КАМЯК
АЛЯКСАНДР АНАТОЛЬЕВІЧ
Імя настаўніка вышэйшай катэгорыі Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Аляксандра Анатольевіча Камяка шырока вядома педагагічнай грамадскасці Гродзенскай вобласці: ён падрыхтаваў цэлую пляяду пераможцаў абласнога і рэспубліканскага этапаў алімпіяды па працоўным навучанні і чарчэнні, ужо многа гадоў з’яўляецца членам журы абласнога туру алімпіяды і адным з кіраўнікоў збораў па падрыхтоўцы да заключнага этапу, шматразова дзяліўся з калегамі вопытам работы на абласных і рэспубліканскіх семінарах, на курсах павышэння кваліфікацыі пры Гродзенскім інстытуце развіцця адукацыі.
Нарадзіўся Аляксандр Анатольевіч 12 снежня 197о года ў Гродна ў сумленнай працавітай сям’і. Аднак гарадскога хлапчука больш вабілі бязмежныя прасторы Белавежскай пушчы і свіслацкіх балот: кожнае лета ён праводзіў канікулы ў бабулі і дзеда ў Свіслацкім раёне. Там былі засвоены ўрокі народнай мудрасці, душа ўражлівага хлапчука прагна ўбірала ў сябе драбніцы нацыянальнай культуры, цікавасць выклікалі асаблівасці вясковага побыту. Ах, якімі смачнымі былі тады няхітрыя беларускія стравы, згатаваныя бабуляй у печы! Хлопчыка настолькі прыцягвала вясковае жыццё, што напачатку ён хацеў звязаць далейшае жыццё з сельскай гаспадаркай – марыў стаць аграномам. Аднак пасля заканчэння няпоўнай сярэдняй школы, даверыўшыся матулінай інтуіцыі, абраў для далейшай адукацыі Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча.
Гады вучобы ў Ваўкавыску пашырылі эрудыцыю цікаўнага юнака, развілі яго шматлікія здольнасці: з дзяцінства спрытны да маляванння і прагны да новых ведаў хлапчына тут удзельнічаў у канцэртах, тэатральных пастаноўках, навучыўся іграць на гітары.Усё гэта садзейнічала выхаванню мастацкага густу і пашырэнню кругагляду, тут былі закладзены асновы педагагічнага майстэрства і знойдзена прызванне. Тут сустрэліся яму выкладчыкі, якія сталі пуцяводнымі зоркамі на шляху юнака, акрэслілі траекторыю далейшага шматбаковага развіцця багата адоранай, неардынарнай асобы будучага педагога. Аляксандр Анатольевіч на ўсё жыццё застаўся ўдзячны сваім педагогам. З куратарам групы Галінай Станіславаўнай Курыловіч і цяпер падтрымлівае сувязь: звоніць, віншуе са святамі, ездзіць на сустрэчы выпускнікоў. Яшчэ з часоў свайго студэнцтва Аляксандр Анатольевіч вынес непарушнае перакананне ў тым, што непахісны давер настаўніку з’яўляецца важнейшым складнікам прадметнай, а потым прафесійнай ды і жыццёвай паспяховасці вучня.
Пасля заканчэння педвучылішча ў 1990-м годе юнак накіраваны на работу ў сярэднюю школу № 18 г. Гродна ў якасці настаўніка пачатковых класаў. У тым жа годзе малады настаўнік паступае на завочнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне”.Аднак шырокай натуры Аляксандра Анатольевіча цесна было ў горадзе. Ён па-ранейшаму марыў пра вёску, таму пасля 2 гадоў работы ў Гродна папрасіўся перавесці ў Абухаўскую сярэднюю школу, дзе працягваў працаваць настаўнікам пачатковых класаў. Поспех не прымусіў сябе чакаць. Пра маладога настаўніка пайшла добрая слава. Бацькі займалі чаргу, каб іх дзеці трапілі ў клас да Аляксандра Анатольевіча: малады настаўнік змог пракласці сцежку да сэрцаў другакласнікаў тонкім разуменнем дзіцячай душы, някплівым жартам, дабрынёй, спевамі, гітарай, паходамі з палаткамі…Тры гады жыцця падарыў Аляксандр Анатольевіч абухаўскім школьнікам, яркай асобай і любімым настаўнікам увайшоўшы ў іх лёс. Так і застаўся б там, калі б не яго вялікасць выпадак.
