яго камадзір, у 1980 – камісар, у 1981 г. – камандзір Жлобінскага занальнага штаба студэнцкага будаўнічага атрада (Дадатак 1).
У 1982 годзе Анатоль Крупа атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі і, як выпускнік з добрай характарыстыкай, меў працоўныя перспектывы ў Гомелі. Аднак карані ўзялі сваё, і ён (ужо разам з маладой жонкай Наталляй, таксама будучым педагогам), вяртаецца на родную лідскую зямлю.
Педагагічную дзейнасць пачаў у Лідскім раёне з пасады дырэктара Сямашкінскай васьмігадовай школы. З 1984 г па 2018 – дырэктар Бердаўскай СШ (пазней Бердаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы). Да 2020 года – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, кіраўнік музея ў Бердаўцы.
Вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Неаднаразова абіраўся дэпутатам Бердаўскага сельскага выканаўчага камітэта. З’яўляўся старшынёй раённай грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай школы».
Адзначаны шматлікімі граматамі і ўзнагародамі, у тым ліку ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, ЦК ЛКСМБ, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Разам з жонкай Наталляй Фёдараўнай выгадавалі дачку Юлію і сына Паўла, дачакаліся трох унукаў.
Вялікі чалавек жыў вялікімі планамі. Аднак лёс распарадзіўся несправядліва жорстка. 8 кастрычніка 2020 г. на 66-ым годзе пасля працяглай хваробы Анатоль Леанідавіч Крупа пайшоў з жыцця. Па яго просьбе пахаваны недалёка ад роднай Бердаўкі – на могілках ў вёсцы Татарцы (Лідскі раён).
Анатоль Леанідавіч Крупа аддаў сістэме адукацыі Лідскага раёна больш за 37 гадоў. З іх каля 36 гадоў працаваў у Бердаўскай школе, у тым ліку 34-ы займаў пасаду яе дырэктара.
Першая святочная школьная лінейка ў Бердаўцы, якую ў якасці дырэктара адкрыў Крупа Анатоль Леанідавіч, адбылася 1 верасня 1984 года. Усе гады працы ў школе быў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства. Са жніўня 1991 – настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. 31 мая 1996 г. за значны ўклад у развіццё адукацыі, укараненне перадавога педагагічнага вопыту, узорнае выкананне працоўных абавязкаў быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі» (ДАДАТАК 2).
Пад граматным кіраўніцтвам Анатоля Крупы, які згуртаваў вакол сябе творчых педагогаў-аднадумцаў, калектыў Бердаўскай школы дасягнуў у адкацыйным працэсе значных поспехаў. Гэта быў калектыў, дзе намаганні ўсіх супрацоўнікаў узгадняліся і накіроўваліся на дасягненне агульных мэт – фарміраванне ведаў, уменняў, навыкаў і інтэлектуальнае, маральнае, творчае і фізічнае развіццё асобы кожнага вучня школы. Дзякуючы намаганням дырэктара была створана і добрая матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы адукацыі. Нават падчас водпуску яго бачылі на школьнай тэрыторыі.
Тое, якім быў Анатоль Леанідавіч кіраўніком і педагогам, найлепш ілюструюць успаміны былых вучняў, выпускнікоў школы, кіраўнікоў раённай сістэмы адукацыі, калег, работнікаў школы, сяброў і знаёмых. «Анатоль Леанідавіч Крупа для Бердаўскай школы – гэта Чалавек з вялікай літары. Ён поўнасцю аддаваўся рабоце, быў гатовы зрабіць усё магчымае дзеля дабрабыту вучняў і росквіту нашай установы адукацыі (Шкробат Г.)», «граматны кіраўнік, патрабавальны і справядлівы настаўнік (Патоцкая В.)», «краевугольны камень, на якім усё ў школе трымалася (Зінаватая І.)», «той таленавіты кіраўнік, які сабраў “залаты” састаў настаўнікаў і пры якім школа дасягнула максімальнага свайго росквіту (Новікава Т.)». «Анатоль Леанідавіч – гэта, на маю думку, і ёсць школа, а школа – гэта і ёсць Анатоль Леанідавіч (Руднікаў П.)», гэта яе «флагман (Барсук І.)» і «кіраўнік ад Бога (Лапата І.)» – «цэлая эпоха педагагічнага таленту, творчага мыслення… (Пальчукевіч З.)». «…Сапраўдны Настаўнік, не толькі для вучняў, але для педагогаў, бацькоў і аднавяскоўцаў. УРОК для яго быў на першым месцы. Сам рыхтаваўся да кожнага ўрока і гэтым падаваў прыклад педагогам (Сяўко М.)», «гэта настаўнік, які пры неверагоднай занятасці на пасадзе дырэктара знаходзіў час, каб дадаткова пазаймацца з тымі вучнямі, хто нешта не зразумеў на ўроку альбо недапрацаваў дома (Альшэўская Г.)».
