Максім Багдановіч

"І яшчэ таму Багдановіч бачыў далей, што ён ніколі не страчваў веры ў неадольнасць чалавечага руху наперад". (У. Караткевіч)


"Гэта невялікая, сціпла выдадзеная ў друкарні Марціна Кухты кніжка стала легендай, сапраўдным вянком на высокім чале беларускай паэзіі". (Т. Чабан)


Так зайздрасна: насіць вянок паэты

І мець імя задумнае Максім,

Кахаць зямлю з яе жыццём глухім

І песняй перавіць юнацтва леты;

Ад хараства не ведаць іншай мэты

І адшукаць, што горда поўны ім,

І родны люд у руху маладым,

І зачарованых палеткаў кветы. (У. Жылка)


Нізка голаў схіляю, юнача,

Перад вечным глаголам тваім. (У. Караткевіч)


Чаму здараецца

Ў жыцці у нашым часта,

Што лепшыя сыходзяць

У нябыт, у цемру першымі?..

Бывае, толькі-толькі пачынае

Дарунак Божы -

Талент - расцвітаць,

Як раптам... смерць

Й сцюдзёны жвір магільны...

Што застаецца? -

Творы, кнігі, словы... (Ю. Півуноў)


Калі паміраюць паэты,

Што ні перад кім не гнуцца, —

У чалавецтва прасветы

На ўсе вякі застаюцца. (А. Грачанікаў)


Ён навучыў, здаецца, гаварыць

Па-беларуску нават кіпарысы,

Барвінак на магільніку гарыстым

Ён навучыў, здаецца, гаварыць. (Я. Сіапкоў)


"Ён не толькі наш настаўнік, але і нібыта святло сэрца нашага, улюбёны сын, з нараджэннем якога мы пачалі новае жыццё, які зрабіў нас мудрэйшымі і дабрэйшымі, адкрыў нам вочы на нас саміх, прымусіў па заслугах ганарыцца сабой." (У. Караткевіч)


Даруй, Паэт!

Прабач, шаноўны,

што у вірлівай мітусні

ірвалі з жарам бессаромным

сваёй Айчыны карані.

Такіх Сыноў не лішне мела

многапакутная зямля —

то зарастала, то мялела

табой ўзараная ралля. (М. Кавалеўскі)


...Вінаграду сонечная гронка

Падваконнік зманліва кране...

А яму ўсё родная старонка

Мроіцца ў расчыненым акне.

А над бухтай, сіняй і санлівай,

Над адвечнай бездарожжу хваль

Лебядзінай песняю шчымлівай

Поўніцца асмужаная даль. (М. Скобла)


Як жа многа мясцоў для магіл,

Толькі месца няма для Максіма. (А. Барскі)


Смерці Паэта няма —

Ёсць Нараджэнне!

Песняй абвостраны слых,

Чуеш, Максім? — не ўмірае!

Гэта з табой. І для ўсіх

Зорка Венера світае. (Я. Янішчыц)


"Вянок" М. Багдановіча ў спалучэнні з некаторымі вершамі, напісанымі ім прыкладна ў той жа час, — гэта, несумненна, прадмет гордасці кожнага адукаванага беларуса, усіх славян, а гэта значыць — здабытак і сусветнай культуры". (А. Лойка)


Хто нашу зямельку адновіць,

Верне яе блакіту бязмеры?

Глядзіць у вочы Максім Багдановіч

Вачыма зоркі Венеры. (Д. Бічэль)


Паклон табе, горды Сакольнік

Беларускага крэўнага слова,

Беларускага вечнага слова,

Што ты заручыў яго з небам.

Дзякуй, Максім Багдановіч! (Р. Барадулін)


Багдановіч, вартуй,

Кожны крок наш і і рух недарэчны…

Хай загадка твая

Застаецца загадкаю вечнай. (Л. Дранько-Майсюк)


"М. Багдановіч заўсёды быў блізкі да музыкі. І гэта адчуваецца не толькі ў незвычайнай музыкальнасці яго вершаў, але і ў многіх крытычных артыкулах пра музыку, творчасць асобных кампазітараў. Думаецца, што музыка, песня адыгралі галоўную ролю ў станаўленні яго паэтычнага таленту, шчырага, непаўторнага па цеплыні пачуццяў. Уся паэзія класіка беларускай літаратуры напоўнена музыкай, што праяўляецца і ў схільнасці да пэўнай тэматыкі, і ў трактоўцы з'яў рэчаіснасці. і ў стварэнні мастацкіх вобразаў, і ў асаблівых адносінах да рытмікі і строфікі верша, у вытанчаным валоданні фанетычнай палітрай". (І. Паступальскі)


"Максім Багдановіч быў перакананым і палымяным інтэрнацыяналістам. Сведчанне таму — не толькі яго дасканалыя майстэрскія пераклады паэзіі з розных моў свету (а перакладаў ён з арыгінала), але і яго выдатныя артыкулы аб паэтах іншых народаў, прасякнутыя шчырай братэрскай любоўю і павагай. Разам з Купалам, Коласам і Цёткай ён стаў заснавальнікам адной з самых выдатных традыцый беларускай літаратуры — традыцыі інтэрнацыяналізму, братэрскай дружбы, узаемапавагі — традыцыі, якой неабходна асабліва да- ражыць і якую няспынна трэба развіваць". (М. Чырскі)


