Андрэй Мрый

Балада Андрэя Мрыя

(1.09.1893–8.10.1943)

Ты едзеш на Радзіму паміраць–

Такую радасць даў табе Гулаг.

Наўкол снягі і, нібы кроў, зара

За цягніком па дрэвах, як гарах,

Цячэ і намывае ў сэрца сум

Па тых часах, калі шчаслівым быў.

І не хаваеш ад людзей слязу,

Нібы жыццё, якое ўжо пражыў.

Ты едзеш на Радзіму паміраць.

А на Радзіме трэці год вайна.

І твой вагон– вялізная труна,

І колы ўсю дарогу грукацяць,

Як малаткі грукочуць па цвіках.

Тваё жыццё губляецца ў снягах.

Твая ж душа, як рукапісы кніг,

А рукапісы кніг, нібы душа,

Гараць і застаюцца ля жывых,

Як кветкі палявыя ля крыжа,

Дзе ты забіты нелюдзьмі ляжыш,

І вецер з Беларусі твой цалуе крыж… (В. Шніп)