Яўгенія Янішчыц

«Гэта паэзія менш за ўсё «дамская», чытаць яе так, між іншым, нельга. Галоўная яе вартасць — у драматызме... Характар лірычнай гераіні, створаны на гэтай аснове, пераканальны шматграннасцю пачуццяў, перажыванняў — ці то гаворка ідзе пра нераздзеленае каханне, ці то пра ўрачыстасць яго. Адчай і трывога, радасць і смутак з'яднаны высокім напалам пачуццяў». (Р. Семашкевіч)


«Жанчыне адной цяжка. А калі жанчына яшчэ і зусім маладая... Ёй цяжэй непараўнальна! I адзінае выратаванне ў яе — вершы. Вершы! Яны рэжуць душу па-жывому. Але ж і нясуць ёй лекі». (А. Васілевіч)


"Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтак Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая" (В. Быкаў).


«Чытаючы такія радкі, дзівішся, як многа можа ўмясціць у сябе паэтычнае слова, калі яно выспела ў чулай і спагадлівай душы таленавітага майстра...». (Д. Бугаёў пра "Верш, напісаны ў цырульні")


Балада Яўгеніі Янішчыц

(20.11.1948-25.11.1988)

Жыццё кароткае, як ноч, што забівае,

І вечнае, як верш, які з душы ўсплывае,

Як з неба зорка, да якой ісці

Па вострых травах, залатым лісці

І быць сабой, як ластаўцы ў палёце,

Як водсвету агню на тонкім лёдзе,

Што ў лістападзе, як лязо нажа

Блішчыць і, як матыль, імкне душа

Ягонай наталіцца адзінотай,

Нібы агонь-апалаю лістотай…

Жыццё, нібыта геніяльны верш,

Кароткае і ў вершы ты жывеш,

Які ты нам, самотным, прысвячала,

Нібыта з неба зорку даставала,

Каб без цябе застаўшыся адны

Праз ноч змаглі дайсці мы да вясны,

Дзе зразумець, што ластаўка ў палёце,

Як водсветы агню ў анёльскім лёдзе… (В. Шніп)