Маці
Выказванні пра маці
Матуліны рукі нас песцяць, галубяць,
Так шчыра. як маці, ніхто нас не любіць.
Матуліны рукі - адзіныя ў свеце.
Шануцйе, любіце заўсёды іх, дзеці. (В. Вярба)
Дзякуй, маці, што мне падарыла
Ты любоў да зямлі сваёй роднай,
Дзе ўсміхаецца сонца так міла,
Дзе бягуць хвалі рэк мнагаводных. (Е. Лось)
Толькі любоў маці сапраўды мацнейшая за смерць. (І. Шамякін)
Жанчыны, маці-словатворцы,
У час калыханак вы склалі
Імя вясне, пчале і зорцы,
Усім добрым дзівам на зямлі. (А. Пысін)
Напэўна, ўжо матчына доля такая:
Сыноў гадаваць, выпраўляць у дарогу. (С. Грахоўскі)
Забудзь трывогу вечную сваю.
Прыляж, мая натомленая мама,
Як некалі ты мне, табе спаю. (Н. Мацяш)
Вярнуўшыся ў родную хату,
На родны прысеўшы парог,
Ты скажаш: "Дзень добры, мой тата!
Падумаць, прайшло столькі год..."
Маршчыністы твар усміхнецца
І скажа: "Мінаюць гады,
Але застаюцца навечна
Святымі - сям'я, дом, бацькі!" (А. Янкоўскі)
Ёй, маці, можна сказаць пра ўсё. (І. Шамякін)
Голас незнаёмага можа здзівіць,
Голас друга - на хвіліну спыніць,
Голас любай - сагрэць сонцам лета,
Голас маці - вярнуць з таго свету (М. Танк)
Але ўсё ж гэта вялікае шчасце - быць маці. (І. Шамякін)
Як сцвярджаюць і богі, і людзі, -
Шанаваннем бацькоў ахіні -
І цябе на зямлі добра будзе.
І твае да прадоўжацца дні. (Т. Дзям'янава)
Калі нам бывае асабліва цяжка ў жыцці, мы заўсёды ўспамінаем маці. (Л. Дайнека)
Толькі маці і зямля, яны ж абедзве жанчыны, разумеюць сэнс жыцця, нас, дзяцей сваіх.
Экзюперы назваў зямлю нашу планетай людзей.
Я назваў бы - планетай Матуль (Р. Барадулін).
У туманнасцях ускалмачаных,
Дзе касмічныя завірухі.
Нам прыпомняцца рукі матчыны,
Што люлялі калыску, рукі. (Р. Барадулін)
Матчыны пачуцці, яе настрой, яе хваляванні перадаюцца дзіцяці. (В. Вітка)
Непрыгожых мам і бабуль - не бывае. (Я. Брыль)
Бацька прыйшоў,
На парозе прысеў,
З працы нібыта вярнуўся дахаты:
- Што ж ты адрокся, сынок, як і ўсе?
Што ж не адведаеш таты? (М. Скобла)
Няма нічога лепшага за раніцу ў матчынай хаце. (М. Хведаровіч)
Матчыны рукі ніколі не чуюць цяжару свайго дзіцяці. (Р. Сабаленка)
Калі жывуць яшчэ бацькі,
Заўсёды знойдзеш ты прытулак.
Яны - твой тыл і паратунак,
Калі жывуць яшчэ бацькі. (А. Грачанікаў)
Я маці абавязан кожнай рыскаю,
Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю -
Усім. чым працы абавязан стол. (А. Куляшоў)
Маці шчаслівая сынам любуецца. (П.Панчанка)
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
І не страціў святое штосьці. (Р. Барадулін)
І колькі б разоў я ні вяртаўся ў творчасці да вобраза старой, па-народнаму мудрай жанчыны-маці - перш за ўсё мне ўспамінаецца свая. Нястомная, суровая і добрая. (Я. Брыль)
Свеціць, як сонца, ад самай калыскі
Вобраз любімы, родны і блізкі.
Маміна імя самае лепшае.
