Руководители учреждений
общего среднего образования
ХІНЕВІЧ
БАРЫС МІХАЙЛАВІЧ
Руководители учреждений
общего среднего образования
ХІНЕВІЧ
БАРЫС МІХАЙЛАВІЧ
Открытие СШ 4, 1979, Сморгонь
Открытие музея в СШ 4
Трудовая книга
Трудовая книга
Первые педагоги СШ4, 1979
Хиневич Б.М. с педагогами СШ4, Сморгонь, 1980 год
Учащиеся и педагоги.1981
Учащиеся и педагоги.1981
Залаты наказ Хіневіча Барыса Міхайлавіча
Адным з заснавальнікаў нашай гімназіі (з 1979 па 1999 гг. – сярэдняя школа № 4) з’яўляецца Хіневіч Барыс Міхайлавіч, яе першы дырэктар.
Таленавіты настаўнік гісторыі, выдатны кіраўнік, Барыс Міхайлавіч быў па-сапраўднаму закаханы ў сваю справу, і без усякіх перабольшванняў можна ствярджаць, што сваё жыццё ён прысвяціў служэнню Айчыне.
Як руплівы гаспадар, Барыс Міхайлавіч паспяваў выконваць шматлікія абавязкі, сачыў за мноствам падзей, што адбываліся штодзённа ў неспакойным будынку. Кожны куток падпадаў пад пільнае дырэктарскае назіранне, кожная справа даводзілася да канца. Здаралася, што заставаўся тут дапазна, калі што не так. Аднойчы ўвечары, ў самыя маразы, стала кацельня. Паломка была вялікая, працаўнікоў не хапала, адзіны выхад – перакрыць вентыль ды дачакацца наступнага дня, прыбудзе дапамога і адрэмантуе; але чакаць да ранку не стаў: як у холадзе займацца дзецям? Абуў гумовыя боты, закасаў вышэй рукавы і адпрацаваў “трэцюю” змену. Ні дзеці, ні бацькі, нават і настаўнікі, не ведалі, што цёплыя ўтульныя кабінеты маглі ператыварыцца ў лядоўню, каб не дырэктарскі энтузіязм. Дарэчы, урокі гісторыі ў той дзень таксама ішлі па звычайнаму раскладу.
Здавалася, не было нічога, што не ахапіла б яго пільнае гаспадарскае вока, але ён лічыў, што зрабіў недастаткова і сярод галоўных аб’ектаў увагі дырэктара школы павінен быць і …музей.
Барыс Міхайлавіч добра ведаў гісторыю Смаргоншчыны, многа зрабіў па збору і захаванню яе бясцэннага скарбу – спадчыны. “Музей – гэта крыніца духоўнасці народа, у музеі жыве сама гісторыя”, – любіў паўтараць пад час урокаў, ды і ў звычайных размовах.
Здабыткамі яго работы былі некалькі музеяў. Першапачаткова кіраваў ў Жодзішскай СШ, затым узначальваў СШ №2, пасля дырэктарстваваў у чацвертай школе, якая пазней і стала насіць статус гімназіі. У кожнай установе праводзіў вялікую краязнаўчую працу, намагаўся захаваць памяць пакаленняў праз выхаванне асобы.
Сярэднюю школу № 2 прыняў ў лютым 1973 года. Тады была пастаўлена задача арганізаваць тут школьны музей, які дапамог бы фарміраваць асобу вучня на слаўных пракладах з жыцця і дзейнасці вядомых людзей. Сабраў вялікі матэрыял па патрыятычнаму выхаванню школьнікаў. Адкрыццю музея папярэднічала вялікая праца, у першую чаргу, па збору краязнаўчага матэрыялу.
Асобна ўзрушыла у той час Хіневіча-гісторыка адна з падзей багатай гісторыі Смаргоншчыны.
13-14 ліпеня 1920 года камандзір 48-й брыгады 16-й сталовай дывізіі Ян Фабрыцыус арганізаваў прарыў Смаргонскага ўмацаванага раёна ў баі з польскімі войскамі, за што быў узнагароджаны другім (з усіх чатырох) ордэнам Чырвонага Сцяга. Вось што было сказана ў дакументах: “Па ўпаўнаважанню Усерасійскага ЦВК Рэўваенсавет рэспублікі пастанавіў камандзіра 48-й брыгады 16-й стралковай дывізіі Фабрыцыуса Яна Фрыцавіча за прарыў моцна ўмацаваных пазіцый белапалякаў пад Смаргонню 13 ліпеня 1920 года ўзнагародзіць знакам ордэна Чырвонага Сцяга (№496 ад 13 кастрычніка 1920 г., г. Масква)”.
Матэрыялы гэтай выдатна распрацаванай аперацыі пазней сталі вывучаць у ваенных акадэміях Савецкага Саюза і іншых краін.
