Іван Шамякін

"Творы Шамякіна - гэта сур'ёзныя творы, якія з'явіліся ў выніку грунтоўнага вывучэння жыцця, яго глыбінных працэсаў, іменна тых, глыбокіх плыняў, тых кіпучых і светлых крыніц, у якіх пульсуе, фарміруецца, выкрышталізоўваецца наша сучаснасць". (В. Каваленка)


"Шамякін, шырока карыстаючыся фактамі ўласнай біяграфіі, абапіраючыся на ўбачанае і перажытае ім самім, яго роднымі і блізкімі, стварыў праўдзівы мастацкі партрэт свайго гераічнага пакалення, якое мужнела і гінула ў баях". (В. Каваленка)


"Кожны раман ці аповесць Івана Шамякіна - гэта новае, свежае слова аб нашай рэчаіснасці, аб нашых праблемах, аб нашых людзях, гэта раскрыццё маральных глыбінь чалавечых душ, гэта і яго споведзь аб сваіх ідэалах, сваіх надзеях, сваіх радасцях і сваіх болях". (А. Макаёнак)


"Сучаснасць у разуменні І. Шамякіна - з'ява жывая, рухомая, зменлівая, плынная. Абавязкова звязаная з гісторыяй, жывыя ўрокі якой выкладзены на многіх старонках шматлікіх кніг пісьменніка". (У. Гніламёдаў)


"Проза Івана Шамякіна - своеасаблівы літаратурны барометр. Яна служыць дакладным паказчыкам усіх змен і новых веянняў, якія адбываюцца вакол нас; па ёй можна меркаваць аб ступені важнасці ці злабадзённасці пытанняў, якімі ў гэты момант жывуць сучаснікі пісьменніка і якія ім закранаюцца. Хто яшчэ з нашых празаікаў мог бы сёння прэтэндаваць у гэтых адносінах на ролю суперніка Шамякіна? Бадай, ніхто". (Ф. Куляшоў)


"Папулярнасць пісьменніцкага імя Івана Шамякіна звязана з тым, што ён умее апавядаць пра сённяшні дзень чалавека, яго турботы, пачуцці і думкі, пра яго маральны і псіхалагічны стан так, каб захапіць чытача глыбокім сэнсам убачанага, адкрыць яму заканамернасць руху грамадства і гэтым самым дапамагчы заняць правільную пазіцыю ў жыцці, знайсці хутчэйшую дарогу да ўласнага ўнутранага і грамадзянскага самавызначэння". (В. Каваленка)


"Іван Шамякін арганічна звязаны з жыццём народа, яго інтарэсамі і запатрабаваннямі" (Міхась - Лынькоў).


Сёння табе гонар і пашана,

Прывітанне ад братоў, зарніц...

Напісаў нямала ты раманаў,

Хто ж не піў з тваіх жывых «Крыніц»?

Верна служыш дарагой Айчыне,

Радасны, бадзёры, малады,

Шырыню тваёй «Глыбокай плыні»

Вымяраем доўгія гады. (Паўлюк Прануза)


Памяці Івана Пятровіча Шамякіна

Не, класікі не паміраюць -

Такі іх бессмяротны род.

Што напісаць

Не паспяваюць,

За іх дапісвае народ.

Бо, знітаваныя з народам,

Яны прайшлі сваё жыццё,

Адправіўшы усе нягоды

У дальні кут у небыццё.

Каб не было ні ў чым падману,

Каб дух бунтарскі не згасаў,

Старонкі полымных раманаў

Сам Бог на вуха дыктаваў.

Яны пакутвалі начамі,

Каб менш пакут было зямлі,

Яны нястомна і адчайна

Да вечнай ісціны ішлі,

Каб тую ісціну адкрыта

Сваім нашчадкам перадаць.

3 нябесным злучаны блакітам

Над вечнаю зямлёй крыляць! (В. Лукша)


У тваёй Церусе

У зялёнай тваёй Церусе

Дужа стромкія, стромкія сосны.

У неба к сонейку цягнуцца ўсе,

Як ракеты хвастатыя ў космас.

А пад соснамі ў шчырым бары

Верас дзятлікаў, чэрвеня скрыпень,

I ля сцежак каровіных чабары,

I ля тракту — пад воблакі ліпы.

А далей, у разліве лугоў,

3 чым зраўняцца й паводка не можа,

Траў пярэстасць, залітых смугой,

I былінная велічнасць Сожа.

Праз лугі ад пагоркаў крутых,

Скарб сцюдзёны забраўшы, крыніцы

Бацьку Сожу нясуць, назаўжды

Прагнуць з плынню яго пасястрыцца.

Можа з гэткіх чысцюткіх крыніц,

Верасоў, траў духмяных і соснаў

Ты па кропельцы ўзяў, каб з драбніц

Скласці гмах сваіх думак дзівосных.

Мо ў цішы баравін залатых

Браў спакой іх і мудрую строгасць,

I таму да людзей дабраты

У душы тваёй многа-замнога.

Я не быў бы шчаслівым, каб сам

Не адчуў яе блізка.

За гэта

Мой паклон табе, долам, лясам

I тваёй Церусе запаветнай. (М. Калачынскі)


Балада Івана Шамякіна

(30.01.1921-14.10.2004)

Жыццё пражыта, нібы зжата жыта,

Дзе жніўнае святло, нібы сляза,

І поўня ў небе, як свінцовы злітак…

Жыццё пражыта, ды яшчэ сказаць

Хапае што і ёсць каму паслухаць,

І гэта ноч, як вечная рака,

Якую п’еш, а ў роце суха-суха,

І, як крыло зламанае, рука

Не можа адагнаць туман, што блізка

Плыве з тых дзён, якія адыйшлі,

Дзе мама маладая над калыскай,

Дзе ў небе, як анёлы, жураўлі,

Што клічуць за сабой і горка плачуць,

Бо ведаюць-пражыта ўжо жыццё

І хто ты ёсць яны з нябёсаў бачуць,

І падае, нібы агонь, лісцё

Пад ногі нам, бо мы яшчэ жывыя,

Бо верылі і верым, што сляза

Душу, што ў Шлях сабралася, абмые,

А на Шляху даўно стаіць Марыя,

Празрыстая, як на крыжы раса…

Жыццё пражыта, бы пасеіў жыта

Азімае, дзе хутка ляжа снег,

Як россып белых-белых маргарытак,

І выйдзем мы, самотныя, з-пад стрэх

У новы дзень, дзе сонца маладое

Асвеціць нам дарогу да вясны… (В. Шніп)