Цішка Гартны

Балада Цішкі Гартнага

(23.10.1887–11.04.1937)

Усё ў былым– і слава, і пашана

І ўжо дарогі больш няма назад.

Ды выбар ёсць яшчэ– быць расстраляным

Ці раптам звар’яцець… І ты– вар’ят,

Але і ў гэтым доме ў вокнах краты,

Як павукі, што ткуць самоту й смерць.

І лекары крычаць, крычаць вар’яты

І можна тут сапраўдна звар’яцець.

А за сцяной вясна ды жыць не хочаш,

Бо немагчыма ў вар’ятоўні жыць,

І ўжо не поўню ў небе бачаць вочы,

Пятлю, якая кліча і гарыць,

Як бальшавіцкі сцяг служыў якому

І пад якім людзей катуе кат.

Не здрадзіў ты Айчыне і нікому

Не здрадзіш. Ты– змагар, а не вар’ят.

І заўтра, як сабаку, закапаюць

Цябе на ўскрайку парка ды і там

Твой чэрап беларускі адшукаем,

Нібы ў начы– бялюткі Храм… (В. Шніп)