Меў уласнае бачанне ўзаемаадносінаў дырэктара і педагога з вучнямі. «У любы час можна было зайсці да яго ў кабінет і вырашыць любую праблему. Разумеў вучняў, але не любіў тых, хто хлусіць… Быў вельмі добрым, адукаваным, мудрым, поўным творчай энергіі чалавекам… Шчыра любіў усіх дзяцей, адносіўся да іх як да роўных для таго, каб дзеці верылі яму, каб дзяліліся сваімі поспехамі, праблемамі, радасцю. Любіў сваю прафесію і дзяцей, а таксама сваім прыкладам рабіў іх лепшымі, узбагачаў ведамі, даваў пуцёўкі ў жыццё (Дзіяк В.)». «Ніколі не павышаў голасу на дзяцей. Калі хто дзе нашкоднічае – адвядзе ўбок і правядзе выхаваўчую гутарку. Запомнілася, што на кожнае “Здравствуйте!” заўсёды адказваў “Добры дзень!”, тым самым паказваючы прыклад, што трэба размаўляць на мове (Новікава Т.)».
А любоў Анатоля Леанідавіча да роднай мовы была моцнай і самаадданай. І ён сваім прыкладам вучыў любові да яе людзей, якія знаходзіліся побач. Прычым на розных узроўнях сваіх стасункаў. Гэтую асаблівасць у асобе Анатоля Леанідавіча адзначаюць многія і сёння. Аляксандр Парфенчык, дырэктар Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра, успамінае: «Ён вельмі паважна ставіўся да беларускай мовы і пры сустрэчах заўседы прасіў, каб я размаўляў менавіта толькі на ёй. І калі я на гэта забываўся, ён заўсёды пра гэта напамінаў. Казаў, што хто як не інтэлігенцыя (настаўнікі і культработнікі) павінны берагчы і шанаваць родную мову». З гутаркі з Ірынай Барсук, метадыстам Лідскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета: «Запомніўся семінар дырэктараў у Першамайскай СШ, калі ён пра складаныя рэчы гаварыў вельмі проста, да таго ж на цудоўнай літаратурнай беларускай мове».
Перыяд кіраўніцтва Анатоля Леанідавіча ў Бердаўскай СШ быў самым працяглым сярод бердаўскіх дырэктараў. Гэта дазволіла яму стварыць уласны стыль кіраўніцтва, узаемаадносінаў у калектыве і надало школе свой адметны «твар». Як адзначае Сяўко Марыя, настаўнік рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ў перыяд кіраўніцтва Крупы, «менавіта ён стварыў у калектыве атмасферу даверу, добразычлівасці, узаемаразумення. Калектыў заўсёды прымаў яго рашэнні, бо яны былі растлумачаны кожнаму педагогу. “Давайце паспрабуем, а можа, атрымаецца”, – так гаварыў Анатоль Леанідавіч, калі пачыналі новую справу. І заўсёды атрымлівалася…»
Падчас віртуальнага інтэрв’ю значная частка тых, каму было прапанавана працягнуць фразу «Анатоль Леанідавіч Крупа для Бердаўскай школы – гэта…», дапаўнялі яе словамі, сэнс якіх заключаецца ў тым, што ён – «цэлая эпоха ў выхаванні і навучанні вучняў, сябар і дарадца для настаўнікаў (Альшэўскі Э.) і «частка гісторыі Бердаўскай школы, які шмат зрабіў для школы і для таго, каб школа мела асацыяцыі: Бердаўская школа – Крупа (Чэчат А.)».
