Зямля

Зямля была і вечна ёю будзе,

Калі не ўчынім самі мы бяды... (А. Бачыла)


Як мёд пчала збірае рупна ў соты,

Збіраем скарб з зямлі і з-пад зямлі. (Я. Купала)


Здабывае ў глыбокіх шахтах

Соль зямлі беларускі шахцёр. (М. Хведаровіч)


Здаецца, у зямлі і паху асаблівага няма. А з яе, апладнёнай працаю, нараджаюцца ўсе пахі. (Я. Сіпакоў)


Зямля гасцінна засцілае

Абрус зялёны свой на стол. (Я. Колас)


Зямля Беларусі! Бары і дубровы,

Жытнёвае поле, шаўковы мурог,

У промнях рабіны заход вечаровы,

Што клёкат буслоў - ручаёў перамовы

І ў шумных прысадах істужкі дарог.

Зямля Беларусі! Вачамі азёраў

Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс,

Начамі, што яблыкі, падаюць зоры,

Знікаюць, па водах, па чорных разорах,

Па травах, абсыпаных кроплямі рос. (П. Броўка)


Пахла зямля карою дрэваў, халодным карэннем мокрага зелля рэкавых берагоў, з дна рэчак. (К. Чорны)


Зямля буяла пад шчодрым сонцам, пад лагодным небам. (І. Мележ)


І зноў на глебе хоча засяродзіцца

Цяжарная і чыстая зямля,

Як багародзіца (П. Макаль).


Ад начных замаразкаў зямля стала крамяністай... (М.Ткачоў).


Зямля - наша багацце, і яе трэба берагчы. ("Звязда")


Мы знаем: у нашай краіне

Няма непрыгожай зямлі. (П. Панчанка)


Зямля дыхае глыбока, на поўныя грудзі. (В. Жуковіч)


Вачам адкрыўся незабыўны малюнак: зямля свяцілася, зямля гаварыла. (Я. Колас)


Да рук ліпла пульхная зямля, раса сцюдзёніла пальцы (Б. Сачанка).


Зямля наша - самы святы запаведнік -

І трэба, як маці, яе берагчы. (П. Панчанка)


Шыр запахне раллёй, жыватворчай зямлёй (З. Бядуля).


Трызніць самлелая зямля

Аб росах, аб дажджы і громе (С. Грахоўскі).


З ласкі шчодрае зямлі

Тут кожны атрымаў

Па сто хваін, па дзесяць ліп,

Па мору чыстых траў (П. Панчанка).


Навокал у шэрым туманістым мроіве ляжала золкая веснавая зямля (В. Быкаў).


На сырой прыляж зямельцы,

Атулісь касою,

Няхай сэрцайка дзявоча

Прыйдзе да спакою (Я. Купала).


Ганчар змушае гліну

Ператварыцца ў збаны...

Араты — зямлю-карміцельку

Жывучы хлеб нараджаць (М.Танк).


Над ціхай талаю зямлёю

Навісла ночка той парою (Я. Колас).


Наскочыў мароз — закарэла гразь, умерзла і аж патрэскалася голая зямля, стала цупкаю і гулкаю, як бубен, калі па ёй ехаць калясьмі (І. Капыловіч).


Тут кожны куст трывожнаю парой

Хаваў мяне. Тут да зямлі халоднай і сырой

Я прыпадаў, як да матулі роднай (Н. Гілевіч).


Сцякае сонца з мокрых грон

Зямлі абетаванай,

Калі зімовы першы гром

Грукоча над Гаванай (Р. Барадулін).


Чуваць, як знізу парасткі тугія

Свідруюць пласт абвугленай зямлі (М. Аўрамчык).


Пад вечар, калі чырвонае сонца сцякала за лес, апусцелая, няласкавая зямля стыла на холадзе (І. Мележ).


Мне зямля твая, горад, — атрутная, злая, чужая — стала роднай зямлёй (У. Някляеў).