Васіль Цяпінскі

Балада Васіля Цяпінскага

(1530-я-1599 або 1600)

Евангелле на мове роднай у руках

Трымаеш, як цагліну, што ў падмурак ляжа

Айчыны Храма, што не збурыцца ў вяках

І беларусам, як ты жыў, раскажа.

І чуе свет, што роднае любіць-не грэх,

Бо толькі роднае не здрадзіць нам ніколі.

Зноў на Айчыну сыплецца, як попел, снег,

Ды не схавае да друкарні сцежку ў полі

Ні снег, ні травы, што аднойчы аплятуць

І нашыя сляды, і замкі, і магілы.

І ты да нас ідзеш і за табой ідуць

Усе, каму наш родны край заўсёды мілы

І ў час завей, і ў час грымоты і дажджоў,

І ў здраднай цішыні, і ў час змагання,

Калі, нібы вада, ільецца наша кроў,

Што аніколі мёртваю вадой не стане,

Бо гэта наша кроў і ў ёй агонь жыве,

Які нам сцежкі да Айчыны асвятляе,

Як-і крыжы, што на касцёле і царкве.

Чужых крыжоў на Храмах нашых не бывае.

Евангелле на роднай мове мы ў руках

Трымаем, як цагліну, што ў званіцу ляжа

Айчыны Храма, што не збурыцца ў вяках

І заўтра ўсім пра час, дзе мы жылі, раскажа. (В. Шніп)