Не кожны нават самы сталы і заслужаны жыхар лідскай зямлі мае тое неафіцыйнае званне, якое літаральна з першых год жыцця ў Бердаўцы заслужыў Анатоль Крупа. Калегі па працы, аднавяскоўцы, вучні і выпускнікі школы ведалі яго як заўзятага даследчыка і краязнаўцу, апантанага аматара гісторыі беларускай зямлі. Так, успаміны пра Анатоля Леанідавіча ў Алены Ліхачовай, настаўніка беларускай мовы і літаратуры, сёння намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі №1 горада Ліды, звязаны ў першую чаргу са школьным музеем. Дзякуючы намаганням Крупы адным з першых у Лідскім раёне ва ўстанове адукацыі ў 1989 годзе быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей (з 2005 года «народны»). Яго ідэю тады падтрымаў старшыня калгаса «Бердаўка» мясцовы жыхар Аляксандр Каранюк. Перш вывучаўся вопыт знакамітых музейшчыкаў, у тым ліку і аматараў. Так Анатоль Леанідавіч завязаў цесныя сувязі са знакамітым Алесем Белакозам, стваральнікам школьнага літаратурна-краязнаўчага музея з Гудзевіч. Музейная справа звяла яго з воранаўскім педагогам, краязнаўцам і музеязнаўцам Іванам Фясенкам. Музейны «вірус» паступова перадаваўся іншым. «Дзякуючы Анатолю Леанідавічу, я (гарадская да мазгоў касці дзяўчына, ды яшчэ з этнічна рускай сям’і, ніколі дагэтуль не быўшая ў весцы) зацікавілася этнаграфіяй і краязнаўствам. Ды і дзе было не зацікавіцца! Такое багатае сабранне этнаграфічных экспанатаў, якія я да гэтай пары і ў вочы не бачыла!» – успамінае перыяд працы ў Бердаўскай школе Любоў Прадка, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства.
Адначасова з арганізатарскімі пытаннямі з ініцыятывы Анатоля Леанідавіча ў школе актывізавалася даследчая і пошукавая дзейнасць, праводзіліся краязнаўчыя пешыя і велапаходы, экскурсіі. Двойчы на базе школы з удзелам навукоўцаў Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь арганізоўваліся летнікі «Юны археолаг». З успамінаў Дзіяк Вольгі (выпуск 2009): «Ён быў кіраўніком музея, сам рыхтаваў матэрыялы для экскурсаводаў музея. Мы ўдзельнічалі ў розных конкурсах, на базе музея праводзіліся мерапрыемствы рознага маштабу. А колькі паходаў, экскурсій было праведзена за гады маёй вучобы ў школе! Ён мог сесці на веласіпед і паехаць на некалькі дзён з намі ў паход, і, седзячы вечарам ля вогнішча, мы забываліся, што ён дырэктар школы, і маглі да паўночы слухаць цікавыя расказы пра гістарычныя мясціны Гродзеншчыны».
Паступова афармляліся музейныя экспазіцыі. Юныя экскурсаводы выступалі на тэматычных конкурсах і мерапрыемствах краязнаўчага і музейнага накірунку, атрымлівалі высокую ацэнку свайго майстэрства. Неаднаразова музей станавіўся актыўным удзельнікам абласных злётаў народных музеяў устаноў адукацыі і пляцоўкай для такіх форумаў. Менавіта Крупа стаў ініцыятарам правядзення ў сваёй школе цяпер ужо традыцыйных Тыдняў краязнаўства. Больш падрабязна пра Бердаўскі гісторыка-кразнаўчы народны музей раскажа Даведнік па музеі ўстановы адукацыі «Скарбніца нашай спадчыны».
Вялікую ўвагу Крупа Анатоль Леанідавіч як кіраўнік музея надаваў асветніцкай дзейнасці. Дзякуючы яму ў Бердаўцы адбыліся мерапрыемствы да 50-, 60- і 70-годдзя школы ў Бердаўцы, юбілейныя Святы вёскі (ДАДАТАК 3). Па ініцыятыве Крупы ў 2007 на святкаванні 480-годдзя Бердаўкі была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Аляксандра Дамбавецкага, былога магілёўскага губернатара і беларускага краязнаўцы. Ён аўтар не аднаго дзясятка краязнаўчых артыкулаў. Выдаў уласную кнігу «Пакінуць след на зямлі» (2007), дзе расказаў пра шматвяковую гісторыю Бердаўкі, пра яе людзей. Некалькі год дапамагаў Аляксандру Каранюку ў рабоце над аўтабіяграфічнай кнігай «Сэнс жыцця».