Надарылася аднойчы заехаць з сябрам у прыдарожныя Алекшыцы, дзе ўжо чакала наканаванае яму нябёсамі вялікае каханне – сарамлівая яснавокая Лена, Алена Георгіеўна. Так у Алекшыцах у 1994 г. была створана яшчэ адна маладая сям’я. Пасля вяселля Аляксандр Анатольевіч некаторы час працягваў працаваць у Абухава, пакуль маладым не прапанавалі кватэру ў Алекшыцах, а тут у Алекшыцкай школе і месца настаўніка працоўнага навучання вызвалілася.
З таго часу ўжо 28 гадоў Камяк Аляксандр Анатольевіч выкладае ў Алекшыцкай сярэдняй школе тэхнічную працу, мастацтва і чарчэнне. У сям’і нарадзіліся дзве дачушкі-прыгажуні – радасць і гонар бацькоў: абедзве спявачкі, разумніцы, выдатніцы, залатыя медалісткі, абедзве атрымалі вышэйшую адукацыю па прэстыжных і запатрабаваных спецыяльнасцях і цяпер працуюць у Мінску. Алена Георгіеўна, надзейны памочнік і тыл Аляксандра Анатольевіча, і сёння працуе побач. Міла назіраць за гэтай прыгожай і дружнайпарай. Бывае, жартам паскардзіцца настаўнік: “Унукаў ужо хочацца!”
Спецыфіка працоўнага навучання як прадмета не палохала Аляксандра Анатольевіча, і перакваліфікацыя для яго не склала асаблівых цяжкасцей: з дзяцінства многаму навучыўся ў дзедавай майстэрні, яшчэ ў школьным гуртку пазнаёміўся з асновамі работы на такарным станку, выпісваў і з затоеным нецярпеннем чакаў часопісы “Юны тэхнік” і “Мадэліст-канструктар”, дзе чэрпаў і натхненне, і свежыя ідэі.
Цяпер на ўроках працы, на занятках па інтарэсах Камяк Аляксандр Анатольевіч навучае алекшыцкіх хлопчыкаў асновам дрэва- і металаапрацоўкі, прывівае навыкі рамонтна-бытавых і сантэхнічных работ. “Што ўмееш, тое за плячыма не насіць,” – помніць настаўнік дзедаву мудрасць, рыхтуючы сваіх выхаванцаў да самастойнага жыцця. А колькі потым былых вучняў, сутыкнуўшыся зжыццёвымі рэаліямі, удзячны яму за навуку! Аказваецца, навыкі тэхнічнай працы і чарчэння ў сучасным свеце надзвычай запатрабаваны.
Заняткі па інтарэсах у школьнай майстэрні праходзяць у суботу. Яшчэ ва ўсіх школьных вокнах цёмна, а ў школьнай майстэрні гарыць святло. Бывае, заспіць якое хлапчаня, дык ляціць потым, забыўшы пра шкарпэткі і кашулю, каб хаця не спазніцца да любімага настаўніка. Зойдзеш – работа кіпіць: хлапчукі з засяроджанымі ўспацелымі тварамі вымяраюць, піляць, стругаюць, шліфуюць, падганяюць. Аляксандр Анатольевіч збоку дае каштоўныя заўвагі і парады, строгія толькі на першы погляд.
Настаўнік жыць не можа без жартаў і смеху, ён лічыць неабходным і ў вучняў развіваць пачуццё гумару як найважнейшую адзнаку інтэлекту. Вось дзе суперніцтва ў красамоўстве і дасціпнасці – зайдзіце ў Алекшыцкую школьную майстэрню! А нядаўна захапіўся педагог запісваннем дзіцячых “перлаў”. І запісы гэтыя ўжо хутка складуць як не кнігу, то новую рубрыку ў “Настаўніцкай газеце”, матэрыялы якой сталі ў апошнія гады занадта ж сур’ёзнымі. Зачытвае, бывае, выкладчык свежыя запісы, сам смяецца, а аўтар выказвання і рады: гэта ж трэба – так удала сказануў, аж сам ад сябе не чакаў! Слухаеш, здзіўляешся, захапляешся, а вочы самі ўжо па сценах разбягаюцца. Чаго тут толькі няма: выкананыя ў розных тэхніках пано-трыпціх, шахматы, шпакоўня-лесавік (разьба па дрэве), шыкоўны нацюрморт (алей), мадэлі самалётаў, машын, караблёў, ваеннай тэхнікі, шахматы насценныя (разьба па пластыку)… Гэта работы, выкананыя майстрам ці пад яго кіраўніцтвам, а ў другой палове майстэрні – работы вучняў, у кутку шафа, усе паліцы якой шчыльна застаўлены кнігамі і зусім не таннымі альбомамі па сусветным і айчынным мастацтве. А колькі багацця схавана ў зачыненых шафах!