Маміна слова найдаражэйшае (М. Хведаровіч)
Адна, ля вярбы надламанай
Стаіць пасівелая маці,
Глядзіць і маўчыць, і чагосьці
Не можа ніяк зразумець. (П. Панчанка)
Найвышэйшая ўлада на свеце - матчына. (М. Лужанін)
Вось буслава гняздо над старай хатай
Вячэрнім, залатым агнём гарыць
І там, ля пуні, дзе вішняк калматы,
Сплятае сетку бацька мой стары. (У. Караткевіч)
Каб было ў цябе шчасця багата
І не скрэбліся кошкі ў душы,
Карані свае - маці і тату -
Нібы вока сваё, беражы. (Т. Дзям'янава)
Жанатыя і халастыя,
Успамінайце кожны раз,
Што ўсё жанкі крыху святыя,
Што маці нарадзіла вас. (С. Грахоўскі)
Маці заўсёды патрабавала ад нас гаварыць праўду, не ашукваць, не крыўдзіць слабых і паважаць старэйшых. (У. Дамашэвіч)
Самыя раннія - веснія воды,
Самыя познія - цені змяркання.
Самыя лёгкія - шчасныя годы,
Самыя цяжкія - слёзы расстання,
Самыя ціхія - сцежкі дубровы,
Самыя звонкія - родныя гукі,
Самыя чэрствыя - крыўдныя словы,
Самыя мяккія - матчыны рукі. (М. Танк)
У матулі стол не пустуе -
Чым багата, тым пачастуе. (Д. Бічэль)
І па якіх дарогах ні паеду,
І па якіх марах ні паплыву,
І дзе ні прыпынюся, - маці, ведай:
Тваім жыццём, табой адной жыву. (П. Панчанка)
Неадступным стала жаданне расказаць пра беларускую маму, беларускую матку, беларускую маці. (Ф. Янкоўскі)
Цалуйце рукі любыя матуль,
Прапахлыя калоссямі і сонцам.
3 душою, прачуленай да донца,
Цалуйце рукі любыя матуль.
Не забывайце, што для іх бясконца
Цяжэе вечных клопатаў хатуль.
Цалуйце рукі любыя матуль,
Прапахлыя калоссямі і сонцам (М. Пазнякоў).
Людзі, ні на секунду не забывайце,
хто даў вам жыццё, хто беражліва
насіў вас пад сваім сэрцам...
Матуля — Божая пасланніца на зямлі.
У ёй — святы дух... (У. Ліпскі)
Радзіма пачынаецца з жанчыны.
Я гэта адчуваў, а ўразумець
яшчэ не мог — дзіцём шчапаў лучыну,
каб хворую матулю адагрэць,
і разам з ёй да позняе гадзіны
мы слухалі трывожна крыгалом,
не ведаў я, што грэў тады Радзіму
і не падманным, а жывым агнём (А. Сыс).
Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль.
І гэты свет сагрэлі нам матулі (Р. Барадулін).
Сцежкі маленства, сцежкі маленства!..
Часцей бы да вас нам усім прычашчацца,
Ад бруду ўсялякага ачышчацца.
Лячыцца вашых крыніц чысцінёю
Ды матчынаю слязою святою (К. Цвірка)
Ты, мама, да канца
Пакорліва-святая. (Я. Янішчыц)
А па шчацэ расхваляванай маці
Плыве ці то дажджынка, ці сляза. (С. Грахоўскі)
Рукі ў цябе добрыя, тонкія,
Літасцівая мама. (В. Вярба)
Ты — маці, ты — на ўсё гатова,
Усё — змагчы, усё — аддаць.
Адно б вясёлых ды здаровых
Дзяцей пад сонцам аглядаць (Н. Гілевіч).
Мы верым, што згінуць і войны, і зло,
Зямля наша стане шчасліваю самай,
Бо вы — наша праўда, цяпло і святло,
Любімыя мамы (Х. Гурыновіч)
Мама... Якое слова можа з ім параўнацца?
Мама... У гэтым слове ласка і пачуццё.
Бачыш, сынок маленькі сонейку ўсміхаецца,
Ты яму, любая мама, сонца дала і жыццё (В. Шымук).
Не збаіцца ніхто самай лютае смерці,
Пакуль кліча ў жыццё нас матуліна сэрца (Ю. Чычкоў).
Самыя добрыя вочы — маміны.
Самыя дбайныя рукі — маміны.
Самае чуйнае сэрца — маміна.
Самая шчырая песня — маміна.
Самая светлая радасць — маміна (М. Пазнякоў).
Дзякуй, Мама, за чуйнае сэрца
Якім ты мяне надзяліла.
Свет шырокі наўкруг —
Дзякуй, Мама, за крылы.
