Максім Гарэцкі
"Адметная рыса таленту Максіма Гарэцкага - яго блізкасць да народнай глебы, да вытокаў народнага жыцця, народнага светаўспрымання, вернасць нацыянальным мастацкім традыцыям і разам з тым імкненне засвоіць лепшыя дасягненні сусветнай літаратуры, мастацкага вопыту ўсяго чалавецтва". (Д. Бугаёў)
"Максім Гарэцкі свядома імкнуўся ўзняць прэстыж, эстэтычны ўзровень роднай мовы, паставіць беларускую літаратуру ўпроавень з развітымі літаратурамі свету". (Д. Бугаёў)
"Нашаму сучасніку Максім Іванавіч Гарэцкі блізкі глыбокай чалавечнасцю свайго таленту, высокай творчай непаўторнасцю аўтарскага стылю". (Д. Бугаёў)
"Максім Гарэцкі - постаць велічная, дыяпазон яго творчасці вельмі шырокі і багаты. Ён належаў да так званай залатой пяцёркі, у якую ўваходзілі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля і ён сам, Максім Гарэцкі". ("ЛіМ")
"Значную цікавасць з пункту погляду жанравага ўзбагачэння беларускай прозы маюць мемуары М. Гарэцкага аб імперыялістычнай вайне” . (Ю. Пшыркоў)
Балада Максіма Гарэцкага
(18.02.1893–20.03.1939)
Цёмна, цёмна ў родным краі.
На крыжах вятрыска грае.
Дзе святло? Святла няма.
Доўга цягнецца зіма.
Нібы воўк, завея вые.
Люд маўчыць. Няўжо – нямыя?
Да агню ідзе Максім.
Воўчы цень ідзе за ім.
А наўкол адна бядота,
І жыццё – нібы балота.
Што з таго, што ні граша!
Ёсць галоўнае - душа
У людзей, што ў родным свеце
Патаемна сняць аб леце.
Цёмна, цёмна – хоць ты плач, –
З неба зоры ўкраў крумкач.
Да святла дайсці ўсё ж трэба.
Тут зямля, тут наша неба,
Тут шынок, а тут турма,
Нават нашая зіма.
На крыжах завея грае.
Кожны крыж свой выбірае.
А ў Гарэцкага дарога –
Да вясны, Святла і Бога…
Дойдзе, дойдзе наш Максім.
Нам ісці лягчэй за ім. (В. Шніп)