"Вянок" М. Багдановіча можна назваць сэрцам яго паэзіі, узорам самараскрыцця ў ім чалавека — шукальніка сацыяльнага разняволення, палітычнай свабоды, гармоніі прыгожага і добрага — чалавека, якім быў сам М. Багдановіч. ("Настаўніцкая газета")


"Багдановіч паэтызаваў перш за ўсё драмы і трагедыі сваёй сучаснасці: убачанае ім у вёсцы і горадзе, звязанае з яго роздумам над эпохай увогуле”. (А. Лойка)


"Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню”. (С. Майхровіч)


"Тое, што мы завём подзігам, – для яго натуральная манера мысліць і жыць”. (М. Стральцоў)


"Аб чым бы ні пісаў М. Багдановіч, да якога б жанру літаратуры ён ні звяртаўся, яго пяром вадзіла шчырае жаданне ўзняць родную літаратуру на новую вышыню”. (Р. Шкраба)


"Без пары адцвілі, адзвінелі гады, і цябе падкасіла нядоля”. (М. Васілёк)


Багдановічу

Сцюжны час, бязмежна-суровы.

Спіць народ, нібы зерне ў раллі.

Ты прыйшоў

I гарачым словам

Рунь узняў на роднай зямлі.

Ты сказаў нам:

"Унукі Скарыны,

Дзе ваш гонар, моц і краса?

Ёсць і ў вас, як у іншых, святыня.

Не давайце святыні псам!

Не давайце з яе глуміцца,

Бо праспіць яна ясну зару,

Бо святы ізумруд заімгліцца

У пярсцёнку тваім, Беларусь".

Ты устаў на лютую сечу,

Бітву вечную сонца і хмар,

Узваліўшы на юныя плечы

Святагораў народны цяжар.

I не вынеслі жылы напругі:

Знік ты, лебедзь, у хвалях сівых,

Сплыў крывёю, загінуў "за другі",

За мяне, за вас і за ўсіх.

I застаўся ты ў нашых душах,

Хоць навекі знік у палях,

Вечна светлы і вечна дужы,

Вечна юны, як наша зямля.

Мы табой ганарымся — і плачам.

Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.

Нізка голаў схіляю, юнача,

Перад вечным глаголам тваім.

Смела крочу цяпер у пяскі я

Перад светлай заветнай гарой,

Бо як ёсць у народа такія—

Не загіне давеку народ. (У. Караткевіч)


Балада вяртання Багдановіча

(9.12.1891-25.05.1917)

1.

Далёка-далёка ля сіняга мора

Душа не знаходзіць спакою зямнога.

І чайкай лятае над сумным прасторам,

І просіць спагады– не вечнасці– ў Бога.

Душа на радзіму даўно б паляцела,

Ды кінуць не можа паэтава цела,

Якое зямлёю ўжо стала сырою,

Даўно адшумеўшы самотнай травою.

Нялёгка знайсці да магілы сцяжыну–

Далёка-далёка, як сонца, Айчына,

Дзе разам змяшалася шчасце і гора

І воран крыляе над пыльным прасторам,

А ў пыле смяротная дрэмле атрута.

У Храмы заходзіць сучасны Іуда

І моліцца Богу, не любячы Бога,

І ведаць не хоча нікога, нікога,

Тым болей паэта, які на чужыне

Быў верным гаротнай, нявольнай Айчыне.

Ды ёсць яшчэ людзі, што мараць пра волю

І помняць паэта, ягоную долю,

І хочуць вярнуць на радзіму Максіма

З чужога, далёкага, тлумнага Крыма…

…Душа на радзіму даўно б паляцела,

Ды кінуць не можа паэтава цела,

Што стала зямлёю

Чужой і маёю…

2.

Максім Багдановіч… Максім,

Самотны, нібы пілігрым,

Які хоць вярнуўся дамоў,

Ды толькі свой дом не знайшоў,

Як нельга магіл адшукаць,

Дзе рыцары нашы ляжаць…

Максім Багдановіч… Максім,

Мы разам з табою ляцім

Да зорак, што светла гараць

У небе, куды не глядзяць

Самотныя людзі з вакон,

Счарнелых, нібыта ікон…

Максім Багдановіч… Максім,

Жыццё сёння наша, як дым,

З якога не бачна жыцця,

Нібыта не бачна лісця

На дрэвах, што ссохлі вясной,

Калі развітацца з табой

Нам дадзена лёсам было…

Але не прапала святло,

Якое ты нам запаліў

На гэтай прыгожай зямлі,

Дзе мы тут спрадвеку былі

І будзем, як гэты прастор,

Як гэта імкненне да зор…

Максім Багдановіч… Максім… (В. Шніп)