Памятаючы, якая гэта складаная справа – стварыць музей, Крупа ахвотна дзяліўся ўласным вопытам. Шмат раіўся з Анатолем Леанідавічам і Аляксандр Парфенчык, ствараючы ў 2018-ым у Бердаўцы Музей сям’і.
Пра музей Крупа мог гаварыць гадзінамі. З успамінаў Віктара Ваўчка: «Упершыню з Анатолем Леанідавічам мы пазнаёміліся на Вечары сустрэчы выпускнікоў Бердаўскай сярэдняй школы ў 2008 г. …Было цікава слухаць, як ён на меладычнай чыста беларускай мове расказваў нашаму класу (выпуску 1983 г.) гісторыю стварэння музея. …Я да гэтага часу захоўваю на бачным месцы кнігу “Пакiнуць след на зямлi” з удзячным надпісам аўтара ад 02.02.2008 года…»
Каб прадставіць Анатоля Крупу як чалавека і асобу, варта зноў звярнуцца да віртуальнага інтэрв’ю з людзьмі, знаёмымі з гэтым педагогам. Найбольш часта рэспандэнты называюць яго дабрым, разумным, адказным, адукаваным і граматным, працавітым, адданым справе і людзям, інтэлігентным, уважлівым, справядлівым і творчым. «У ім спалучаліся такія, здавалася б, несумяшчальныя якасці як строгасць і душэўная дабрыня (Патоцкая В.)». Паказальным з’яўляецца і тое, што ў асобе дырэктара і настаўніка ярка бачыўся і ўзорны сем’янін – сын, муж, бацька, дзядуля. Былая выпускніца, а пазней сябар сям’і Валянціна Патоцкая ўспамінае: «…У анкалагічнай бальніцы з захапленнем расказваў пра сваіх дзяцей і ўнукаў, …гутарыў з Наталляй Фёдараўнай па відэасувязі, і я бачыла гэтае Шчасце і Любоў, якія яны пранеслі праз усё сваё жыццё».
У побыце Крупа быў самым звычайным чалавекам – аднавяскоўцам, суседам, сябрам. З успамінаў Вольгі Дзіяк: «У дзяцінстве ён быў для мяне і майго брата за няньку. …Мая мама і Наталля Фёдараўна паехалі ў Мір на экскурсію на цэлы дзень. А Анатоль Леанідавіч гатаваў нам смачныя дранікі, гуляў з намі ў шашкі…» Вельмі любіў працаваць на зямлі, займаўся агародніцтвам і садаўніцтвам і ганарыўся гэтым. Любоў Прадка успамінае: «…Памятаю хатні яблычны сок, якім частаваў нас Анатоль Леанідавіч, калі я з калегай прыехала на пашпартызацыю музея. Выціснуў сам з яблыкаў, якія сам вырасціў…»
Вось такія, на першы погляд, нязначныя выпадкі характарызуюць Крупу Анатоля Леанідавіча – Кіраўніка, Педагога і Чалавека. Менавіта так, з вялікай літары. «“Пакінуць след на зямлі”… Яскравы і непаўторны… Гэта пра Анатоля Леанідавіча Крупу (Прадка Л.)…», пра таго, хто ёсць «прыклад служэння сапраўднага беларуса сваёй справе i Бацькаўшчыне (Ёрш І.)».
Мы часта шукаем жыццёвыя ідэалы сярод людзей вядомых і публічных. Аднак людзі, прыклад якіх годны для пераймання, часта жывуць побач з намі. У Год гістарычнай памяці ў памяць пра выдатнага педагога лідскай зямлі і калегу Анатоля Леанідавіча Крупу ў Бердаўскім гісторыка-краязнаўчым народным музеі адкрыта экспазіцыя «Адданыя роднай зямлі…», якая ўжо сёння спрыяе праслаўленню і папулярызацыі педагагічнай прафесіі і выхаванню новых пакаленняў педагогаў.
Альшэўская Галіна Антонаўна,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Бердаўская базавая школа Лідскага раёна