Дзякуйза шчырасць, Мама,
Якой адпусціла нямала,
I за роднае слова,
Што пайшло на аснову
Працы маёй найпершай.
Дзякуй, Мама (Н. Загорская).
I за ўсё ўдзячны табе, Мама. Ты — жывая вада для мяне, мора духоўнага багацця. Ты — жыццёвая зорка, па якой звяраю свой шлях на зямлі. 3 тваім вобразам буду і далей сустракаць узыход сонца, радавацца кожнаму падараванаму мне дзянёчку. I не стамлюся гэта рабіць датуль, пакуль будзе гарэць мая свечка.
Мацуй, Мама, мяне ў веры, надзеі і любові. Будзь і надалей мудрай дарадцай на жыццёвым шляху. Ахоўвай ад усялякага ліха, якое пільнуе жывых на кожным кроку. Прысніся, каб апярэдзіць бяду, пакажыся на небе зіхатлівай зоркай — як знак маёй бяспекі.
Мама! Ты ў сэрцы маім. Цяпер, і ўвесь час, і на вякі вякоў. Амін (У. Ліпскі).
Я гляджу ў яе /маці/ вочы,
Што свецяцца шчасцем...
І хілюся да сэрца...
А трэба ўпасці
Перад ёю - нядужай, сівой -
На калені. (Н. Гілевіч)
Жаночае сэрца робіцца вялікае, як свет, калі яно чуе боль пакрыўджанага дзіцяці. (К. Чорны)
Амаль кожную ноч снілася маці. Маладая, вясёлая, клапатлівая, ласкавая. (І. Новікаў)
Як жывая паўстала ў памяці маці - маладая і прыгожая, але не такая прыветная і пяшчотная, як была заўсёды. (В. Быкаў)
У жыцці маім слова найпершае «мама»
I цяпер для мяне сама міла гучыць (Н. Гілевіч)
Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя,
Пакуль дымяцца коміны - нагрэйцеся ў бацькоў.
Калі адчай вякоў гайнёй ваўкоў завые,
Не трэба анікому ён, сум ля сляпых слупкоў. (Р. Барадулін)
Два сонцы ёсць.
Адно нам свеціць з неба.
Другое - мама - грэе на зямлі (С. Басуматрава)
Не знаю,
Ці ёсць жыццё
На нейкіх зорках.
Я знаў толькі адну зорку —
Пяцікрылую далонь маці,
На якой выраслі
Мы, наш хлеб, нашы песні.
Святло якой Вечна струменіць (М. Танк)
Ад маці
Ўся мая навука,
А ўсё астатняе —
Пасля.
Ад маці —
Радасці і мука,
А маці — родная зямля (С. Грахоўскі)
Ёсць матчына любоў.
Яна нам свеціць
I ў блізкай, і ў далёкай старане.
I колькі б я ні жыў на гэтым свеце,
Любі адною — матчынай! — мяне (Ю. Свірка)
Свеціць як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
Маміна імя
Самае лепшае,
Маміна слова
Найдаражэйшае.
Мама! Матуля! –
Чароўнае слова
Песняй ласкавай
Гучыць на ўсіх мовах (М. Хведаровіч).
I ніхто, ніхто на свеце
Не заменіць маму дзецям (Л. Андрэева).
Першы голас, які я пачула на свеце,
Быў голас маці.
Калыханку пад месяцам і на дасвецці
Спявала мне маці.
Гэта - першая песня
I першае слова
Зямлі маёй весняй.
Гэта - ціхая ласка I мары ахова.
Дзякуй, маці, за песню! (Э. Агняцвет)
Свет вялікі... Словы, словы...
Колькі іх - і не злічыць!
Слова ж “мама” на ўсіх мовах
Толькі мамаю гучыць (А. Бачыла).
Мама ўмела слухаць, як ніхто. (В. Гапееў).
Светлы месяц у акне.
Воблік мамы над зямлёю (І. Рубін).
Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль,
I гэты свет
Сагрэлі нам матулі.
Сны нашы - і
Дабравеснікі адтуль,
Дзе злыбяду матулі прыгарнулі,
Прыспалі,
Каб не кратала сыноў
Пасланніца эпохі лесуноў (Р. Барадулін).
Ты мне родная самая
Па душы, па крыві.
Ты жыві, мая мама,
Доўга, доўга жыві (Г. Бураўкін).