Ніна Мацяш

Балада Ніны Мацяш

(20.09.1943-19.12.2008)

Хавацца ад людзей – не для паэта,

Якому родны край – зусім не рай,

Якога і не будзе – знаеш гэта,

Бо гэта наш, як перад прорвай, край,

Якому ты сваё люблю сказала

У кожным вершы, што ў душы кіпеў

І слова кожнае кроў апякала,

Як сонца, у якім любоў і гнеў

Жывуць і жыць даюць, калі жадаеш

Ты ў свеце жыць, дзе ўсім нялёгка жыць,

Дзе Млечны Шлях – не рэчка залатая,

А – у хрыстовае крыві глыжы.

І ты жыла, нібы малітва ў сэрцы

Манашкі, для якой яе жыццё,

Як матылёк, які аб неба б’ецца,

Самотнае, дзе зоркі, як лісцё

На шкле, па-за якім дажджы і восень,

І дзень, дзе ты з’явілася для нас,

Каб слова беларускае вялося

І нас вяло праз ветравейны час,

Дзе ты сваё люблю жыццю сказала

У кожным вершы, што ў душы кіпеў

І слова кожнае кроў апякала,

Як сонца, у якім любоў і гнеў… (В. Шніп)