Кузьма Чорны

"Творы Кузьмы Чорнага з'яўляюцца адным з прыкладаў прозы строгай апавядальнасці". ("Гісторыя беларускай літаратуры")


"Як празаік Кузьма Чорны вялікі, вялікі ва ўсім". (Б. Сачанка)


"Залішняе капанне ў псіхалогіі чалавека характарызуе і раннія апавяданні К. Чорнага". (А. Адамовіч)


"Чорны – раманіст-эпік, мастак-мысліцель, мастак-інтэлектуаліст. Для яго адным з важнейшых прынцыпаў быў прынцып гістарызму". (П. Дзюбайла)


"Лiтаратурная крытыка 20-х гадоў, калi Кузьма Чорны толькi-толькi ўваходзiў у свет прыгожага пiсьменства, прадказвала яму будучыню "беларускага Дастаеўскага". (М. Тычына)


"Кожны сапраўдны пiсьменнiк марыць пра сваю Галоўную Кнiгу, у якой змог бы выказацца напоўнiцу. Кузьма Чорны знаходзiўся на падыходзе да гэтай кнiгi. Бо што такое для празаiка, тым больш эпiчнага таленту, 44 пражытых гады жыцця? Мiж тым менавiта ў гэтым узросце Леў Талстой завяршыў эпапею "Вайна i мiр", а Джэймс Джойс апублiкаваў раман "Улiс". Рукапiсы апошнiх гадоў жыцця Чорнага выразна сведчаць, больш таго, крыкам крычаць пра тое, што празаiк стаяў на парозе самых вялiкiх сваiх мастацкiх i фiласофскiх адкрыццяў". (М. Тычына)


Балада Кузьмы Чорнага

(24.06.1900–22.11.1944)

Зноў турэмная камера сніцца,

Як труна, у якой ты жывы.

А на вуліцы не навальніца,

А вайна каля самай Масквы.

І не можаш ніяк ты прачнуцца,

Каб, як кокан матыль пакідае,

Так пакінуць турму і вярнуцца

У дзяцінства, дзе мрой залатая

Павуціна плыве над табою

І, знікаючы ў мінскай турме,

Рассыпаецца чорнай журбою

Па Айчыне, нібы па зіме,

У якой ты не можаш ні ўспомніць

Непрыгожыя кветкі крыві

І штыкоў зледзяенелыя промні

За вакном, дзе шчэ шэпча: “Жыві…”

Адзінокая шэрая ліпа.

І жывеш ты і знаеш– не сніш

Гэты лёс, што табе, як снег, выпаў,

Дзе ў табе твой хрыбет, нібы крыж… (В. Шніп)