Ёсць там і адна патайная паліца, на якой стаіць 28 школьных дзённікаў. Не, гэта не дзённікі вучняў – гэта дзённікі НАСТАЎНІКА. Аляксандр Анатольевіч, акрамя неабходнай настаўніцкай дакументацыі, па вучнёўскай завядзёнцы працягвае весці звычайны школьны дзённік, дзе запісвае тэмы ўрокаў і свае заўвагі. І так з дня ў дзень, з году ў год, пачынаючы з першага свайго самастойнага ўрока.
Аляксандр Анатольевіч кіраўніцтвам да дзеяння выбраў словы В.А.Сухамлінскага: “Вытокі творчых здольнасцей і талентаў дзяцей на кончыках іх пальцаў. Ад пальцаў… іду ць найтанчэйшыя ручайкі, якія жывяць крыніцу творчай думкі… Чым больш майстэрства ў дзіцячай руцэ, тым разумнейшае дзіця”. Зыходзячы з гэтага, педагог імкнецца развіваць творчы патэнцыял школьнікаў сродкамі заняткаў геаметрычнай разьбой.
Графічная падрыхтоўка пачынаецца на ўроках выяўленчага мастацтва, у пачатковых класах, калі дзеці выконваюць малюнак простай “зорачкі”. У старэйшыхкласах работа ўскладняеццавыкананнемневялікіхкампазіцый з геаметрычныхфігур, потымвучнямпрапануеццазмяніцьэскіз арнамента на свой. Так школьнікі знаёмяцца з відаміарнамента, сэнсавым значэннем асобна ўзятых элементаў, вучаццастылізавацьпэўныявобразы для геаметрычнай разьбы, пазней самастойна запаўняюць форму малюнка геаметрычнымі элементамі. Адначасова засвойваюць паняцце пра віды разьбы, прыёмы работы з інструментамі, выконваюць арнаменты з элементамі геаметрычнай разьбы. Разам з тым фарміруецца мастацка-вобразнае мысленне, засвойваюцца практычныя навыкі работы ў розных відах мастацкай дзейнасці, развіваецца зрокавае ўспрыманне, кампазіцыйная культура, прасторавае мысленне, выхоўваюцца актыўныя эстэтычныя адносіны да рэчаіснасці, да народных мастацкіх традыцый.
Пільнае вока вопытнага педагога ўмее вызначыць вучняў з творчымі здольнасцямі. Найчасцей гэта тыя, хто паспяхова засвойвае праграмны матэрыял па матэматыцы, фізіцы, хіміі, чарчэнні – адным словам, паспяховы ўдзельнік алімпіяд па працоўным навучанні, гэта вучань “па 5 прадметах у 1”. Самымі яркімі зорачкамі сярод сваіх вучняў Аляксандр Анатольевіч лічыць братоў Дзяніса і Рамана Фартэль, Марата Мелікава, Серафіма Гміра, Андрэя Баха, Рамана Пыжыва. Яны неаднаразова станавіліся прызёрамі абласных і рэспубліканскіх тураў алімпіяды, і дзякуючы гэтым поспехам у школьнай майстэрні ёсць усё неабходнае для працы і творчасці. На атрыманую ад аддзела адукацыі прэмію быў закуплены патрэбны станок і іншы тэхнічны інструмент, што стала добрым дадаткам да беражліва захаваных станкоў 1957 – 1971 гг.
Былыя вучні трымаюць цесную сувязь са сваім настаўнікам, становяцца вернымі сябрамі па жыцці, дзеляцца сваім поспехамі і планамі. Аляксандр Анатольевіч ганарыцца імі. Наогул, адносіны да вучняў у яго асаблівыя. Часам самы нягеглы на выгляд дзіцячы выраб будзе ацэнены найвышэшай адзнакай – ацэнена будзе мера стараннасці і настойлівасці. А то зламаў неяк нагу Рома Ф. і надоўга завіс у пакутлівай позе на выцяжцы ў бальніцы. Спагадлівае сэрца настаўніка падказала купіць для хлопца набор для вышывання, каб заняць нечым рукі і галаву і каб скаратаць доўгія бальнічныя дні і ночы. Так хлопчык навучыўся вышываць. Напаткала хвароба-бяда другога вучня – перажывае Аляксандр Анатольевіч і шукае шляхі перадаць падарунак дзіцяці ў абласную бальніцу.