… Пазіцыі пад Смаргонню былі ўмацаваны германскімі войскамі яшчэ ў час Першай Сусветнай вайны. Начальнік штаба брыгады Яршоў з горыччу заўважыў перад аперацыяй: “Цяжэйшая задача: у мінулую вайну каля гэтай праклятай Смаргоні палеглі ледзь не цэлыя дывізіі”. Сярод салдат бытавала нават прымаўка: “Кто под Сморгонью не бывал, тот войны не видал”. А даследчык гэтай аперацыі М.Кандрацьеў прыводзіць такое выказванне Фабрыцыуса: “Старую Смаргонь амерыканскія і французскія інжынеры перабудавалі на свой лад. Стварылі новы Вердэн (многія памятаюць “Вердэнскую мясарубку” на нямецка-французскім фронце), і усё ж мы вышыбаем паноў з жалезабетонных нораў”.
Вялікая ўвага да гэтай падзеі падштурхнула даследчыка пазнаёміцца з кнігамі аб жыцці Я.Ф.Фабрыцыуса, каб далей разам з выхаванцамі і аднадумцамі-паплечнікамі устанавіць, што імя легендарнага палкаводца прысвоена Даугаўпілскаму авіятэхнічнаму вучылішчу, вуліцам у Мінску, Віцебску, Полацку; яму пастаўлены помнік у Вентспілсе; мемарыяльнымі дошкамі ў гонар героя ўшанаваны будынкі штаба Закаўказскай ваеннай акругі, Мінскага сувораўскага вучылішча.
І паляцелі лісты ў тыя мясціны, дзе бываў і пакінуў свой след славуты палкаводзец…
У выніку вялікай працы сабраўся багаты матэрыял аб дзейнасці Яна Фабрацыуса, што дало магчымасць аформіць цэлы пакой, прысвечаны палкаводцу. Гэта быў багаты падмурак для патрыятычнага выхавання школьнікаў.
На тым справа не скончылася. Барыс Міхайлавіч падрыхтаваў у райвыканкам ліст-хадайніцтва па прысваенню школе імя героя. Праз пэўны час прыйшло рашэнне Саўміна аб прысваенні сярэдняй нколе №2 імя Яна Фабрыцыуса.
Тое, што школа ў сучаснасці носіць пачэснае імя, – цалкам заслуга яе тагачаснага кіраўніка.
Узгадваючы пройдзены прафесійны шлях, Барыс Міхайлавіч сцвярджаў: “Аб’ём работы дырэктара школы вялікі і адказны, таму трэба старацца, каб з-за тактычных крокаў не згубіць стратэгічны курс. Дырэктар у такім выпадку павінен шукаць адданых гэтай справе людзей, можна сказаць, фанатаў, і ў той жа час павінен зацікавіць іх матэрыяльна, стварыць спрыяльныя ўмовы для работы, забяспечыць моцны фінансавы тыл і публічна, каб усе чулі, сказаць “Вялікае дзякуй”.
Знаходзіць “адданых справе людзей” таксама было яго чароўным дарам. Сярод мноства іншых зорных педагогаў сапраўдным паплечнікам, ініцыятарам і памочнікам Хіневіча Барыса Міхалавіча у краязнаўчай справе стала настаўніца рускай мовы і літаратуры Муская Таісія Канстанцінаўна.
З першых дзён існавання сярэдгяй школы №4 (цяпер – гімназія) тут дзейнічаў пошукавы клуб краязнаўцаў “Нашчадкі славы бацькоў” пад яе кіраўніцтвам. Юныя следапыты збіралі матэрыялы аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на Смаргоншчыне, устанаўлівалі прозвішчы ўдзельнікаў партызанскага руху, вызваліцеляў горада Смаргоні ў ліпені 1944 года. Накоплены матэрыял першапачаткова быў размешчаны ў Пакоі баявой славы, а 8 мая 1988 года ў школе адбылося ўрачыстае адкрыццё гісторыка-краязнаўчага музея “Гісторыя. Падзеі. Людзі”.
Калі на базе сярэдняй школы №4 была заснавана гімназія, жыццё падказала адкрыць у дадатак этнаграфічны музей “Бацькоўскі кут”.
Пятнаццаць год узначальвала музей Муская Таісія Канстанцінаўна, якая таксама лічыла, што краязнаўства з’яўляецца важнейшым сродкам фарміравання нацыянальнай самасвядомасці дзяцей, абуджэння гістарычнай памяці, выхавання актыўнай грамадзянскай пазіцыі вучняў. Гэтай пазіцыі прытрымліваліся і зараз прытрымліваюцца яе паслядоўнікі.
Што бачыў Барыс Міхайлавіч у музейнай працы, дзеля чаго траціў час, укладваючы намаганні ў стварэнне музейных залаў? На пытанне адказаў наступным чынам: “Аднак стварэнне музеяў не павінна стаць самамэтай. Музей – гэта крыніца духоўнасці народа, і да яе мы павінны беражліва адносіцца, трымаць у чысціні, каб казённы чалавек, дакрануўшыся да гэтага бясцэннага скарбу мінулага і цяперашняга, сам станавіўся духоўна багатым, сапраўдным патрыётам”.
Гэтыя словы Барыса Міхайлавіча былі сказаны амаль тры дзесяцігоддзі таму. Аўтар даўно пайшоў з жыцця, пакінуўшы нашчадкам вялікі скарб. Гімназія свята беражэ традыцыі і выконвае залаты наказ…
Панфёрава Алена Аляксееўна,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія г. Смаргоні”