Часам здаецца, што Аляксандр Анатольевіч з’яўляецца ўвасабленнем лепшых рысаў беларусаў: шчырасці ў працы, спагадлівасці і дабрыні, таленавітасці і дасціпнасці. Іменна такога педагога можна назваць Настаўнікам з вялікай літары: ён, як геніяльны скульптар, лепіць з зыходнага матэрыялу будучых грамадзян краіны, хаця і ўпэўнены ў тым, што без разумення і дапамогі бацькоў настаўнік нічога зрабіць не зможа.
Неабходна сказаць, што амаль ўсе стэнды ў школьных кабінетах і калідорах аформлены настаўнікам працы. З-пад яго таленавітых рук выходзяць шматлікія стэнды, выставачныя і перасоўныя інсталяцыі для мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства РСУП “Алекшыцы”. Адрознівае Аляксандра Анатольевіча неабыякасць, грамадзянская ініцыятыўнасць. Ён з ахвотай дапамагае ў афармленні музейных экспазіцый, беражліва адносіцца да роднай гісторыі і традыцый. Сабраныя ім старадаўнія працоўныя інструменты і прыстасаванні марыць змясціць у музейны куток працы, зрабіць які пакуль не дазваляе абмежаваная плошча школьных памяшканняў. Яго рукам падуладна ўсё: сабраныя трактары і машыны, з густам выкананая драўляная мэбля, альтанка, лодка…
Няма межаў фантазіі, выдумцы, працавітасці майстра, яго адданасці сваёй справе. Апошнім яго захапленнем стала поўная рэканструкцыя школьных такарна-вінтарэзнага (1971 і 1974 г.), фрэзернага (1965 г.), свідравальнага (1958 г.) станкоў. Калі не я, то хто – вырашыў педагог, а ў Аляксандра Анатольевіча так: задумана – зроблена. Станкі былі разабраны да гаечкі і вінціка, усе дэталі агледжаны, правераны, патрэбнае заменена, зачышчана, пафарбавана, адпаліравана на прафесійным узроўні. Пад станкі былі зроблены з нуля новыя драўляны тумбачкі, а банцікам на новенькіх зіхатлівых станках сталі заказаныя настаўнікам у Мінску копіі аўтэнтычных заводскіх таблічак да іх. Вось так! За свае грошы, калі нельга чакаць міласцей ад прыроды. У планах Аляксандра Анатольевіча аднаўленне апошнягасвярлільна-такарнагастанка ТСД – 120 1974 г. выпуску і выраб да яго новай зручнай падстаўкі. Ужо ўсё вымерана, спланавана, прадумана. План рэканструкцыі вісіць на сцяне насупраць станка. Не сумнявайцеся – справа толькі ў магчымасцях часу.
Аляксандр Анатольевіч увесь час у руху, яго немагчыма застаць без справы, але бывае адзін дзень у тыдні, калі настаўнік спакойна і цярпліва стаіць у калідоры школы: у гэты дзень ён дзяжурны па школе. Аднак Аляксандр Анатольевіч адзін ніколі стаяць не будзе, ён увесь “аблеплены” вучнямі розных узростаў: старэйшыя дамаўляюцца аб пераздачы чарцяжа, пачаткоўцы туляцца да любімага настаўніка, частуюць яго ласункамі з дзіцячай кішэні. Эх, не працавалі яны яшчэ ў майстэрні! Усе гурткоўцы ведаюць, што Аляксандр Анатольевіч любіць не цукеркі, а таматны сок, запасы якога своечасова папаўняюцца ў майстэрні для сябе і тых, хто шчыруе разам з ім дацямна. Гэты напітак вельмі дарэчы тады, калі закіпае ў галаве ад рашэння чарговай мастацка-тэхнічнай галаваломкі ці гараць рукі ад напружанай фізічнай працы над чарговым шэдэўрам.
Самаадданая праца педагога адзначана шматлікімі ўзнагародамі раённага і абласнога ўзроўняў, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.
Румак Галіна Уладзіміраўна,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
ДУА "АЛЕКШЫЦКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА"